Вы тут

Філфаку БДУ — 85 гадоў!


Без перабольшання самае творчае навучальнае падраздзяленне ўніверсітэта за гады існавання выпусціла са сваіх сцен цэлую плеяду пісьменнікаў, паэтаў і вучоных, якія праславілі Беларусь. І да гэтага дня на філфак паступаюць абітурыенты аднаго ўзроўню — у пераважнай большасці моладзь прыходзіць сюды па перакананні, якое нараджаецца ў сям’і: без прагматызму і чакання вялікага заробку. Сюды ідуць атрымліваць адукацыю і насычацца культурай. Мусіць, таму думка аб адкрыцці новай спецыяльнасці — «Пісьменнік» — прыйшла менавіта на гэты факультэт і ўсё больш здабывае рысы рэальнасці. Дэкан факультэта Сяргей Важнік — кандыдат філалагічных навук, дацэнт, сам скончыў філфак і ўсё сваё далейшае жыццё звязаў з філалогіяй і БДУ. Ён тры гады ўзначальвае факультэт. І сёння наша размова з ім пра гісторыю і сучаснасць філфака, пра студэнтаў, іх памкненні і асаблівасці матывацыі.


Класіка ў класіцы

— Сяргей Аляксандравіч, пытанне традыцыйнае для кіраўніка, які спасцігаў веды ў тых жа аўдыторыях, у якіх сёння выкладае. Ці той факультэт? Ці змяніўся? Калі так, то наколькі?

— Гледзячы што вы маеце на ўвазе пад словам «той»: які быў раней ці той, які павінен быць у ідэале? Вядома ж, філфак змяніўся. І даволі істотна. Гэта змены рознага кшталту.

Па-першае, калі я вучыўся ў 90-я гады XX стагоддзя, тады было ўсяго дзве спецыяльнасці, а сёння іх шэсць. Да традыцыйных беларускай і рускай філалогіі дадаліся славянская, рамана-германская, класічная і ўсходняя (кітайская) філалогіі.

Па-другое, філфак памаладзеў. Гэта, з аднаго боку, добра, а з другога... «Старая гвардыя» паступова саступае месца моладзі, якой яшчэ вучыцца і вучыцца, каб і іх сталі называць «гвардыяй». Але гэта жыццё. Тут нічога не паробіш. Застаецца толькі працаваць і чакаць... (усмешка) калі зарунее.

— Што не мяняецца з гадамі?

— Філфак па-ранейшаму застаецца найбуйнейшым ва Усходняй Еўропе цэнтрам беларусістыкі, русістыкі і славістыкі. Тут у нас толькі два канкурэнты — Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава і Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. У Беларусі толькі філфак рыхтуе спецыялістаў па славянскіх мовах і літаратурах. У нас ёсць унікальная спецыяльнасць — «Класічная філалогія». Раз на чатыры гады мы выпускаем прафесіяналаў, якія валодаюць лацінскай, старажытнагрэчаскай і новагрэчаскай мовамі. Уявіце, гэтыя студэнты чытаюць у арыгінале Платона, Арыстоцеля, Сакрата і Авідзія! Яны ж потым выкладаюць латынь ва ўніверсітэтах, у тым ліку і медыцынскіх. Акрамя таго, філфак БДУ застаецца самым буйным цэнтрам, дзе навучаюць русістыцы замежных студэнтаў.

Нязменнай застаецца творчая атмасфера, што пануе на факультэце. Па традыцыі філфак БДУ — «радзіма» пісьменнікаў і паэтаў. Тут мы працягваем слаўныя традыцыі папярэднікаў. Невыпадкова сем з васямнаццаці народных паэтаў і пісьменнікаў вучыліся на філалагічным факультэце.

Факультэт дае ўніверсальную і фундаментальную адукацыю сваім выхаванцам, што дазваляе ім працаваць у розных сферах, у тым ліку і «нефілалагічных».

Мы не гонімся за моднымі тэндэнцыямі. Ва ўсе часы патрэбныя пісьменныя, начытаныя, добра адукаваныя спецыялісты з высокім агульнакультурным узроўнем, якія валодаюць навыкамі аналітычнай працы з тэкстам і камунікацыі на розных мовах, уключаючы замежныя.

— Моладзь, паступаючы на той ці іншы факультэт, заўсёды марыць пра большае. Якая матывацыя ў вашых абітурыентаў? Школьны настаўнік, на жаль, не самая папулярная прафесія сярод цяперашніх амбіцыйных і прагматычных маладых людзей.

— Да нас прыходзяць у большасці матываваныя дзяўчаты і хлопцы. Пагаджуся, ёсць і такія, хто не прайшоў па балах на іншыя «прэстыжныя» факультэты ці спецыяльнасці. Каб не марнаваць час, яны прыходзяць да нас. Некаторыя давучваюцца, некаторыя кідаюць. Але тыя, хто прыйшоў менавіта на наш факультэт, — людзі творчыя, якія сапраўды мараць рабіць нешта сваё і чагосьці ў жыцці дасягнуць. Пісаць, напрыклад, вершы ці раманы, кінасцэнарыі, п’есы, а некаторыя звязваюць сваю будучыню з навуковай кар’ерай. У нас ёсць студэнты, якія ўжо маюць публікацыі ў базе «Scopus». Не ўсе выкладчыкі маюць такія публікацыі!

Больш за тое, бацькі, сваякі для студэнтаў таксама з’яўляюцца добрым прыкладам. Бываюць нават філалагічныя дынастыі — у нас вучылася мама, праходзіць час — і на філфак паступае дачка ці сын. У некаторых сем’ях студэнтамі факультэта былі бабуля ці дзядуля. У такіх сем’ях дзеці бачаць і разумеюць, што такое філфак і якія магчымасці ён дае для рэалізацыі паспяховай кар’еры. Праверана жыццём, так бы мовіць.

Моладзь сёння прагматычная: хоча ўсё і адразу. Але збольшага да нас прыходзяць сапраўдныя рамантыкі і патрыёты, гатовыя займацца вывучэннем і захаваннем свайго — беларускага.

Што датычыць школы. Паверце, школа сёння не горшы варыянт для працаўладкавання. Паглядзіце, якія сёння заробкі ў школах і гімназіях! А на нядаўняй сустрэчы парламентарыяў са студэнтамі факультэта прадстаўнікі дэпутацкага корпуса адзначылі, што заработную плату настаўнікаў плануецца павысіць. І гэта цудоўна і правільна! Гэтаксама, як і заробкі медыкаў. Бо будзе яшчэ большая матывацыя. А значыць, і ў адукацыю, і ў медыцыну прыйдуць лепей падрыхтаваныя спецыялісты.

Усходні вектар

— Як у вас развіваецца кітайскі напрамак?

— Паступальна. На кафедры кітайскай філалогіі ёсць носьбіты кітайскай мовы. Але за 20 гадоў існавання дадзенай кафедры мы выгадавалі сваіх кітаязнаўцаў. За пяць апошніх гадоў нашы выкладчыкі абаранілі тры кандыдацкія дысертацыі: дзве — па кітайскай літаратуры і адну — па мове.

У мінулым годзе на філалагічным факультэце адкрыты Цэнтр супастаўляльнага вывучэння беларускай і кітайскай традыцыйных народных культур. Кітайцам цікавы беларускі фальклор, а гэта значыць, што мы адкрылі новую «залатую жылу» ў нашых адносінах. Адзін аспірант з Кітая ўжо абараніў кандыдацкую дысертацыю на гэтую тэму, яшчэ тры яго суайчыннікі працуюць над кандыдацкімі працамі. Гэтая тэма сапраўды запатрабаваная. Чаму? Праз фальклор мы лепш бачым той ці іншы народ: яны лепш бачаць нас, а мы лепш бачым іх.

Што да папулярнасці, кітайская мова — ужо нумар адзін у нашай краіне, калі меркаваць па цікавасці абітурыентаў і іх бацькоў, якіх не падманеш. Нічога дзіўнага. Як кажа наш Прэзідэнт, моцны Кітай робіць і нашу краіну моцнай, улічваючы нашы сяброўскія адносіны.

— Якія спецыяльнасці выбіраюць кітайскія студэнты? Іх, як я паспела заўважыць, на факультэце нямала.

— У нас увогуле вучыцца каля 400 замежных студэнтаў, шмат з Паднябеснай, прычым не толькі дзяўчаты, нямала і юнакоў. Замежныя студэнты паступаюць да нас у асноўным на дзве спецыяльнасці — руская або англійская філалогія. Найбольш паспяховыя застаюцца, паступаюць у магістратуру, аспірантуру. Дарэчы, адзін магістрант зладзіў нам у мінулым годзе оперны канцэрт. Запрасіў на яго сваіх сяброў, выкладчыкаў. Як бачым, музыка, опернае мастацтва і філалогія ходзяць побач.

— Ці прадугледжана на факультэце траекторыя для маладых людзей з асаблівасцямі фізічнага развіцця? Размова ідзе аб інклюзіі.

— Як асобная такая траекторыя не выдзелена. Але прэцэдэнты ёсць. Сярод студэнтаў на спецыяльнасці «Англійская філалогія» вучыцца дзяўчынка Анастасія, якая не бачыць. Перш, чым паступіць на філфак, яна скончыла Мінскі дзяржаўны каледж лічбавых тэхналогій, дзе ёй прывілі ўсе патрэбныя ўменні і навыкі. Яна цудоўна набірае тэкст на клавіятуры ноўтбука. Цудоўна арыентуецца ў запісаных файлах. Калі б я сам на свае ўласныя вочы не ўбачыў гэтага, ніколі б не паверыў. Ведаеце, не кожны студэнт «са зрокам» так лёгка можа працаваць за камп’ютарам. Дарэчы, Анастасія збіраецца вяртацца ў каледж, каб выкладаць англійскую мову.

Слова аб слове

— Прыход у філалогію лічбавізацыі — працэс непазбежны. Аднак якую ролю ў жыцці і працы філолага адыгрывае ці павінна адыгрываць «папяровая» кніга?

— Паглядзіце, што знаходзіцца ў мяне за спінай — шафы з кнігамі. У мяне велізарная бібліятэка ў працоўным кабінеце і такая ж — дома. Ёсць яшчэ архіў. Я па натуры кніжнік, а ў кнігарню мне лепш не зазіраць, бо адтуль абавязкова выйду з новай кнігай. Асабіста для мяне важна, каб у руках была менавіта кніга. Я не люблю карыстацца электроннымі выданнямі. Ёсць, вядома, выпадкі, калі без іх не абысціся. Але я стараюся зводзіць такія выпадкі да мінімуму. Нават калі пішу навуковы артыкул, то абавязкова раздрукоўваю яго, каб прачытаць «з ліста».

— Не баіцеся, што штучны інтэлект пакіне філолага без работы?

— Не, не баюся. Проста так многа сфер прымянення філалагічных талентаў, што сапраўдны філолаг без работы не застанецца. Дазволю сабе жарт: раней філолагі вучылі людзей, а цяпер яны навучаюць штучны інтэлект. Без лінгвістычных распрацовак у галіне інтэртэкстуальнасці і гіпертэкставых спасылак не было б і сусветнай павуціны. Без філолага, як бачым, і не туды, і не сюды... Ёсць, канешне, пэўная рызыка. Лінгвісты-перакладчыкі, напрыклад, баяцца, што штучны інтэлект зойме іх месцы і зробіць іх незапатрабаванымі. Не трэба баяцца, бо толькі камп’ютар, які ёсць у галаве чалавека, здольны рабіць якасны пераклад. Са звычайным пісьмовым перакладам можа і штучны інтэлект справіцца. Але з сінхронным — ніколі.

— Студэнт, з аднаго боку, па сутнасці, — яшчэ дзіця, з другога — лічыць сябе дарослым чалавекам са сваім меркаваннем. Як, па-вашаму, пераканаць яго ў тым, што кніга лепшая за любы гаджэт, што яна жывая, з непаўторным пахам друкарскай фарбы?

— На філфак прыходзяць студэнты, якія ведаюць каштоўнасць кнігі і ў іх руках — таксама кніга. Некаторыя не выпускаюць яе з рук з дзяцінства. І тут шмат залежыць ад бацькоў. Ёсць сем’і, і іх нямала, дзе бацькі з малых пазногцяў прывіваюць сваім дзецям любоў да чытання. І гэта нашы людзі, якія, пасталеўшы, прыходзяць на філфак. Каб быць альбо пісьменнікамі, або прафесійнымі чытачамі.

Больш за тое, у нашых студэнтаў на кожнай спецыяльнасці — тры спісы літаратуры: па беларускай, рускай і замежнай літаратурах. Прачытаць усё за час навучання немагчыма, але нашы студэнты чытаюць класіку. І гэта дае свае вынікі. Быў час, калі нашы выпускнікі, напрыклад, сыходзілі ў спартыўную журналістыку і там станавіліся вельмі паспяховымі журналістамі. Яны пісалі цудоўныя рэпартажы з літаратурнымі рэмінісцэнцыямі і алюзіямі, і чытаць іх было — адно задавальненне. Чаму? Таму што гэтыя рэпартажы былі інтэлектуальнымі. Нашы выпускнікі ішлі працаваць таксама і на тэлебачанне, з такім жа вынікам. Яны чыталі і ведалі літаратуру, у іх была пастаўлена літаратурная мова, а веданне мовы і чытанне — гэта ключ да паспяховай камунікацыі, што вельмі важна ў сучасным свеце! Так што прывіваць любоў да кнігі нашым студэнтам не трэба, яна ўжо, так бы мовіць, «прышчэпленая». Мы толькі паглыбляем іх веды і пашыраем гарызонты. У тым ліку і кніжныя.

— Якім павінен быць сучасны выкладчык?

— Калі ты не слухаеш сучасную музыку, не ходзіш у спартыўную залу, на выставы, не цікавішся навінкамі літаратуры і кіно, то ты нецікавы моладзі. Працаваць з ёю не зможаш. Моладзь жыве ў сваім свеце, іншымі інтарэсамі. У яе свае літаратурныя густы. Усё гэта павінен ведаць і разумець сучасны педагог, каб быць са студэнтамі на адной хвалі і глядзець у адзін бок.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота з архіва Сяргея ВАЖНІКА

Загаловак у газеце: Філфак — гуманітарый з рысамі рамантыка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат