Вы тут

Качанава сустрэлася з губернатарам Ніжагародскай вобласці


Найперш Старшыня Савета Рэспублікі павіншавала расійскіх калег з 25-годдзем Дагавора аб Саюзнай дзяржаве. «Жыццё пацвердзіла, што прынятае 25 гадоў таму рашэнне было абсалютна вернае», — лічыць Наталля Качанава. І гэта, па яе словах, датычыцца не толькі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, работы ў санкцыйным рэжыме. «Мы супрацоўнічаем абсалютна па ўсіх кірунках, мы сапраўдныя братэрскія народы, якія глядзяць у кірунку міру, стваральнай працы, супрацоўніцтва, — падкрэсліла спікер. — Гэта тое, што вызначае наша ўнутрыпалітычнае развіццё».


«Мы зацікаўлены ў міжрэгіянальным супрацоўніцтве» 

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. «Таму мы шчыра зацікаўлены ў міжрэгіянальным супрацоўніцтве, — канстатавала яна. — З задавальненнем адзначаем, што ў гэтым кірунку, як і ва ўсіх астатніх, у нас супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй дастаткова паспяховае». Спікер акцэнтавала ўвагу, што за 9 месяцаў гэтага года ў нашу краіну было ажыццёўлена 40 візітаў кіраўнікоў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. За гэты ж перыяд Расію наведалі 70 беларускіх дэлегацый.

«Для нас гэта важна яшчэ і таму, што вось ужо аддзінаццаць форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі мы правялі сумесна з Саветам Федэрацыі», — патлумачыла спікер. ⅩⅠⅠ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Ніжнім Ноўгарадзе ў 2025 годзе. Беларускі бок, як канстатавала Наталля Качанава, ужо рыхтуецца да гэтага мерапрыемства. У бліжэйшы час, па яе словах, будзе праведзена першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта.

Старшыня Савета Рэспублікі выказала ўпэўненасць, што Форум рэгіёнаў, які пройдзе ў Ніжнім Ноўгарадзе, надасць новы імпульс эканамічнаму супрацоўніцтву дзвюх краін. «Мы са свайго боку, па даручэнні Прэзідэнта, будзем выконваць і імкнуцца рабіць усё дзеля таго, каб наша супрацоўніцтва з Ніжагародскай вобласцю было яшчэ больш эфектыўным», — падкрэсліла яна. 

У сваю чаргу, Глеб Нікіцін адзначыў, што тэматыка форуму рэгіёнаў, якая заяўлена як «Моладзь Расіі і Беларусі», абсалютна блізкая іх вобласці. «Мы былі першай маладзёжнай сталіцай Расіі ў мінулым годзе, — патлумачыў ён. — Па ўсіх флагманскіх праектах у нас рост моладзі. У нашага рэгіёна профіль — моладзь на дзяржслужбе». 

У Ніжнім Ноўгарадзе — Генконсульства Беларусі

У размове з журналістамі губернатар Ніжагародскай вобласці падвёў вынікі плённага працоўнага дня, праведзенага ў нашай краіне. «Прайшоў 19-ты Савет дзелавога супрацоўніцтва, па ўсіх абсалютна галінах, па якіх створаны падгрупы, — канкрэтызаваў ён. — Дамовіліся і аб дадатковых сферах ужо ўнутры буйных галін. Натуральна, гэта супрацоўніцтва ў высокатэхналагічных галінах прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Знакамітую беларускую бульбу будзем садзіць у Ніжагародскай вобласці. Гуманітарная сфера: абмен студэнцкімі дэлегацыямі, работа міжвузаўскіх камісій і камітэтаў, узаемнае прыцягненне хлопцаў і дзяўчат для атрымання адукацыі». 

Кажучы аб Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прыме Ніжні Ноўгарад, Глеб Нікіцін лічыць асабліва важным, што ён праходзіць пад патранажам верхніх палат парламентаў дзвюх краін. «З Наталляй Іванаўнай Качанавай падрабязнейшым чынам абмеркавалі, якія патрабаванні ў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь да правядзення форуму, — удакладніў губернатар. — Дамовіліся, што ў Ніжнім Ноўгарадзе форум павінен прайсці на самым высокім узроўні, каб задаць планку на наступныя гады». 

Кіраўнік Ніжагародскай вобласці паведаміў, што ў рамках Форуму рэгіёнаў плануецца адкрыць Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь. «Для нас гэты форум надзвычай важны, бо настолькі шчыльнага ўзаемадзеяння ў нас з ніякімі іншымі краінамі няма, — рэзюмаваў губернатар. — Калі казаць пра эканоміку, то Беларусь — на другім месцы пасля Кітайскай Народнай Рэспублікі. Акрамя эканомікі, ёсць сувязі — гуманітарныя, гістарычныя. І, вядома, для нас беларусы абсалютна родныя. Таму мы на самым высокім узроўні будзем і далей удзяляць увагу нашаму супрацоўніцтву». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.