Каманды тыдня. Беларускія каманды сталі сярэбранымі прызёрамі шостага сезона Адзінай кантынентальнай лігі па баскетболе 3×3, што завяршыўся ў Калузе. У фінале мужчынскага турніру салігорскі «Шахцёр» уступіў расійскай камандзе «Біянорд ПОА» з Пермі з вынікам 14:22. У складзе салігорскай дружыны пад кіраўніцтвам Уладзіміра Агабаб’яна выступалі Сяргей Вабішчэвіч, Антон Зарэцкі, Аляксей Навойчык, Максім Каратцоў і Цімур Друкаў. У жаночым фінале зборная Беларусі ўступіла расійскаму клубу «ЦАП-Пецярбург» з лікам 12:21. У складзе беларускай каманды, якую трэніруе Наталля Ануфрыенка, выступалі Яна Галякова, Марыя Адашчык, Алена Цітавец, Анастасія Бабак і Марыя Ануфрыенка.
Намінацыі тыдня. Найлепшым футбалістам Беларусі гэтага года прызнаны галкіпер мінскага «Дынама» Фёдар Лапавухаў. Такі вынік традыцыйнага апытання АБФФ, у якім узялі ўдзел футбольныя спецыялісты і журналісты. У гэтым сезоне шмат у чым дзякуючы выдатнай гульні 21-гадовага варатара мінскія дынамаўцы другі раз запар сталі чэмпіёнамі краіны і прабіліся ў асноўны этап Лігі канферэнцый. Фёдар Лапавухаў таксама прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Беларусі і найлепшым маладым футбалістам Вышэйшай лігі. Сярод жанчын найлепшай футбалісткай краіны стала адна з лідараў зборнай Беларусі Анастасія Ліннік, якая выступае ў маскоўскім «Лакаматыве». Найлепшым трэнерам краіны прызнаны настаўнік мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка.
Медаль тыдня. Георгій Гурцыеў стаў сярэбраным прызёрам міжнародных спаборніцтваў World Taekwondo Grand Slam Challenge. Па ходзе турніру беларускі спартсмен, які выступае ў вагавой катэгорыі да 57 кг, пяць раз перамагаў, але ў фінале саступіў саперніку з Карэі. Дзякуючы гэтаму поспеху таэквандыст кваліфікаваўся на ліцэнзійны турнір 2026 года, дзе будуць разыграны пуцёўкі на наступныя Алімпійскія гульні.
Турнір тыдня. Беларускія біятланісты выступілі на другім этапе Кубка Расіі. Антон Смольскі заваяваў бронзавы медаль у гонцы пераследу. Да гэтага лідар нацыянальнай зборнай перамог у спрынце.
Перамога тыдня. Марыя Шканава атрымала першую перамогу ў новым сезоне розыгрышу Кубка Расіі па гарналыжным спорце. Беларуская спартсменка перамагла ў слаламе. Першую трасу яна пераадолела за 55,44 сек. У другой спробе Шканава зноў была найлепшай, паказаўшы вынік 57,50 сек. Па суме двух заездаў Марыя абышла ўсіх саперніц.
Поспех тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» паспяхова скончылі выязную серыю. Заключны матч серыі яны правялі ў Хабараўску, дзе перамаглі мясцовы «Амур» з вынікам 5:2. Да гэтага падчас свайго турнэ на Далёкі Усход «зубры» абыгралі «Сібір» з вынікам 5:4 і ўступілі «Адміралу» — 0:4. Далей сталічны клуб чакае 11-дзённая паўза ў рэгулярным чэмпіянаце, звязаная з перапынкам на міжнародныя матчы. Наступны паядынак у КХЛ «зубры» правядуць 18 снежня ў Чалябінску супраць «Трактара».
Надзеі тыдня. На кортах Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе завяршыўся фінальны этап шостага юнацкага турніру «Залатая ракетка». Пераможцамі турніру сталі выхаванцы мінскага Гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву (ГЦАР).
З лікам 6:3 яны абыгралі тэнісістаў сталічнай СДЮШАР «Змена». Бронзавымі прызёрамі сталі тэнісісты сталічнага клуба Yestoday.
Валерыя СЦЯЦКО
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.