Паводле статыстычных дадзеных Нацыянальнага банка Беларусі, у мінулым месяцы жыхары нашай краіны сталі чыстымі прадаўцамі замежнай валюты. Па выніках лістапада яны прадалі на 21 мільён долараў больш, чым купілі.
Агульны аб’ём набытай фізічнымі асобамі наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты ў лістападзе склаў 978,4 мільёна долараў, а прададзенай — 999,4 мільёна долараў. Усяго ж за 11 месяцаў года продаж насельніцтвам краіны наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты перавысіў яе куплю на больш чым 1,5 мільярда долараў.
Дарэчы, гэтаму працэсу сёння ёсць слушнае тлумачэнне. Абвалам долара адкрыліся і таргі на нацыянальнай валютнай біржы ў пятніцу, 6 снежня. Самае дзіўнае, што так моцна долар не падаў вельмі даўно. Разам з ім моцна таннее юань. Расійскі рубель на гэтым фоне даражэе і пачынае за сабой цягнуць кошык валют, які вырас. Ды і беларускі рубель умацоўваецца ўслед за расійскім. Паводле звестак на 11.30 пятніцы курс долара абрушыўся адразу на больш чым 7 капеек і складае зараз 3,4076 BYN/USD.
Нагадаем, што крыху больш за тыдзень таму ў чацвер долар апошні раз абнавіў гістарычны максімум (3,5951 BYN/USD). Сёння беларускі рубель даражэе ўжо шосты раз запар. Сумарна ён дадаў больш чым 18 капеек. Умацаванне беларускага рубля можа працягнецца і далей, але не так моцна, лічаць эксперты фінансавага рынку.
Нагадаем, што за перыяд з 11 па 28 лістапада долар без перыпынку даражэў 15 разоў запар. За шэсць дзён беларускі рубель адыгрывае ў яго ўжо больш за 70 % папярэдніх страт. Унутраных прычын для моцнага абвалу беларускага рубля ў лістападзе не было. У снежні сітуацыя, чакана, пачала вяртацца да нармальнасці.
Сяргей КУРКАЧ
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат