Вы тут

Адзінства робіць нас мацнейшымі


Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя «Марафон адзінства» працягвае вандраваць па краіне. У мінулую суботу жыхары і госці Оршы развіталіся з акцыяй, спадзеючыся на новую сустрэчу. Чым былі насычаны два дні «Марафона» ў горадзе — у нашым рэпартажы.


Фабрыкі — рабочым і творчасці

Праект акцыі «Адну справу робім» вельмі чакалі ў Оршы. 6 снежня ў госці да работнікаў Аршанскага ільнокамбіната прыехалі іх калегі з ААТ «Сцяг індустрыялізацыі». Вытворчы цэх найбуйнейшага прадпрыемства рэгіёна ператварыўся ў яркую канцэртную пляцоўку. Генеральны дырэктар ільнокамбіната Алег Буянаў і дырэктар ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» Кацярына Маўчан выказалі словы падзякі арганізатарам праекта за магчымасць акунуцца ў атмасферу свята, а работнікі прадпрыемстваў змаглі задаць кіраўніцтву пытанні. Падчас урачыстай цырымоніі за дасягненне высокіх паказчыкаў у сумеснай дзейнасці па папулярызацыі беларускага лёну лепшыя працаўнікі двух прадпрыемстваў былі ўзнагароджаны падзякамі. Творчым падарункам для ўдзельнікаў праекта стала выступленне гурта «Аўра».

Абмеркаванне аграрных планаў на будучыню прайшло на базе агракамбіната «Юбілейны»: калектыў сельгаспрадпрыемства сустрэўся з работнікамі ААТ «Оршааграмаш». Звяртаючыся да ўдзельнікаў праекта, дырэктар ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» падкрэсліў, што прымаць на прадпрыемстве «Марафон адзінства» — гэта вялікі гонар і ў той жа час адказнасць. «Наш калектыў згуртаваны і накіраваны на поспех. Сёлета мы дасягнулі рэкордных паказчыкаў: сабрана 58 тысяч тон збожжа, ураджайнасць склала 60 цэнтнераў з гектара. Па малочнай прадукцыі плануем выйсці на вынік 52 тысячы тон у год. Агракамбінат ужо двойчы заносіўся на Рэспубліканскую дошку Гонару, і гэта заслуга ўсёй каманды», — сказаў Аляксандр Фірсін.

Праект «Адну справу робім» — гэта магчымасць для прадуктыўнага супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі, лічыць выконваючы абавязкі дырэктара ТАА «Оршааграмаш» Аляксандр Каваленка. «Наша супрацоўніцтва з агракамбінатам пачалося яшчэ ў 2010 годзе з паставак машын УПТС „Днепр“, якія да гэтага часу знаходзяцца ў эксплуатацыі. У гэтым годзе мы плануем аднавіць іх вытворчасць і абмеркаваць планы на 2025-2026 гады. Акрамя таго, разглядаецца пашырэнне партнёрства і распрацоўка новых праектаў для ўмацавання нашай прамысловай базы», — сказаў Аляксандр Каваленка.

Не абышлося на агракамбінаце без заслужаных узнагарод, кветак і падзяк. Яркім музычным сюрпрызам для работнікаў двух прадпрыемстваў стала выступленне Аляксандры Мелех і Яўгенія Ермалковіча.

«Разам працуем, разам спяваем!» — яшчэ адзін праект акцыі, прысвечаны працаўнікам. Для тых, хто праз вялікую нагрузку не можа прыйсці ў канцэртную залу, артысты прыехалі прама ў вытворчыя цэхі, даючы магчымасць адпачыць і пагрузіцца ў атмасферу свята. Такая творчая эстафета ў Оршы прыйшла на станказавод «Чырвоны барацьбіт», завод «Легмаш» і ААТ «Аршанскі інструментальны завод». 

«Для нас вялікі гонар прымаць у сябе такую значную акцыю, як „Марафон адзінства“, асабліва ў дзень, калі нашаму заводу спаўняецца 79 гадоў. Мы ўспрынялі гэта як падарунак не толькі ад арганізатараў, але і ад дзяржавы ў цэлым, як прызнанне заслуг нашых работнікаў. Упэўнены, што такія мерапрыемствы варта праводзіць на пастаяннай аснове — гэта абядноўвае калектыў і дазваляе падкрэсліць дасягненні прадпрыемства», — расказаў дырэктар завода «Легмаш» Уладзіслаў Паўленка. Ён падкрэсліў, што прадпрыемства актыўна развіваецца і ўпэўнена адчувае сябе ў сучасных умовах. «Наш завод працуе кругласутачна, 7 дзён на тыдзень, без перапынкаў, каб забяспечыць выкананне ўсіх заказаў. Гэта няпроста, але нашы людзі прывыклі працаваць з поўнай аддачай. Сённяшнія абёмы вытворчасці ўражваюць: за месяц мы выпускаем столькі ж прадукцыі, колькі ў 2022 годзе выпускалі за ўвесь год. Гэта паказчык стабільнага росту, і мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым», — дадаў дырэктар.

Не хаваў эмоцый і самы дасведчаны шліфоўшчык станказавода «Чырвоны барацьбіт» Аляксандр Шынкевіч. «За 52 гады працы на прадпрыемстве такое бачу ўпершыню. У цэху абсталявалі сцэну, паставілі святло. Усё, як на сапраўдным канцэрце. Складана словамі перадаць атмасферу таго, што адбываецца. Гэта цудоўна! Зносіны з артыстамі, іх выступленне напоўніла мяне асаблівай энергетыкай. Настрой выдатны, адчуваю сябе нібы на свяце. Напэўна, такія праекты і ёсць свята, якое дае магчымасць усвядоміць, што мы на многае здольныя разам», — падзяліўся Аляксандр.

Сапраўдным падарункам для завадчан сталі выступы заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Саладухі, народнага артыста Беларусі Уладзіміра Громава, арт-гурта «Брэнд.бай», Вольгі Булай і іншых зорак айчыннай эстрады. 

Размова аб героях

У рамках «Знакавай сустрэчы», якая прайшла на пляцоўцы Гарадскога палаца культуры «Орша», перад маладым і сталым пакаленнем выступілі генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, журналіст, палітычны аглядальнік Грыгорый Азаронак, старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў па веласпорце, васьміразовая чэмпіёнка свету, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Наталля Цылінская, галоўны рэдактар «Альфа Радыё» Вадзім Шэпет. Тэма, якая была ўзнята падчас адкрытага дыялогу, была як ніколі актуальна: «Героямі не нараджаюцца, героямі становяцца».

Спікеры гаварылі з аўдыторыяй не толькі пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, але і пра нашых сучаснікаў. Пра тых, хто аддаў жыцці за Радзіму і пра тых, хто здзяйсняе сапраўдныя ўчынкі, годныя называцца подзвігам. Успаміналі пра супрацоўніка Камітэта дзяржбяспекі старшага лейтэнанта Дзмітрыя Федасюка, 12-гадовага Рому Кагадоўскага, паралімпійца Аляксея Талая, касманаўта Марыну Васілеўскую. І пра тых герояў, імёны якіх на Віцебшчыне ведае кожны школьнік — Веру Харужую, Канстанціна Заслонава. 

Прозвішчы Андрэя Нічыпорчыка, Мікіты Куканенкі — гэта сінонімы гераізму для цяперашняга маладога пакалення. «Гэта наша цяперашняя гісторыя, гэта нашы цяперашнія святыя», — сказаў Грыгорый Азаронак.

Эксперты таксама распавялі, як заходнія краіны забываюць сваіх герояў, апраўдваюць фашызм. «А мы так рабіць не павінны!», — адзначыў Вадзім Гігін. Ён нагадаў, што прозвішчы нашых герояў увекавечваюць у назвах вуліц, школ, і гэта, на думку гендырэктара Нацбібліятэкі, толькі тая малая частка памяці ўдзячных нашчадкаў, якія не забудуць, што зрабілі іх землякі.

У гонар «Кацюшы»

7 снежня цэнтрам прыцягнення для ўсіх жыхароў і шматлікіх гасцей Аршаншчыны стала пляцоўка перад хакейным клубам «Лакаматыў-Орша». Не меншала чарга ахвотных наведаць мабільную пляцоўку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут можна было ўбачыць зброю часоў вайны, медалі і ордэны, карты з планамі па вызваленні нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пазнаёміцца з гісторыямі жыцця і гібелі людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у Перамогу.

