Вы тут

Як кліматычныя анамаліі адбіваюцца на ўмовах надвор'я ў Беларусі?


У апошнія гады кліматычныя змены становяцца ўсё больш адчувальныя, што выклікае заканамерную цікавасць да іх прычын і наступстваў. Ці гатова наша краіна праводзіць аналіз кліматычнай сітуацыі, як анамаліі адбіваюцца на ўмовах надвор’я ў Беларусі? Пра гэтыя і іншыя пытанні распавялі эксперты.


Калі выпадзе снег?

Якім будзе надвор’е ў Беларусі зімой і ці чакаць пастаяннага снежнага покрыва, расказала начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Таццяна Чатырко. Паводле яе слоў, беларускія сіноптыкі супрацоўнічаюць з калегамі з гідраметслужбаў краін СНД у рамках Паўночна-Еўразійскага кліматычнага цэнтра. Двойчы на год — напрыканцы вясны і ў канцы восені — збіраецца Паўночна-Еўразійскі кліматычны форум для складання кансэнсуснага прагнозу на лета ці зіму. На зіму 2024–2025 гадоў такі прагноз таксама складзены.

«У Беларусі з вялікай доляй верагоднасці (больш за 50 %) гэтая зіма будзе ў цэлым цёплай. Чакаецца, што колькасць ападкаў будзе ў межах кліматычнай нормы. Але з-за павышанай тэмпературы ёсць верагоднасць, што ападкі ўсё ж такі будуць больш у змешанай і вадкай фазе. На падставе доўгатэрміновых прагнозаў на працяглае высокае снежнае покрыва пакуль разлічваць не даводзіцца. Але акцэнтую ўвагу на тым, што на працягу зімовага перыяду, як гэта характэрна для нашага тыпу клімату, будуць і істотныя маразы, і снег, і досыць высокія тэмпературы», — адзначыла Таццяна Чатырко.

Глабальныя змяненні

Што датычыцца першага месяца зімы, тут разлікі больш дакладныя, але ненамнога. «У рамках доўгатэрміновага прагназавання і дзякуючы пагадненню з нашымі расійскімі калегамі, у прыватнасці з Гідраметцэнтрам Расіі, якія для нас на сваіх вылічальных магутнасцях разлічваюць гэты прагноз, мы прыйшлі да меркавання, што снежань у цэлым будзе некалькі цяплей за кліматычную норму. Аднак варта ўлічваць, што гэта ўсярэднены паказчык. І на працягу снежня можа быць як вельмі цёплы перыяд, так і вельмі халодны, гэта зусім не выключана. Таму рэкамендую карыстацца прагнозамі не больш чым на тыдзень — гэта той перыяд, які дазваляе рабіць найбольш дакладныя прагнозы», — сказала Таццяна Чатырко.

Яна таксама адзначыла, што кожны год у сіноптыкаў загадзя пытаюцца, якім будзе надвор’е ў навагоднюю ноч. «Усё ж такі сучасны ўзровень прагназавання не дазваляе з належнай дакладнасцю спрагназаваць надвор’е за месяц у тым ці іншым пункце. За месяц мы можам спрагназаваць толькі анамалію тэмпературы або анамалію ападкаў, гэта значыць цяплей ці халадней будзе ў пэўным месяцы, наколькі вільготным або сухім ён будзе», — адзначыла начальнік службы метэаралагічных прагнозаў.

Пры гэтым спецыяліст лічыць, што змяненне клімату — ужо факт, які адбыўся: «Ні ў каго не ўзнікае сумненняў, усе гэта бачаць, усе гэта адзначаюць. Прычым, калі казаць аб глабальным змяненні клімату, гэта не толькі павышэнне тэмпературы паветра, але і больш частае ўзнікненне небяспечных гідраметэаралагічных з’яў і павелічэнне іх інтэнсіўнасці. Такое мы адзначаем і на тэрыторыі нашай краіны. І павышэнне тэмпературы, і некаторае зрушэнне працягласці сезонаў года, і экстрэмальныя з’явы надвор’я — усё пералічанае характэрна і для нас».

Выключна адрасная інфармацыя

Як адзначыў начальнік Дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» (Белгідрамет) Уладзімір Бабок, дзяржаўныя органы атрымліваюць самую разнастайную гідраметэаралагічную інфармацыю. Надзвычай важнай інфармацыяй для іх з’яўляюцца папярэджанні аб небяспечных і неспрыяльных гідраметэаралагічных з’явах, якія дазваляюць прыняць своечасовыя паведамляльныя меры, накіраваныя на памяншэнне наступстваў уздзеяння такіх з’яў як у галінах эканомікі, так і сярод насельніцтва.

Улічваючы асаблівасці дзейнасці арганізацый у розных галінах эканомікі, Белгідрамет прапануе паслугі па наладжванні адраснага абслугоўвання. Напрыклад, для лесагаспадарчых прадпрыемстваў (у тым ліку для запаведнікаў і нацыянальных паркаў) вядзецца падрыхтоўка разлікаў і прагнозаў гарымасці лясоў на 1–3 сутак.

Для аграпрамысловага комплексу падрыхтоўваюцца аграметэаралагічныя прагнозы рознай своечасовасці і спецыялізаваныя даклады, удакладненні агракліматычных паказчыкаў (сум актыўных тэмператур, пачатку і працягласці вегетацыйнага перыяду, умоў перазімоўкі і іншае). Сюды ўваходзяць звесткі аб аграметэаралагічных умовах, якія прывялі да пашкоджання і гібелі сельскагаспадарчых культур, лікавыя прагнозы метэаралагічных параметраў (вецер, ападкі, навальніцы, тэмпература паветра, вышыня снежнага покрыва) з дэталізацыяй па раённых цэнтрах краіны.

Арганізацыям паліўна-энергетычнага комплексу прапануецца прагноз сярэднясутачнай тэмпературы па пунктах размяшчэння энергааб’ектаў, гідралагічныя даныя аб узроўнях і тэмпературы вады ў рэках, стане воднага аб’екта, лядовых з’явах і характарыстыках ледзянога покрыва, прагнозы веснавога прытоку вады ў вадасховішчах, яе максімальных узроўняў у вясновае разводдзе, тэрмінаў выкрыцця рэк і пачатку лядовых з’яў.

Прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі атрымліваюць прагнозную інфармацыю аб пераходзе тэмпературы паветра праз нуль градусаў у бок паніжэння, сярэднясутачную тэмпературу для вызначэння працягласці ацяпляльнага перыяду.

Дакладны маніторынг

Як адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Раман Лабазнаў, яшчэ ў перыяд СССР Белгідрамет быў свайго роду выпрабавальным палігонам у засваенні новых тэхнічных сродкаў. 

У 1970-х гадах у гідраметэаралагічнай службе Беларусі ў першай з усіх саюзных рэспублік былі ўсталяваныя аўтаматычныя метэаралагічныя станцыі. Аднак у той час аўтаматызацыя назіральнай сеткі не атрымала развіцця.

Маштабная мадэрнізацыя назіральнай сеткі пачалася ў 2018 годзе пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы. У ходзе мадэрнізацыі была пашырана сетка прыземных метэаралагічных станцый. Калі да мадэрнізацыі налічвалася 51 метэаралагічная станцыя, то цяпер дзейнічае 68 пунктаў назіранняў, у тым ліку дзевяць у Мінску. Сетка была цалкам аўтаматызавана, на кожнай метэаралагічнай станцыі былі ўстаноўленыя метэаралагічныя інфармацыйныя вымяральныя сістэмы айчыннай вытворчасці («Пеленг») і Фінляндыі («Вайсала»). Работы па павелічэнні шчыльнасці сеткі прыземных метэаралагічных назіранняў будуць працягнутыя і ў найбліжэйшыя гады. Так, у 2025 годзе будуць устаноўлены пяць аўтаматычных метэаралагічных станцый, а таксама дадатковае абсталяванне для вымярэння колькасці ападкаў у Цэнтральным, Ленінскім і Маскоўскім раёнах Мінска.

У наступным годзе таксама ва ўмовах змянення клімату з мэтай паляпшэння забеспячэння спажыўцоў гідраметэаралагічнай інфармацыяй будуць прапанаваны рэкамендацыі па далейшым пашырэнні сеткі назіранняў з вызначэннем раёнаў з развітой інфраструктурай і з найбольшай паўтаральнасцю небяспечных гідраметэаралагічных з’яў.

Працуюць пяць сучасных доплераўскіх метэаралагічных радыёлакатараў (яны функцыянуюць у аэрапортах гарадоў Мінска, Брэста, Віцебска, Гродна і Гомеля). Радыус іх агляду складае 200 кіламетраў, частата назіранняў — кожныя дзесяць хвілін. Доплераўскія метэаралагічныя радыёлакатары з’яўляюцца самым эфектыўным інструментам для выяўлення кучава-дажджавых аблокаў, прагназавання навальніц, вызначэння ліўневых і градавых ачагоў.

Развіццё сеткі метэаралагічных радыёлакацыйных назіранняў дазволіла стварыць адзінае поле, што спрыяе павелічэнню своечасовасці папярэджанняў аб неспрыяльных і небяспечных з’явах надвор’я (навальніцы, шквалы, ліўні, град), у тым ліку ў інтарэсах грамадзянскай авіяцыі.

