Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Куляшова ў парламенце прадстаўляе Цэнтральную выбарчую акругу Магілёва № 85, дзе жыве больш чым 65 тысяч яе выбаршчыкаў. Яна член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах — сфера для яе вельмі блізкая і зразумелая. Народная выбранніца мае вышэйшую юрыдычную і эканамічную адукацыю, багаты вопыт работы ў фіскальных органах і выканаўчай уладзе. «Работа ў заканадаўчым органе мне падабаецца, — кажа яна. — Хочацца, каб наша заканадаўства ішло ў нагу з часам і працавала на развіццё краіны».
У Палаце прадстаўнікоў быў дадзены старт маладзёжнаму асветніцкаму праекту «Моладзь для Беларусі». Яго мэта — расказаць на сустрэчах са студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў краіны аб асноўных вехах развіцця прэзідэнцкай рэспублікі, важнасці электаральнай кампаніі і таго выбару, які маладыя людзі павінны будуць зрабіць.
— Падчас работы ў акрузе заўсёды шмат сустракаюся з моладдзю, — расказвае Наталля Куляшова. — Адна з нядаўніх сустрэч адбылася ў Беларуска-Расійскім універсітэце са студэнтамі эканамічнага і электратэхнічнага факультэтаў. Моладзь вельмі актыўная, яе цікавіць літаральна ўсё. Пытанні былі самыя розныя: «Якія сёння існуюць інструменты фінансавай падтрымкі для развіцця бізнесу?», «Чаму банкруцяцца суб’екты гаспадарання?», «Якія ёсць ільготы для развіцця жаночага прадпрымальніцтва?» Гэта сведчыць аб тым, што маладыя людзі праяўляюць цікавасць да таго, што вакол іх адбываецца і хочуць актыўна ўдзельнічаць не толькі ў сацыяльных праектах, але і ў эканамічным развіцці горада. Студэнты пыталіся таксама, як я сабе ўяўляю эканамічны цуд Рэспублікі Беларусь. Я выразна адказала, што наш эканамічны цуд — гэта працалюбівыя людзі, якія сваёй стваральнай працай паднімаюць патэнцыял краіны. Ад развіцця эканомікі залежыць і наш сацыяльны ўзровень. Цудаў саміх па сабе не бывае. Грошы з неба не падаюць, іх трэба зарабіць.
Парламентарый адзначыла таксама, што вельмі цікавая атрымалася сустрэча з дзецьмі 7–9 класаў Магілёўскай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей хворых на скаліёз. Адна дзяўчынка спытала: «Як магчыма замацаваць маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці?»
— Маё меркаванне, і школьніца з ім пагадзілася, — гэта выключна жаданне самога чалавека, — кажа суразмоўніца. — Сёння ў сельскай мясцовасці створаны ўмовы, прыбліжаныя да гарадскіх: ёсць гандлёвая і сацыяльная інфраструктуры; лічы, у кожным доме працуе інтэрнэт. Усё залежыць выключна ад жадання чалавека застацца ў сельскай мясцовасці і працаваць.
Праблем, з якімі прыходзяць людзі на прыём да дэпутата, заўсёды хапае. Як лічыць Наталля Куляшова, справа народнага выбранніка — выслухоўваць іх і шукаць шляхі вырашэння. У тым ліку і праз удасканаленне заканадаўства.
— Ёсць пытанні па рабоце ЖКГ, дваравых тэрыторыях. Людзей хвалююць асабістыя бытавыя праблемы, але ёсць і больш глабальныя пытанні. Напрыклад, адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва з боку рамеснікаў, — адзначае дэпутат.
На адным з прыёмаў у Наталлі Куляшовай пабывалі студэнткі «платніцы» Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. Яны прапанавалі ўнесці змяненні ў Кодэкс аб адукацыі, каб абавязковае размеркаванне, якое існуе для бюджэтнікаў, датычылася і «платнікаў». Тады і на іх будуць распаўсюджвацца льготы для маладых спецыялістаў, якія накіроўваюцца на першае працоўнае месца.
З 1 верасня ў Магілёве з’явіўся ліцэй МУС. Ён размясціўся ў пустых будынках Беларускай чыгункі. Наталля Куляшова пераканана, што гэта было цалкам мудрае рашэнне. Па-першае, будынкі паспяхова выкарыстоўваюцца, па-другое, хлопчыкі, якія вучацца ў ліцэі, за кароткі час сталі высокаматываванымі, мараць пра работу ў сілавых структурах. «Пераканана, што яны вырастуць сапраўднымі патрыётамі краіны», — лічыць яна.
Што датычыцца патрыятызму, то ён у юных магіляўчан у крыві, адзначае парламентарый. Яна пад уражаннем ад першага рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў, у якім брала ўдзел шмат дзяцей з Магілёва. Ён быў прысвечаны вызваленню Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнічала больш чым 2000 дзяцей, да фіналу дайшлі 76.
— Калі ўзнагароджвалі пераможцаў, я адчула гонар за нашу моладзь, — прызнаецца дэпутат. — Назва нашага горада гучала шмат разоў. Склалася ўражанне, што Магілёў — адзін з самых патрыятычных у краіне. Асабліва адзначыўся Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Яны вялікія малайцы. А прафесійнае журы было прыемна здзіўлена шырокім выбарам матэрыялу і тым натхненнем, з якім яго дэкламавалі юныя чытальнікі. Эксперты выказалі спадзяванне, што калі дзеці з такім імпэтам будуць данасіць гісторыю пра вайну да сваіх аднагодкаў, то яе дакладна не будзе.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Наталлі КУЛЯШОВАЙ
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат