Зваротаў ад работнікаў па ўмовах працы ў халодны перыяд года ў гэтым сезоне яшчэ не паступала. Тым не менш прафсаюзы працягваюць праводзіць маніторынгі захавання тэмпературнага рэжыму ва ўсіх рэгіёнах краіны. Тэхнічныя інспектары працы наведваюць арганізацыі розных сфер. У цэнтры ўвагі — умовы працы, пытанні захавання неабходнай тэмпературы на працоўным месцы, забяспечанасці спецвопраткай і абуткам, а таксама дадатковыя меры абароны для тых, хто працуе на адкрытым паветры або ў неацяпляемых памяшканнях.
— Прафсаюзныя маніторынгі захавання заканадаўства аб ахове працы ў перыяд паніжаных тэмператур праводзяцца з сярэдзіны восені ў арганізацыях розных сфер. Аператыўна адпрацоўваюцца ўсе звароты, якія паступаюць ад работнікаў. Дарэчы, зваротаў менавіта па тэмпературным рэжыме ў гэтым сезоне яшчэ не паступала. Мы бачым, што наймальнікі ўсё з большай адказнасцю падыходзяць да гэтых пытанняў. Там, дзе немагчыма ўстанавіць аптымальную тэмпературу па аб’ектыўных прычынах наймальнікі прымаюць неабходныя меры па абароне сваіх работнікаў. Напрыклад, зацвярджаюцца графікі перапынкаў для абагравання, бытавыя памяшканні абсталююцца ўсім неабходным для таго, каб людзі маглі адпачыць і сагрэцца, выпіць гарачую гарбату, высушыць адзенне, — расказаў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Павел Манько.
Аднак прафсаюзныя спецыялісты не толькі здзяйсняюць маніторынгі і праверкі. Прафсаюзы заўсёды аказваюць неабходную дапамогу — як кансультатыўную наймальнікам і работнікам, так і ў стварэнні бяспечных умоў працы. Напрыклад, у мінулым месяцы прафсаюз работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ» дапамог аднаму з прадпрыемстваў з закупкай 16 цеплавых электрычных пушак.
Нагадаем, што наймальнік абавязаны ўстанаўліваць рэжым працы, які выключае прычыненне шкоды жыццю і здароўю работнікаў пры моцным марозе. Згодна з заканадаўствам, тэмпература ў офісах павінна быць 21 °С і вышэй. У вытворчых памяшканнях, у залежнасці ад інтэнсіўнасці і віду работ, — ад + 16 °С і вышэй.
Алена КРАВЕЦ
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.