Сярод іх — рэспубліканскі бюджэт і змяненні ў Падатковы кодэкс, разгледжаныя ў другім чытанні. Бюджэтная палітыка ў будучым годзе будзе накіравана на забеспячэнне збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, канцэнтрацыю бюджэтных сродкаў на кірунках, якія садзейнічаюць дасягненню стратэгічных мэт сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Традыцыйна захоўваецца сацыяльная арыентаванасць расходаў, у тым ліку за кошт рэалізацыі мер, накіраваных на павышэнне якасці жыцця насельніцтва, дабрабыту работнікаў бюджэтнай сферы, падтрымку шматдзетных сем’яў. Будуць забяспечаны ўсе абавязацельствы па пагашэнні дзяржаўнага доўгу з улікам раней выпрацаваных механізмаў па ўзаемадзеянні з недружалюбнымі краінамі.
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Васіль Панасюк, пры падрыхтоўцы законапраекта «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год» да другога чытання істотных змяненняў па даходнай і расходнай частцы не адбылося. «Але разам з тым былі ўдакладняючыя моманты па даходнай частцы, — канкрэтызаваў ён. — Такім чынам, па даходах асноўную структуру займаюць падатак на дабаўленую вартасць, даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці, даходы ад акцызаў».
Па словах парламентарыя, істотных змен не зведала расходная частка бюджэту, захаваўшы сацыяльную накіраванасць. Васіль Панасюк звярнуў увагу, што сацыяльная накіраванасць абумоўлена тым, што больш як 48 % рэспубліканскага бюджэту накіравана на забеспячэнне дзяржаўных праграм.
«Калі казаць тэзісна, то на адукацыю — больш чым на 14%, больш за 2 мільярды ў абсалютным выяўленні, — канкрэтызаваў ён. — На ахову здароўя — 12 %, або 2,7 мільярда. Рэалізацыя сацыяльнай палітыкі дзяржавы ўключае такія важкія кірункі, як стварэнне сямейнага капіталу. У наступным годзе прадугледжваем больш за 361 мільёна рублёў на гэтыя мэты. На падтрымку будаўніцтва жылля з дзяржаўнай дапамогай — 1,9 мільярда. Дзяржаўная інвестпраграма — 1,4 мільярда».
Вялікае значэнне дэпутаты ўдзялілі напаўненню дарожнага фонду. «Акрамя транспартнага падатку, які мы збіраем у агульную суму з улікам фінансавых інтэрвенцый, з рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты будзе накіравана больш за 2,1 мільярда рублёў», — канкрэтызаваў старшыня Пастаяннай камісіі.
На падтрымку аграпрамысловага комплексу плануецца накіраваць больш за мільярд рублёў. «Падтрымка рэальнага сектара эканомікі — з плюсам 2,3 мільярда, — дадаў дэпутат. — У абсалюце інавацыйныя праграмныя праекты будуць прафінансаваны парадкам на 7,3 мільярда рублёў».
Васіль Панасюк звярнуў увагу на тое, што нават ў няпростых санкцыйных міжнародных уздзеяннях на нашу эканоміку, пры такім прагматычным рэалістычным бюджэце, дзе гарманічна спалучаюцца палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы, дзяржава працягвае выконваць сацыяльныя абавязацельствы перад сваімі грамадзянамі.
Карэкціроўка Падатковага кодэкса прадугледжвае сістэмныя меры па ўдасканаленні падатковага заканадаўства. Прадугледжана дасягненне аптымальнага ўзроўню падатковай нагрузкі на эканоміку, далейшае спрашчэнне парадку вылічэння і выплаты канкрэтных падаткаў.
Пры дапрацоўцы законапраекта да другога чытання былі ўлічаны прапановы дзяржаўных органаў. У прыватнасці, адна з іх звязана з павелічэннем крытэрыю выручкі для прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання да 3,5 мільёна рублёў. Прапанова Міністэрства транспарту звязана з прымяненнем нулявой стаўкі падатку на дабаўленую вартасць па паслугах па міжнароднай аўтамабільнай перавозцы грузаў у частцы маршруту, якая пачынаецца і заканчваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Па словах члена Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Наталлі Куляшовай, змяненні, якія ўносяцца ў Падатковы кодэкс, датычацца практычна ўсіх падаткаў і спецыяльных рэжымаў падаткаабкладання. «Пры дапрацоўцы да другога чытання ў законапраекце ўлічаны прапановы і пажаданні юрыдычных асоб, бізнес-супольнасці, — удакладніла дэпутат. — Яны знайшлі адлюстраванне ў змяненні крытэрыяў выручкі па спрошчанай сістэме падаткаабкладання і льготах пры вылічэнні падатку на дабаўленую вартасць».
Парламентарый заўважыла, што па-ранейшаму будуць дзейнічаць павышаныя стаўкі па падатку на прыбытак у памеры 25 %. «Устанаўліваецца павышаная стаўка для аператараў сотавай сувязі і арганізацый, мікраарганізацый, якія займаюцца мікрапазыкамі, — дадала Наталля Куляшова. — У Падатковы кодэкс уносіцца асобны артыкул, які датычыцца падаткаабкладання падаходным падаткам аперацый з лічбавымі знакамі — токенамі. Падатковы падатак не ўплачваецца, калі аперацыя з токенамі будзе праводзіцца праз рэзедэнтаў Парка высокіх тэхналогій».
Па словах дэпутата, унесеныя змяненні і карэкціроўкі ў Падатковы кодэкс накіраваны на эфектыўнае эканамічнае развіццё нашай краіны і забеспячэнне даходнай часткі бюджэту.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.