Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што Прэзідэнт Беларусі на сесіі Савета калектыўнай бяспекі, якая адбылася 28 лістапада ў Астане, падкрэсліў, што АДКБ павінна стаць адной з ваенна-палітычных апор архітэктуры бяспекі Еўразійскага кантынента, якая фарміруецца, задаваць трэнд парадку дня рэгіянальнай бяспекі. Контуры гэтай архітэктуры бяспекі, па словах спікера, закладзены ў Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXІ стагоддзі — дакуменце, падпісаным кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі ў Брэсце ў лістападзе бягучага года. Гэтая ініцыятыва, па меркаванні Ігара Сергяенкі, павінна паскорыць працэсы палітычнай, эканамічнай і іншай кансалідацыі ў мэтах забеспячэння бяспекі, стратэгічнай стабільнасці і прагрэсіўнага развіцця краін і народаў.
«Кіраўнік нашай дзяржавы заклікаў „адысці ад забабонаў і стэрэатыпаў і пачаць карпатліва выбудоўваць дыялог, крок за крокам шукаць кропкі судакранання і збліжэння“, — канстатаваў Ігар Сергяенка. — Ён выступіў за стварэнне агульнай прасторы даверу і супрацоўніцтва, за аб’яднанне краін не супраць каго-небудзь, а ў імя агульнай мэты, каб пазбегнуць фатальнага цывілізацыйнага разлому. Ключавы прынцып пабудовы новай сістэмы заключаецца ў непадзельнасці бяспекі: бяспека адных не можа забяспечвацца за кошт бяспекі іншых».
Па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, гэты тэзіс поўнасцю адпавядае духу АДКБ, пазіцыі лідараў дзяржаў, якія заклікаюць адысці ад блокавага мыслення і сканцэнтраваць намаганні на ўстараненні сапраўдных пагроз сучаснаму свету. «Гэта эканамічная няроўнасць Поўначы і Поўдня, кліматычныя змяненні і абмежаванне доступу да зялёных тэхналогій, міжнародны тэрарызм і арганізаваная злачыннасць, — канкрэтызаваў ён. — На жаль, пералік гэтых праблем даволі шырокі».
Свой уклад у пабудову роўнай непадзельнай еўразійскай бяспекі, як падкрэсліў Ігар Сергяенка, можа і абавязана ўнесці парламенцкая дыпламатыя, якая, па сутнасці, з’яўляецца сімбіёзам афіцыйнай і народнай дыпламатыі. «Выказаная кіраўнікамі дзяржаў у ходзе нядаўняй сесіі Савета Калектыўнай бяспекі АДКБ у Астане ідэя актывізацыі дыялогу еўразійскіх шматбаковых міжнародных арганізацый павінна атрымаць усямерную падтрымку Парламенцкай асамблеі АДКБ, — перакананы спікер. — Размова ідзе перш за ўсё аб АСЕАН, АДКБ, ШАС, СНД, Нарадзе па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі. Важна таксама пашыраць супрацоўніцтва з вядучымі сусветнымі аб’яднаннямі. Мы вітаем прыняцце ў лістападзе бягучага года на 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН рэзалюцыі аб супрацоўніцтве паміж Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый і АДКБ».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што нядаўна жыхары нашай краіны адзначылі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У наступным годзе будзе адзначацца 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «З гэтай вайны мы вынеслі галоўны ўрок: нацызм — абсалютнае зло, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — Злачынствам фашыстаў няма і не можа быць апраўдання і прабачэння. Ні тады, ні цяпер, ні ў будучыні. Перад цяперашнім пакаленнем стаіць не менш сур’ёзная задача — не дапусціць фальсіфікацыі гісторыі, рэвізіі вынікаў вайны і прыніжэння ролі савецкага народа ў вызваленні Еўропы ад „карычневай чумы“. Мы бачым, як у краінах Захаду разбураюць помнікі савецкім воінам, узводзяць мемарыялы нацыстам і іх памагатым, ушаноўваюць ветэранаў СС і, што асабліва небяспечна, рыхтуюць грамадскае меркаванне да новага паходу на Усход».
У сувязі з гэтым спікер назваў своечасовым запланаванае на пасяджэнні прыняцце звароту ПА АДКБ да народаў дзяржаў — членаў арганізацыі і парламентарыяў краін свету ў сувязі з 80-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
«Ва ўмовах татальнай мілітарызацыі планеты, імклівай дэградацыі міжнароднага права і адмовы Захаду ад прынцыпу непадзельнасці бяспекі павінен гучаць голас праўды і розуму, — заявіў ён. — Адной з прычын новай сусветнай вайны, у якую нас спрабуюць уцягнуць, з’яўляецца крах заходняй, каланіяльнай па сваёй сутнасці, мадэлі эканамічных адносін, менавіта таму краіны глабальнай большасці спрабуюць выбудаваць справядлівую, шматбаковую сістэму, у якой няма месца пратэкцыянізму, нелегітымным санкцыям і палітызацыі эканамічных адносін».
На пляцоўцы сумеснага пасяджэння Савета і 17-га пленарнага пасяджэння Парламенцкай асамблеі АДКБ Старшыня Палаты прадстаўнікоў запрасіў дэлегацыю ПА АДКБ узяць удзел у назіранні за выбарамі Прэзідэнта Беларусі. Парламенцкая асамблея АДКБ прагаласавала за прыняцце гэтага запрашэння.
Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.