Сумесны шлях да поспеху, а таксама роля тэатра і кіно ў фарміраванні духоўна-маральных каштоўнасцей грамадства. Менавіта гэтыя пытанні абмяркоўваліся 5 снежня на круглым стале ў Мінску, пасля якога быў падпісаны шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве з РФ у сферы культуры. У якіх галінах цяпер мы будзем супрацоўнічаць, і што можам прапанаваць расійскім калегам?
Па словах міністра культуры Руслана Чарнецкага, у межах Саюзнай дзяржавы найважнейшым з мастацтваў для нас з’яўляецца кіно.
— Перш за ўсё гэтым мы і зоймемся — развіццём нашых партнёрскіх адносін у сферы кіно. Зразумелая справа, тэатр — гэта відовішчнае мастацтва. Без увагі не застануцца і іншыя сферы: выяўленчае мастацтва, музеі, бібліятэкі. У нас няма ніводнай галіны, якая б не патрабавала да сябе ўвагі. Кожная павінна быць «максімальна сагрэта нашым цяплом». Таму працаваць будзем над усім, але па парадку, расстаўляючы прыярытэты, адшукваючы магчымасці ў любы момант, — падзяліўся ён.
І вось першы плён гэтай працы: тры пагадненні аб супрацоўніцтве — паміж Саюзам тэатральных дзеячаў РФ і Беларускім саюзам кінематаграфістаў, Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў, а таксама Саюзам пісьменнікаў Беларусі.
Па словах міністра культуры, у нас ёсць, чым падзяліцца з расійскімі калегамі. Так, падрыхтоўка да святкавання васьмідзесяцігоддзя Вялікай Перамогі ў нас пачалася на год раней, у сувязі з Днём Незалежнасці, калі Беларусь шырока адзначала 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
— Менавіта таму мы ўжо вельмі шмат зрабілі. Шмат пастаўлена спектакляў, напісана песень, знята фільмаў у гонар гэтага свята, і нам ёсць што паказаць у гэтым сэнсе расійскім калегам і ёсць у чым дапамагчы. Такімі культурнымі абменамі мы і хочам займацца ў рамках падпісання гэтых пагадненняў, — адзначыў Руслан Чарнецкі.
У сваю чаргу старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Расіі, народны артыст РФ Уладзімір Машкоў заявіў, што новы этап супрацоўніцтва — гэта вялікая падзея.
— Мне здаецца, у нас столькі перспектыў развіцця, столькі задач і мэт перад намі! Сапраўды, былі часы адметнага росквіту нашай творчай садружнасці. Я ўпэўнены, што гэтыя часы вернуцца, бо тут неверагодна таленавітыя людзі. Усе зацікаўлены, каб творчасць такіх вялікіх краін, як Расія і Беларусь, квітнела, — падзяліўся ён.
Таксама Уладзімір Машкоў адзначыў, што на поўную моц увесь 2025 год будзе весціся падрыхтоўка да 150-годдзя Саюза тэатральных дзеячаў Расіі.
— Я думаю, гэта стане для нас збольшага першым вялікім сумесным мерапрыемствам, калі мы будзем знаёміцца і нешта рабіць разам, — дадаў ён.
Да таго ж, на думку Уладзіміра Машкова, у нашых краін вельмі шмат агульнага:
— Перш за ўсё нас аб’ядноўваюць нашы пачуцці, гэта значыць стаўленне да сітуацый, якія адбываюцца ў свеце. Таксама нас аб’ядноўваюць літаратура і мова. Ну і, вядома, наша будучыня, якая абавязкова будзе паспяховай!
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.