Не меншую цікавасць у маладога і сталага пакаленняў выклікалі інтэрактыўныя пляцоўкі Міністэрства абароны. Супрацоўнікі ваеннага ведамства, а таксама курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь арганізавалі выставы стралковай зброі і форменнага абмундзіравання, прафарыентацыйныя пляцоўкі, фотазоны, інтэрактыўныя конкурсы і многае іншае. Але самай яркай і запамінальнай стала выстава сучаснай ваеннай тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні нашай краіны.

Дарэчы, Орша на «Марафоне адзінства» — першая лакацыя, дзе Міністэрства абароны ўзяло ўдзел у такім фармаце. «Тут упершыню паказваецца ваенна-спецыяльная тэхніка, а таксама прыклады і магчымасці ваенных факультэтаў і Ваеннай акадэміі. Мы ганарымся магчымасцю паказаць моц Узброеных Сіл Беларусі. Спадзяемся, што арганізатары прымуць рашэнне працягнуць наш удзел у іншых гарадах, дзе пройдзе акцыя. Орша — адзін з самых пацярпелых гарадоў падчас Вялікай Айчыннай вайны. У гады 80-годдзя вызвалення Беларусі гэта мае асаблівае значэнне. Суседні з Оршай раён — Дубровенскі, менавіта з яго пачыналася знакамітая аперацыя „Баграціён“. Таму мы вырашылі паказаць усю моц нашых Узброеных Сіл менавіта ў Оршы. Асаблівая ўвага нададзена прадукцыі ваенна-прамысловага комплексу Беларусі, вырабленай на нашых прадпрыемствах. Мы таксама праводзім агітацыю для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы. Як бачна, цікавасць сярод дзяцей і дарослых да ваеннай службы сапраўды вялікая. Гэта пацвярджае простую ісціну: народ і армія адзіныя. Толькі разам мы можам захаваць дабрабыт у краіне», — расказаў ваенны камісар Віцебскай вобласці палкоўнік Дзмітрый Вальфовіч.

Плац-канцэрт аркестра Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь заставіў аршанцаў не толькі пусціцца ў скокі, але і падпяваць савецкім і сучасным хітам у выкананні курсантаў. Прама падчас правядзення мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі па ініцыятыве журналістаў зявілася новая, дзе аркестр і ўсе ахвотныя праспявалі хіт «Кацюша» на мемарыяле «За нашу Савецкую Радзіму». Менавіта там усталяваны макет легендарнай баявой машыны рэактыўнай артылерыі БМ-13, вядомай у народзе пад назвай «Кацюша». Тут, у Оршы, па адной з версій і прагучалі яе першыя залпы. 

Наш шлях: мінулы і сучасны

Два дні жыхары і госці горада маглі знаёміцца з выставай БЕЛТА «Беларусь. Узлёт», якая размясцілася ў фае чыгуначнага вакзала. На 40 плакатах у фота і невялікіх, часам сумных гісторыях адлюстраваны шлях нашай краіны ў звычайных бытавых рэчах: адзенні, аўтамабілях, медыцынскіх паслугах... Кожны дарослы чалавек, спыняючыся каля фотаздымкаў, адназначна ўспамінаў нялёгкія 90-я гады. 

«Гэта выстава называецца „Беларусь. Узлёт“, таму што мы працуем з гісторыяй нашай краіны. Мы параўноўваем жыццё 30 гадоў таму і сёння. Разумеем, што гэта быў вельмі складаны старт, але вельмі імклівы рух наперад. Плакаты „Беларусь. Узлёт“ — гэта 40 такіх гісторый пра простае жыццё беларусаў. Мы разабралі яго дэталёва-бытавы, просты складнік: як мы апраналіся, дзе куплялі вопратку, як выглядалі нашы двары, якія былі пральныя машыны. Калі прайсціся і паглядзець нашу выставу, становіцца зразумелым шлях, які прайшла краіна, рашэнні, якія прымаліся кіраўніком дзяржавы, такія складаныя і часам не адразу відавочныя для людзей. Але яны выратавалі Беларусь», — расказала генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч.

Выстава — частка інтэрнэт-праекта. Пераходзячы па QR-коду, карыстальнік адпраўляецца ў вялікае падарожжа, якое вельмі дэталёва будзе распавядаць пра кожную з 40 гісторый. Гэта трэба беларусам, каб мы змаглі ўсё параўнаць. Калі чалавек умее параўноўваць, разумее, што адбываецца, — ён разумее, як жыць далей. Адметна, што ў кожным горадзе, куды прыязджае «Марафон», на выставе зяўляюцца новыя гісторыі, звязаныя з рэгіёнам.

Выдавецкі дом «Беларусь сёння» прэзентаваў выставу, прысвечаную партызанам, у ваенна-гістарычным музеі імя Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава. Кожны наведвальнік змог паспрабаваць знайсці на выставе ўзнагародныя лісты, баявыя характарыстыкі сваякоў ці знаёмых, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Орша стала трэцім горадам, куды выдавецкі дом прывёз выставу, у папярэдніх гарадах, што прымалі акцыю, праект «Подзвігі і лёсы партызан у дакументах» карыстаўся вялікай папулярнасцю, яго паглядзелі больш за дзве тысячы чалавек. Многія з іх знайшлі звесткі аб сваіх героях.

«Праект — гэта той масток у мінулае, які выклікае эмацыйную рэакцыю кожнага з нас, таму што тычыцца асабіста нашай сямі, горада, супольнасці. Выстава зяўляецца і мастком паміж намі сучаснымі. Тыя людзі, якія ваявалі, рабілі агульную справу, сёння звязваюць і нас. Менавіта ў рамках „Марафона адзінства“ выстава загучала зусім па-новаму», — падкрэсліў дырэктар-галоўны рэдактар ВД «Беларусь сёння» Дзмітрый Жук. 

Адзіныя — а значыць будзем жыць!

Маштабным яркім акордам двухдзённага «Марафона адзінства» ў Оршы стаў гала-канцэрт «Час выбраў нас». Да шматтысячнай залы Лядовай арэны са сцэны звярнуўся Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой. «Наўрад ці ёсць беларус, які б хоць раз не быў праездам у Оршы. Сімвалічна, што сярэдзіна акцыі „Марафон адзінства“ праходзіць менавіта тут. Па сутнасці, горад — скрыжаванне лёсаў беларусаў: шумны, жывы і вельмі дынамічны. Орша — гэта горад, дзе жывуць патрыёты і працавітыя людзі, якія прадстаўляюць разнастайнасць нашай вялікай краіны», — падкрэсліў ён.

Дзмітрый Крутой напомніў гледачам, колькі сіл прыклаў Прэзідэнт для таго, каб сёння Аршанскі раён стаў не толькі камфортным і прывабным для жыцця, але і прамыслова моцным. 

Са сцэны да аршанцаў таксама звярнуліся генеральны дырэктар Аршанскага ільнокамбіната Алег Буянаў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Бабічаў.

Дзве гадзіны музычныя і харэаграфічныя падарункі аршанцам дарылі звыш 500 артыстаў. На сцэне выступілі папулярныя беларускія выканаўцы — Ірына Дарафеева, Анатоль Ярмоленка, арт-група «Беларусы», Юлія Быкава і Яўген Алейнік, Яўген Курчыч і Ганна Благава, прафесійныя і аматарскія калектывы Віцебскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Сімвалічна, што ўраджэнцы Аршаншчыны — Самір Ёлчыеў і Уладзімір Правалінскі — таксама віталі са сцэны ўдзельнікаў свята.

«За амаль тысячагадовую гісторыю Орша была сведкай вялікай колькасці падзей. Тут стваралі першы беларускі буквар, тут быў першы залп „Кацюшы“. Орша — гэта горад-працаўнік, горад-патрыёт, горад тэкстыльшчыкаў, льнаводаў, машынабудаўнікоў. І гэтая зямля зяўляецца малой радзімай Прэзідэнта , чыё імя ўжо стала сімвалам росквіту. „Марафон адзінства“ кранае самыя патайныя струны нашай душы на кожным канцэрце. Дзякуй тым, хто робіць для нас гэта цудоўнае свята. Вы ў такой простай, даступнай форме кажаце пра тое, што галоўнае для нас — паразуменне, сяброўства, любоў і, вядома ж, адзінства. І толькі дзякуючы гэтым якасцям мы зможам зрабіць яшчэ лепш нашу краіну, наша месца, дзе мы нарадзіліся і жывем», — падзякаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.