На экспертным савеце ў Савеце Рэспублікі абмеркавалі законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Законапраект, па словах Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, па даручэнні Прэзідэнта шырока абмяркоўваўся ў працоўных калектывах, з удзелам грамадскасці. Прапанаваныя змяненні забяспечваюць індывідуалізацыю крымінальнай адказнасці, узмацняюць гуманістычную накіраванасць крымінальнага заканадаўства, гарантуюць збалансаванасць яго норм.
Дакументам карэкціруюцца палажэнні Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У прыватнасці, перагледжаны санкцыі каля 130 саставаў злачынстваў, у тым ліку каля 70 саставаў дапоўнены альтэрнатыўнымі відамі пакарання. Па шэрагу злачынстваў, у тым ліку эканамічнай накіраванасці, прадугледжваецца змякчэнне пакарання. Ёсць прапанова не прымяняць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да жанчын і адзінокіх мужчын, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама да непаўналетніх і інвалідаў пры ўмове, калі злачынства ўчынена імі ўпершыню і не звязана з замахам на жыццё і здароўе чалавека або экстрэмісцкай дзейнасцю.
Як звярнуў увагу ў размове з журналістамі намеснік старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка, законапраект прайшоў усе стадыі абмеркавання на ўсіх узроўнях. «Пачынаючы з дыялогавых пляцовак у калектывах, працоўных груп, дзе спецыялісты выказвалі, з аднаго боку, сваё меркаванне, з другога — перспектыўна прагназавалі і мадэлявалі варыянты развіцця падзей у выпадку прыняцця гэтага закона, — канкрэтызаваў ён. — Парламентарыі, эксперты, якія працуюць над законапраектам, робяць усё для таго, каб ніякіх негатыўных наступстваў пры прыёме палажэнняў нарматыўнага прававога акта не было».
У аснове законапраекта — змяненні тэрмінаў пакарання за шматлікага роду злачынствы. Гэта, па словах намесніка старшыні Савета Рэспублікі, сведчыць аб сацыяльным падыходзе ў адносінах да людзей як судовых органаў, так і органаў унутраных спраў, сілавых структур і іншых. Пры гэтым Сяргей Хаменка заўважыў, што ў Беларусі ўзровень злачыннасці адзін з самых нізкіх у краінах СНД.
Па словах сенатара, практыка правядзення экспертных саветаў пры Савеце Рэспублікі з’яўляецца ўзорам юрыдычнага алгарытму, які склаўся ў нашай краіне і працуе для народа. Сяргей Хаменка падкрэсліў, што сумесны разгляд законапраектаў — гэта прыклад эфектыўнага ўзаемадзеяння дзвюх палат парламента. «Многія зайздросцяць той практычнай рэалізацыі законаў, якая склалася ў нас у краіне, — удакладніў ён. — Гэта самая лепшая ацэнка».
Акрамя таго, члены экспертнага савета разгледзелі праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Дакументам карэкціруецца Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2006 г. № 719 «Пытанні цэнтральных органаў ваеннага кіравання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь». Праект указа накіраваны на прывядзенне палажэнняў аб Міністэрстве абароны і Генеральным штабе Узброеных Сіл у адпаведнасць з Ваеннай дактрынай Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, удакладняецца прынцып размеркавання паўнамоцтваў Мінабароны і Генеральнага штаба па пытаннях гарантавання ваеннай бяспекі і абароны.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.