У нашай краіне паспяхова функцыянуе Нацыянальная сістэма маніторынгу навакольнага асяроддзя, якая ажыццяўляе пяць відаў маніторынгу: атмасфернага паветра, паверхневых вод, падземных вод, зямель (у частцы хімічнага забруджвання зямель), радыяцыйны маніторынг (з 13 арганізацыйна-самастойных і праводзяцца на агульных прынцыпах відаў маніторынгу навакольнага асяроддзя).

Белгідрамет удзельнічае ў рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі». Таму ўжо цяпер зацікаўленыя асобы могуць атрымаць поўную інфармацыю аб стане атмасфернага паветра ў 24 населеных пунктах Беларусі і Бярэзінскім біясферным запаведніку (летась уключаны гарады: Бяроза, Добруш, Смаргонь, Маладзечна, да канца 2024 года ў базу дададуць Глыбокае, Асіповічы, Петрыкаў).

У мэтах аб’яднання патэнцыялу інфармацыйных рэсурсаў экалагічнай інфармацыі ў адзіную інфармацыйную платформу прапрацоўваюцца пытанні ўключэння ў сістэму радыяцыйнага маніторынгу, маніторынгу зямель і маніторынгу паверхневых вод.

«Радыяцыйны маніторынг з’яўляецца важным кірункам работы Белгідрамета. У зонах патэнцыяльнага ўздзеяння атамных электрастанцый, размешчаных на сумежных з Беларуссю тэрыторыях, арганізавана сетка назіранняў. Гаворка ідзе пра Чарнобыльскую, Смаленскую, Ровенскую і Ігналінскую АЭС. На гэтых тэрыторыях устаноўлены 23 аўтаматычныя пункты вымярэнняў, якія ў рэжыме анлайн перадаюць інфармацыю аб стане радыяцыйнага фону. Беларуская АЭС таксама забяспечаная сеткай назіранняў. У нас дзесяць аўтаматычных пунктаў вымярэнняў, інфармацыя з якіх даступная ў інтэрнэце для кожнага карыстальніка. Можна ў любы час сутак азнаёміцца з вынікамі гэтых вымярэнняў», — сказаў Раман Лабазнаў.

Белгідрамет праводзіць вялікую работу па развіцці сеткі назіранняў, апрацоўцы даных з дапамогай праграмна-тэхнічнага комплексу, прызначанага для прагнозу патэнцыяльнага пераносу забруджвання ў выпадку тэхнагенных інцыдэнтаў і аварый. «Наш цэнтр валодае перадавымі тэхналогіямі ў галіне назіранняў і прагназавання», — падкрэсліў прадстаўнік Мінпрыроды.

Ён таксама адзначыў, што на Белгідрамет ускладаюцца функцыі сітуацыйна-крызіснага цэнтра Мінпрыроды, які забяспечвае эфектыўнае ўзаемадзеянне з іншымі ведамствамі, збор аператыўнай інфармацыі і яе перадачу ўсім зацікаўленым для прыняцця эфектыўных кіраўніцкіх рашэнняў у выпадку неабходнасці.

Чарнобыльская катастрофа паказала важнасць і неабходнасць падтрымання высокага ўзроўню нацыянальнай сістэмы ранняга выяўлення і абвяшчэння аб магчымых надзвычайных сітуацыях радыяцыйнага характару, а таксама стымулявала стварэнне і развіццё на тэрыторыі краіны аўтаматызаванай сістэмы кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў зонах уплыву АЭС. У нашай краіне функцыянуюць 120 пунктаў назіранняў радыяцыйнага маніторынгу, падкрэсліў Раман Лабазнаў.

Белгідрамет сутыкнуўся з масавай адмовай еўрапейскіх партнёраў у прадстаўленні даных, таму прыняты неабходныя меры па пашырэнні супрацоўніцтва з Расгідраметам. У сувязі з абмежаваннем у выкарыстанні спадарожнікавай інфармацыі Еўрапейскага касмічнага агенцтва EUMETSAT арганізавана ўзаемадзеянне з цэнтрам «Планета» ў частцы прадстаўлення даных спадарожнікавай інфармацыі, у тым ліку са спадарожнікавых апаратаў Расійскай Федэрацыі.

Арганізавана выкарыстанне распрацаванай Расгідраметам прадукцыі ў галіне авіяцыйных прагнозаў. У Белгідрамеце ўкаранілі сістэму «Метэапапярэджанне», распрацаваную расійскім Гідраметцэнтрам, сказаў Раман Лабазнаў. Гэта спрыяла ўключэнню ў «Глабальную сістэму апавяшчэння аб шматлікіх небяспеках» Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі і дазволіла атрымліваць інфармацыю аб небяспечных з’явах надвор’я на тэрыторыі сумежных краін.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Калі прычакаем зіму?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.