Падрабязна пра сутнасць прынятых на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета дакументаў і аб тым, якія перспектывы яны адкрываюць для Саюзнай дзяржавы, журналістам расказалі адказныя асобы і профільныя міністры.
Аляксандр Вальфовіч:
Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч расказаў, у чым асаблівасці Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. Паводле яго слоў, бакі працавалі над дакументам каля года. Была створана міжнародная міжведамасная рабочая група, куды ўвайшлі не толькі прадстаўнікі сілавых ведамстваў дзвюх дзяржаў, але і вучоныя, эксперты. Ён зрабіў акцэнт на тым, што ў дакуменце абазначаны стратэгічныя інтарэсы Саюзнай дзяржавы ў сферы забеспячэння бяспекі, улічана абстаноўка, у якой сёння функцыянуе Саюзная дзяржава, вызначаны прыярытэты Саюзнай дзяржавы і абазначаны механізмы забеспячэння агульнай бяспекі.
«На мой погляд, атрымаўся ўнікальны дакумент, які адрозніваецца па структуры і змесце і адпавядае рэаліям сённяшняга дня. Мы бачым, што палітычная абстаноўка змянілася не толькі за апошнія 25 гадоў, але і за 5 гадоў. І тэндэнцыі да забеспячэння бяспекі, на жаль, несуцяшальныя. Найперш па віне ЗША і калектыўнага Захаду. Ім вельмі няёмка мець побач з сабой такую моцную і незалежную інтэграцыйную структуру, як Саюзная дзяржава. Таму, вядома, іх намаганні накіраваны на дэзынтэграцыю Беларусі і Расіі», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч.
Дзяржсакратар звярнуў увагу, што гэта першы дакумент, якім дзве дзяржавы гарантуюць адна адной бяспеку пры неабходнасці, у выпадку звароту адной дзяржавы да другой. Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы абапіраецца на канстытуцыі дзвюх краін, Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Беларусі, Стратэгію нацыянальнай бяспекі Расійскай Федэрацыі і Ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы. Усе канцэптуальныя палажэнні гэтых дакументаў знайшлі сваё адлюстраванне ў Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы.
Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што Прэзідэнт кожнай краіны адказвае за бяспеку свайго народа: Аляксандр Лукашэнка адказвае за беларускі народ, Уладзімір Пуцін — за расійскі. А разам лідары нясуць адказнасць за бяспеку Саюзнай дзяржавы.
«Гэта значыць, у кожнага Прэзідэнта свая чырвоная кнопка?» — удакладнілі журналісты. «У кожнага Прэзідэнта свая „чырвоная кнопка“, свой партфель і свой ядзерны чамаданчык, — адказаў Аляксандр Вальфовіч. — Гэта зусім не жарт. Ядзерную зброю, якая знаходзіцца ў Беларусі, мае права прымяніць толькі Прэзідэнт Беларусі, а ўзбраенне, якое знаходзіцца ў Расіі, — толькі Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі».
Дзяржсакратар Савета Бяспекі заўважыў, што Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы, як і аналагічныя дакументы Беларусі і Расіі паасобку, адрозніваюцца ад такіх дакументаў заходніх краін. «У першую чаргу, нашы дакументы накіраваны на абарону нацыянальных інтарэсаў нашых дзяржаў, на пошук шляхоў нейтралізацыі сучасных выклікаў і пагроз у сферы забеспячэння бяспекі. Яны маюць прыязны і міралюбівы характар», — сказаў ён. І падкрэсліў, што ў аналагічных заходніх дакументах у прыярытэт ставіцца пошук ворагаў, мілітарызацыя, павелічэнне ваенных бюджэтаў. «Мы нікога не разглядаем у якасці патэнцыяльнага ворага ці агрэсара, але мы гатовы абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. І Беларусь, і Расія заўсёды будуць за мір, узаемапаважлівыя адносіны да суверэнітэту ўсіх дзяржаў і забеспячэнне міру», — канстатаваў Аляксандр Вальфовіч, падкрэсліўшы, што дзве краіны заўсёды прыйдуць адна адной на дапамогу.
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што гарантыі бяспекі ў Саюзнайдзяржаве павінны быць узаемнымі. Па яго словах, у гэтым ключы і падрыхтавана Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы.
Міністр падкрэсліў, што ўсе палажэнні дакумента поўнасцю задавальняюць абодва бакі. Максім Рыжанкоў заўважыў, што гарантыі бяспекі блізкіх партнёраў — гэта нязменная рэч. «І без гэтага дакумента мы доўгія гады маглі разлічваць на падтрымку нашых расійскіх партнёраў з пункту гледжання забеспячэння нашай бяспекі, — адзначыў Максім Рыжанкоў. — Спачатку мы зыходзілі з таго, што, калі мы адзін аднаго падтрымліваем, то падтрымліваем усім арсеналам, што ў нас ёсць». «І „Арэшнікам“ у тым ліку?» — удакладнілі журналісты. «Атрымліваецца, так», — адказаў міністр. Ён заўважыў, што работа над Канцэпцыяй бяспекі Саюзнай дзяржавы праводзілася паралельна таму, як Беларусь удасканальвала сваю Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, а Расія — ядзерную дактрыну.
«Улічваючы, што падыходы адны і тыя ж, дакументы рыхтаваліся аднолькава і нічога да чагосьці прыцягваць не прыйшлося, акрамя нейкіх тэхнічных фармулёвак», — сказаў міністр.
Міністр энергетыкі Беларусі Аляксей Кушнарэнка назваў Дагавор аб фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі Саюзнай дзяржавы важным стратэгічным дакументам. Ён падкрэсліў, што аб’яднаны рынак электрычнай энергіі будзе фарміравацца паэтапна, з улікам паралельнай работы дзвюх энергасістэм з іх тэхналагічнымі, арганізацыйнымі асаблівасцямі. Функцыянаваць агульны рынак будзе на аснове правіл, якія ўжо распрацаваны, праходзяць працэдуру ўзгаднення.
«Галоўны прынцып тут — раўнапраўе і ўзаемная выгада. Безумоўна, падпісанне гэтага дагавора паслужыць павышэнню надзейнасці энергазабеспячэння, энергетычнай бяспекі Беларусі, Расіі і СД у цэлым», — падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка. Ён звярнуў увагу, што энергетычныя рынкі ўзаемазвязаны, таму паралельна з аб’яднаным рынкам электрычнай энергіі фарміруецца аналагічны рынак газу.
Выгаду ад аб’яднанага рынку адчуюць і спажыўцы. Па словах міністра, з падпісаннем дагавора з’яўляюцца ўсе прававыя падставы для наяўнасці сумленнай канкурэнцыі, што ў выніку павінна адбіцца на тарыфах як для прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, так і для насельніцтва.
Першы этап фарміравання аб’яднанага рынку пачнецца ў 2025 годзе.
Намеснік старшыні ўрада Расіі Аляксей Авярчук перад пасяджэннем ВДС абмяркоўваў з беларускімі калегамі падыходы да новага пакета праектаў прамысловай кааперацыі. Ён адзначыў, што сёння краіны рэалізоўваюць 27 кааперацыйных праектаў, якія фінансуюцца за кошт выдзеленых Расіяй крэдытных рэсурсаў. Аляксей Авярчук таксама звярнуў увагу, што Беларусі і Расіі трэба выраўнаваць канкурэнтныя ўмовы ў эканоміцы.
«Калі размова ішла аб цэнах на газ для Беларусі, то мы заўсёды гаварылі, што неабходна ўлічваць, як ідзе цэнаўтварэнне на газ у Расіі. Канчатковая цана газу з’яўляецца вынікам перакрыжаванага субсідзіравання, якое ажыццяўляецца ў рамках нашага ўнутранага бюджэтнага працэсу. Мы сёння ставім пытанне больш глыбока і гаворым аб тым, што неабходна выраўноўваць канкурэнтныя ўмовы», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.