Парадак дня пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы і падрыхтоўку да яго разгледзелі ў Палацы Незалежнасці.
Найперш адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым, падчас якой быў абмеркаваны парадак дня пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета, якое пройдзе ў Мінску 6 снежня пад старшынством Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Старшыні Вышэйшага дзяржсавета. Падрыхтоўцы да гэтага найважнейшага мерапрыемства затым была прысвечана спецыяльная нарада.
На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета, якое, дарэчы, пройдзе напярэдадні 25-годдзя з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, плануецца разгледзець ход выканання Асноўных кірункаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады, падрыхтаваную Канцэпцыю бяспекі Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, парадак дня маючага адбыцца пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета ўключае пытанні, якія датычацца лічбавізацыі, энергетыкі, абароны правоў спажыўцоў, сувязі і інфарматызацыі, стварэння аб’яднанага рынку электраэнергіі. Таксама ўдзельнікі пасяджэння разгледзяць пытанне аб арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў па святкаванні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
«25 гадоў мы спрабуем стварыць Саюзную дзяржаву, — адзначыў у размове з Дзмітрыем Мезенцавым Прэзідэнт Беларусі. — Многія кірункі былі вызначаны. Штосьці часова не зрабілі, але нямала зроблена. Натуральна, што без размовы на гэту тэму заўтра на Вышэйшым дзяржсавеце кіраўніцтва Расіі і Беларусі мы не абыдземся. Пэўным чынам мы гэтую праблему будзем адзначаць».
Аляксандр Лукашэнка папрасіў Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы больш падрабязна далажыць аб парадку дня маючага адбыцца пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета. «Мы яшчэ абмяркуем з беларускімі міністрамі нюансы, калі яны будуць, але хацелася б ведаць, якія пытанні, і ці ёсць нейкія праблемы па парадку дня», — удакладніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні ў яго адбылася размова з Уладзімірам Пуціным, падчас якой, па словах кіраўніка дзяржавы, абмяркоўваліся шматлікія пытанні. «Я яшчэ раз яго запрасіў у Мінск і сказаў, што мы падрыхтуем як належыць з вамі пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Таму трэба прайсціся яшчэ раз па парадку дня і ўдакладніць некаторыя пытанні коратка, хаця яны ўжо вызначаны».
Кажучы аб сумеснай дзейнасці ў рамках Саюзнай дзяржавы, беларускі лідар яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што нямала зроблена. «Асабліва ў галіне правоў чалавека, роўных правоў нашых грамадзян — Расіі і Беларусі, — канкрэтызаваў ён. — Але, думаю, што трэба нам дзесьці смялей ісці ў гэтым кірунку. І, вядома, Дзмітрый Фёдаравіч, фундаментам (вы гэта ведаеце не горш за мяне) любых адносін з’яўляецца эканоміка. У нас ёсць шэраг пытанняў фундаментальных, якія мы павінны, напэўна, ўжо ў будучым годзе вырашыць разам з Расіяй. Маючы на ўвазе, што многае ўжо зроблена ў гэтым кірунку, прапрацаваны гэтыя пытанні. Трэба прымаць рашэнні».
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што раз рашэнні прынятыя, то трэба іх выконваць аператыўна. «Ніякай бюракратычнай валакіты быць не павінна, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — Ну і потым, калі прынялі рашэнні, непаразуменняў ніякіх не павінна быць». Па словах Прэзідэнта, падобныя пытанні будуць абмеркаваны з яго расійскім калегам на Вышэйшым Дзяржсавеце.
Рэзюмуючы, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што парадак дня маючага адбыцца мерапрыемства шырокі, пытанні падрыхтаваны. «Але, магчыма, ёсць нейкія нюансы, таму давайце абмяркуем іх», — прапанаваў ён.
У сваю чаргу, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў пагадзіўся з беларускім лідарам, што акцэнт у саюзным будаўніцтве павінен рабіцца на ўзаемавыгадным узаемадзеянні ў сферы эканомікі. «Дзякуючы пазіцыі вашай асабіста, Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна цяпер у кампетэнцыі ўрадаў — парадак дня па гуманітарным кірунку: адукацыя, культура, спорт, усё большая ўвага ўдзяляецца турыстычным кластарам, — канкрэтызаваў ён. — Але пры гэтым, вядома, (вы цяпер таксама сказалі аб гэтым) змястоўны парадак дня складаецца з дзесяці пытанняў. Прынцыпова ўсе пытанні вельмі старанна прапрацаваны. Парадак дня сапраўды шматпланавы, узгоднены бакамі. Мы, вядома, хочам, каб частка пытанняў была праведзена з абмеркаваннем, каб выказаліся бакі».
«Як вядома, 25 гадоў спаўняецца нашым спробам пабудаваць Саюзную дзяржаву, — канстатаваў ужо падчас нарады па пытаннях падрыхтоўкі да пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Аляксандр Лукашэнка. — Я ўжо пра гэта сказаў на сустрэчы з Дзмітрыем Фёдаравічам Мезенцавым. Толькі што мы абмеркавалі парадак дня заўтрашняга пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета ў агульных рысах. І канцэптуальныя рэчы абазначылі па ўсіх нашых праблемах, але вас я запрасіў перш за ўсё таму, каб пачуць ад вас вашу пазіцыю па выкананні нашых інтарэсаў. І не толькі на заўтрашнім пасяджэнні ВДС, але і ў беларуска-расійскіх адносінах. Канкрэтна. Якія ёсць пытанні ў сферы эканомікі, нацыянальнай бяспецы, па іншых праблемах. І ў прыватнасці, па тых пытаннях, якія заўтра будуць разглядацца на агульным пасяджэнні».
Прэзідэнт адзначыў, што на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета ў Мінску будзе прысутнічаць усё кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі. «Гэта той выпадак, калі мы можам і павінны абмеркаваць тыя праблемы, якія ў нашых адносінах існуюць, — падкрэсліў ён. — Ёсць праблемы, якія павінны быць вырашаны на гэтым этапе».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, нягледзячы на ўсе праблемы і рознага роду нявырашаныя пытанні, сёлета гандлёвы абарот паміж Беларуссю і Расіяй дасягне 59-60 мільярдаў долараў, уключаючы тавары і паслугі. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гэта гістарычна высокі тавараабарот паміж дзвюма дзяржавамі.
«Але, яшчэ раз кажу, ёсць пытанні, да якіх у нас асаблівая ўвага і вялікі інтарэс», — удакладніў Прэзідэнт і папрасіў удзельнікаў нарады далажыць па пытаннях, уключаных у парадак дня пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета, якія не вырашаюцца. «Усё павінна быць адкрыта, ніякага замоўчвання быць не павінна, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Не толькі на ВДС, тым больш на нашай нарадзе».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат