Працэс збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь прайшоў спакойна, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, паведамляе БелТА.
Учора быў апошні дзень збору подпісаў. «Пакуль не магу даць статыстычныя даныя, думаю, што ў панядзелак — аўторак (9–10 снежня. — „Зв.“) мы атрымаем першую інфармацыю і размесцім традыцыйна на сайце ЦВК інфармацыю па колькасці здадзеных подпісаў», — адзначыў кіраўнік ЦВК.
Па яго словах, на этапе збору подпісаў афіцыйных скаргаў, прэтэнзій не было. «Былі некаторыя званкі ў камісію, нешта ўдакладнялі, нешта пыталіся, нешта мы тлумачылі, але афіцыйных скаргаў, якія неабходна было б разглядаць камісійна альбо на ўзроўні апарату камісіі, пакуль не было. Таму можна сказаць, што працэс збору подпісаў прайшоў спакойна, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», — падкрэсліў старшыня ЦВК.
Ён звярнуў увагу: працэс праверкі падпісных лістоў зойме некаторы час. «Паралельна прэтэндэнты павінны будуць падрыхтаваць тыя дакументы, якія неабходныя для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў, і да 21 снежня павінны падаць у Цэнтральную выбарчую камісію гэтыя дакументы. Думаю, да гэтага часу мы атрымаем ужо пратаколы абласных і Мінскай гарадской камісій па колькасці подпісаў, сабраных за таго ці іншага кандыдата. І плануем правесці ўжо працэдуру рэгістрацыі — пакуль арыенціровачна вядзём размову пра, магчыма, 23 снежня. Зноў жа, гэта будзе залежаць ад таго, як прэтэндэнты пададуць свае дакументы. Калі хтосьці ўпрытык будзе падаваць, то спатрэбіцца нейкі час для таго, каб правесці адпаведную праверку гэтых дакументаў. Ва ўсякім разе, думаю, да канца снежня мы вызначымся па колькасці кандыдатаў, якія будуць зарэгістраваны», — растлумачыў Ігар Карпенка.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат