Вы тут

Ігар Пашкоў: Людзі нярэдка прыходзяць з заканадаўчымі ініцыятывамі


Слухаць людзей і своечасова прымаць рашэнні на месцах — важныя задачы для дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў. Народныя выбраннікі на пастаяннай аснове праводзяць дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы, прыёмы і асабістыя сустрэчы з грамадзянамі, выбаршчыкамі, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Гэта неад’емная частка іх работы ў акрузе. Акрамя дзелавых і афіцыйных сустрэч яны бяруць удзел у суботніках і іншых акцыях, накіраваных на добраўпарадкаванне тэрыторыі. Больш падрабязна аб рабоце для сваёй Купалаўскай 94-й акругі (горад Мінск) карэспандэнту «Звязды» расказаў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы палкоўнік міліцыі Ігар Пашкоў.


— Ігар Міхайлавіч, неад’емнай часткай работы дэпутатаў з’яўляецца правядзенне прамых тэлефонных ліній і асабістых прыёмаў грамадзян. Такія мерапрыемствы дазваляюць паглыбіцца ў праблемы людзей, часта — разгледзець тыя ці іншыя моманты заканадаўства. Якія праблемы хвалююць жыхароў вашай акругі?

— Прыслухоўвацца да меркавання грамадзян, вырашаць іх праблемы — вельмі важна і патрэбна. На прыёмы людзі прыходзяць з самымі рознымі пытаннямі і праблемамі. Я заўсёды імкнуся дапамагчы, наколькі гэта магчыма. Важна і тое, што людзі нярэдка прыходзяць з заканадаўчымі ініцыятывамі. Я памятаю першы свой прыём, калі да мяне звярнуўся былы супрацоўнік органаў унутраных спраў з пытаннем адказнасці вадзіцеляў за ўчыненне дарожна-транспартных здарэнняў у тых выпадках, калі пешаход у нецвярозым выглядзе парушыў правілы дарожнага руху. Была прапанова прадугледзець пэўны від страхавання пад такія выпадкі. Я пачаў разбірацца і высветліў, што папярэдняе скліканне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ужо падрыхтавала пэўныя змяненні, аднак яны ўступілі ў сілу толькі ў лістападзе бягучага года. Я растлумачыў яму гэтыя моманты, а грамадзянін адказаў мне пісьмовай падзякай.

Часам пытанні грамадзян датычацца і працоўнага заканадаўства. У прыватнасці, работнік аднаго з прадпрыемстваў раёна звярнуўся з наступным пытаннем. Яму заставалася крыху больш чым год да пенсіі, а работадавец вырашыў істотна змяніць яму ўмовы працы. Работнік не быў згодны з тым, за што яго збіраліся звольніць, хоць па заканадаўстве такую катэгорыю грамадзян звальняць нельга. Тым не менш кіраўнік усё ж пайшоў на такое непапулярнае рашэнне. Тады да вырашэння праблемы падключылі адміністрацыю раёна. На шчасце, пытанне было вырашана аператыўна, і чалавек вярнуўся на ранейшае месца работы.

Акрамя таго, людзі нярэдка звяртаюцца з пытаннямі добраўпарадкавання тэрыторыі. Гэта і ўстаноўка велапарковак, месцаў для выгулу хатніх жывёл, агульнае навядзенне парадку і іншае.

— Нярэдка вы праводзіце сустрэчы з моладдзю, працоўнымі калектывамі і не толькі. Якія пытанні ўзнімаеце падчас такіх мерапрыемстваў? Што імкняцеся данесці ў першую чаргу?

— Вялікую ўвагу сёння аддаём правядзенню дыялогавых пляцовак з моладдзю ў рамках праекта «Выбар моладзі — выбар будучыні». Літаральна на мінулым тыдні ў Прэзідэнцкай бібліятэцы правялі сустрэчу са студэнтамі БДТУ, якія ўпершыню будуць галасаваць. Я расказаў маладым людзям пра тое, як устанаўлівалася наша прэзідэнцкая рэспубліка, якія складанасці былі ў той час, якія дасягненні ёсць на сённяшні дзень. І моладзь у цэлым правільна ўспрымае ўсё гэта. Я лічу, што вельмі важна даносіць да маладых людзей такія рэчы, паколькі за імі наша будучыня. Многія студэнты нарадзіліся ў 2000-х гадах, калі ў нашай краіне ўжо былі спакой і мір. Яны не бачылі таго, што перажылі мы ў цяжкія 90-я гады…

На наступным тыдні правяду сустрэчу са студэнтамі тэхналагічнага ўніверсітэта, якія пражываюць у інтэрнаце. Яны таксама ўпершыню будуць галасаваць. Разам з пракурорам Ленінскага раёна абмяркуем са студэнтамі пытанні кібербяспекі, інфармацыйнай гігіены ў інтэрнэце, а таксама растлумачым сапраўдную сацыяльна-палітычную абстаноўку ў Беларусі і за яе межамі. Акрамя таго, у снежні плануецца сустрэча з членамі Маладзёжнага парламента.

Нямала мерапрыемстваў праводзіцца і з працоўнымі калектывамі. Нам, мінчанам, якія выбіраліся ад сталіцы, у гэтым плане працаваць прасцей, паколькі наша акруга тут, на месцы. Таксама падчас тыдня работы ў акрузе праводзім прыёмы грамадзян, арганізуем дыялогавыя пляцоўкі.

Сёння асабліва важна сустракацца з людзьмі. Напярэдадні электаральнай кампаніі нашы «заходнія сябры» не дадуць нам спакойна жыць. Мы гэта бачым ужо цяпер. Я ўпэўнены, што падзеі 2020 года не паўторацца, але, тым не менш, неабходна быць гатовымі да ўсяго. У нас яшчэ выбары не прайшлі, а нашы заходнія «сябры-дэмакраты» кажуць, што не прызнаюць іх вынікі... Такія моманты будуць, таму сёння асабліва важна данесці да людзей, што неабходна выканаць свой грамадзянскі абавязак, прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць свой голас за стабільную Беларусь. Безумоўна, кожны будзе прымаць рашэнне сам, але абсалютна правільна сказаў адзін з кіраўнікоў ЦВК, што з першага студзеня пачнуцца перадвыбарчыя агітацыі. Пры гэтым дзейнаму кіраўніку дзяржавы, па сутнасці, агітаваць ні за што не трэба, таму што мы бачым, як развіваецца наша краіна і якіх вынікаў мы дасягнулі за апошнія 30 гадоў.

Самы важны і значны аспект работы на сёння — работа з моладдзю. Але не забываем і пра пажылых людзей. Літаральна на мінулым тыдні ў Ленінскім раёне прайшоў фестываль «Узрост без меж». Тады ў сталічным Палацы культуры сіламі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» быў арганізаваны канцэрт. Людзі з такім задавальненнем прыходзілі, паказвалі творчыя нумары, спявалі, танцавалі, чыталі вершы! На самай справе атрымалася вельмі відовішчнае мерапрыемства, якое сабрала поўную залу людзей, а ад ахвотных выступіць на сцэне не было адбою. Я лічу, што такія мерапрыемствы для нашых ветэранаў, пажылых людзей абавязкова трэба арганізоўваць і ўдзельнічаць у іх.

Па добрай традыцыі напярэдадні навагодніх свят вялікая ўвага будзе аддавацца самым маленькім жыхарам сталіцы. З 16 снежня стартуе рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці». У гэты ж дзень буду ўдзельнічаць у адкрыцці акцыі ў Ленінскім раёне на базе сярэдняй школы № 111 горада Мінска. Абавязкова будзем дарыць дзецям падарункі, а як жа інакш? Гэта ж Новы год!

Акрамя святочных мерапрыемстваў, штодзень жыву тымі праблемамі і задачамі, якія вырашае адміністрацыя Ленінскага раёна. Стараюся браць удзел ва ўсіх пасяджэннях адміністрацыі, правядзенні камісій па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Жыццё ў дэпутата сапраўды вельмі насычанае.

— Амаль усё сваё жыццё вы прысвяцілі ахове правапарадку. З чаго пачынаўся ваш працоўны шлях? Ці дапамагае такі вялікі і карысны досвед у вашай рабоце ў якасці дэпутата?

— Работу ў органах унутраных спраў пачынаў як інспектар па справах непаўналетніх, паколькі па першай адукацыі я настаўнік гісторыі, скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Затым так склалася, што пайшоў па міліцэйскім шляху.

Так і атрымалася, што больш як 30 гадоў адпрацаваў у органах унутраных спраў. А апошнія пяць гадоў да выбрання дэпутатам з’яўляўся начальнікам штаба МУС. Дарэчы, 30 лістапада быў Дзень утварэння штабных падраздзяленняў органаў унутраных спраў. Віншаваў сваіх былых калег, радуе, што мы не губляем кантакт. Важна і тое, што наша міліцэйскае ведамства заўсёды аказвае разнастайнае садзейнічанне ў маёй цяперашняй рабоце.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з архіва Ігара ПАШКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

«Якасць беларускай прадукцыі стала брэндам».

Сельская гаспадарка

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Вучоны — аб будучай пасяўной кампаніі.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.