Яна апявае каларыт і шматграннасць адразу дзвюх культур — беларускай і індыйскай. Калі вярнуцца ў далёкае мінулае, простая беларуская дзяўчына нават і не ўяўляла сябе выканальніцай песень на хіндзі. А сёння спявачка з індыйскім акцэнтам вядомая не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пры ўсёй сваёй папулярнасці і зоркавым статусе артыстка захавала шырыню душы, адкрытасць, абвостранае пачуццё справядлівасці і вернасць роднаму краю. Аб гэтым і не толькі чытайце ў нашым інтэрв’ю з эстраднай спявачкай, адзінай выканальніцай індыйскіх песень, уладальніцай прэміі Сусветнай кнігі рэкордаў Лондана за ўнёсак у развіццё дзвюх культур — Беларусі і Індыі Святланай Агарвал.
— Любоў да музыкі ўвабрала з ранняга дзяцінства дзякуючы маёй творчай сям’і. Дзядуля Піліп быў вельмі таленавітым чалавекам, выдатна іграў на гармоніку, а таксама пісаў карціны і займаўся фатаграфіяй. Я любіла назіраць за творчасцю дзядулі і натхнялася яго талентамі. У нас дома заўсёды гучала музыка, а па святах усёй сям’ёй збіраліся і зацягвалі хорам песні пад дзядулін акампанемент. Мне падабаліся песні на розных мовах. А ў школьны час захапілася індыйскімі кінастужкамі, дзе асобнае месца ў маім сэрцы занялі індыйскія песні. Іх меладычнасць і своеасаблівае выкананне літаральна пакарылі мяне.
— Раскажыце, ці ёсць у вас музычная адукацыя? Якімі інструментамі валодаеце?
— У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, якія кардынальна адрозніваюцца адна ад адной. Спачатку скончыла БНТУ, дзе атрымала спецыяльнасць «Інжынер-педагог, выкладчык тэхнічных дысцыплін». Пазней ажыццявіла сваю мару і атрымала другую, ужо музычную, адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. І стала ў выніку артысткай эстрады і педагогам па вакале. Іграю на фартэпіяна, крыху валодаю гітарай, спрабавала бас-гітару і барабаны. Розныя інструменты пабывалі ў маіх руках. Увогуле, песня і музыка — гэта мая душа.
— Чаму выбралі такі рэдкі кірунак — выкананне на хіндзі?
— Можна сказаць, што гэты кірунак выбраў мяне. (Усміхаецца.) Мне запалі ў душу песні на хіндзі пасля прагляду індыйскіх фільмаў. Прыбягала дадому са школы і сядала за фартэпіяна, падыгрывала сабе і спявала індыйскія песні. Тады я яшчэ не разумела хіндзі, як чула словы, так і паўтарала іх.
Спявала і ва ўніверсітэце. Таксама была салісткай ВІА «Імпульс» у Палацы культуры. Пасля знаёмства са сваім будучым мужам, які аказаўся родам з Індыі, любоў да індыйскіх песень узмацнілася. Я стала вывучаць хіндзі, каб выконваць кампазіцыі асэнсавана, брала ўрокі вакалу ў прафесійных педагогаў. І ўжо тады часта бывала ў Індыі і знаёмілася з яе экзатычнай культурай.
— Святлана, а калі ўпершыню пачулі сваю песню па радыё, што адчулі?
— Я была бязмерна шчаслівая, бо мае песні пачулі родныя беларусы і людзі, якія жывуць за мяжой. Песня была на індыйскай мове, таму я не ведала, як успрымуць землякі экзотыку ў маім выкананні. Аднак музычныя рэдактары адзначылі мой вакал і бралі песні ў эфір. Я адчувала радасць, што мая праца знайшла водгук у сэрцах слухачоў. У сваю чаргу гэта давала матывацыю на далейшую творчасць.
— Здаецца, цяпер большасць рэпертуараў асобных выканаўцаў створаны на прынцыпе выпадковага набору слоў. На ваш погляд, такому мастацтву ёсць месца на сцэне?
— На мой погляд, у кожнага артыста і ў кожнай песні ёсць свая аўдыторыя. Кампазіцыі з лягчэйшымі, немудрагелістымі тэкстамі папулярныя, магчыма, таму, што яны простыя і адлюстроўваюць настрой ці рытм часу. Але я пераканана, што даўгавечнасць і глыбіня песні крыецца ў яе сэнсе. Музыка павінна кранаць душу, выклікаць эмоцыі, прымушаць задумацца. Вядома, месца ёсць усяму, але мне бліжэй песні з гісторыяй, якія будуць актуальныя гадамі, а не проста мімалётны трэнд.
— Якую са сваіх песень лічыце любімай?
— Думаю, у кожнага артыста ўсе песні любімыя. (Смяецца.) Маёй візітнай карткай з’яўляецца песня «Джымі аджа», яе напісаў легенда індыйскага дыска Бапі Лахіры, з якім мне пашчасціла пазнаёміцца і папрацаваць у Індыі.
— З кім з артыстаў беларускай эстрады сябруеце?
— У мяне склаліся цёплыя адносіны з многімі беларускімі артыстамі — з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Надзеяй Мікуліч, экс-вакалісткай ВІА «Верасы», з якой мы праводзілі сумесныя сольныя канцэрты па Беларусі, заслужаным артыстам Беларусі Аляксандрам Саладухам і з іншымі выдатнымі творцамі айчыннай эстрады.
У нашай сферы важна падтрымліваць адно аднаго і дзяліцца досведам. Мы часта стасуемся з калегамі на розных мерапрыемствах, абменьваемся думкамі і натхненнем.
— Як удаецца сумяшчаць і сям’ю, і кар’еру артысткі?
— Сумяшчаць сям’ю і кар’еру — гэта, безумоўна, выклік, але для мяне галоўнае — баланс і падтрымка блізкіх. Сям’я — мая крыніца натхнення і сілы, яна дае падтрымку і апору, а музыка — мая жарсць, якую не магу пакінуць. Увесь сакрэт у тым, што трэба правільна расстаўляць прыярытэты і планаваць сваю занятасць. Імкнуся надаваць час кожнаму аспекту жыцця: калі я з сям’ёй, то толькі з ёй, а калі працую над запісам песень ці здымкамі кліпа, то аддаюся працэсу цалкам.
— Вас часта пазнаюць на вуліцы?
— Часта. І на вуліцы, і ва ўстановах. Шмат хто пазнае па голасе. Аднойчы зайшла ў аптэку, у масцы і ў зімовай шапцы. Твару не было відаць зусім. Фармацэўт усміхнулася і кажа: «А я вас нядаўна бачыла па тэлевізары». Я тады вельмі здзівілася. (Усміхаецца.) Ці ў адным кафэ, куды зайшла выпіць кавы, бармэн паставіў мае песні. І тут я зразумела, што рассакрэчана. А мне ў той момант так хацелася адасобіцца і памарыць (Смяецца.). Але было вельмі прыемна.
— Які галоўны пасыл вашай творчасці?
— Дзяліцца шчырымі пачуццямі і яднаць людзей розных краін з дапамогай музыкі. Хачу, каб праз мае песні слухачы маглі адчуць свае эмоцыі, задумацца пра важныя моманты ў жыцці, знайсці суцяшэнне ці матывацыю. Усе мае творы пра каханне, я заўсёды імкнуся да таго, каб яны краналі сэрцы кожнага, хто іх пачуе.
— З кім з кампазітараў супрацоўнічаеце?
— Я супрацоўнічаю з многімі таленавітымі кампазітарамі. Кожны з іх па-свойму ўнікальны і дадае нешта асаблівае ў маю творчасць. Мне пашанцавала працаваць з тымі, хто адчувае музыку гэтак жа глыбока, як і я, дапамагае ўвасобіць мае ідэі ў жыццё. Сярод іх ёсць як кампазітары з вялікім досведам, так і маладыя, таленавітыя аўтары, якія прыносяць свежыя модныя ідэі.
— Якімі гучнымі прэм’ерамі парадавалі слухача апошнім часам?
— З апошніх навін гэта песня «Парфумер», на якую з камандай знялі кліп. Аўтар песні і рэжысёр кліпа Алеся Баярскіх. Галоўную мужчынскую ролю ў ім сыграў заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха. А зусім нядаўна прэзентавалі публіцы песню і кліп на індыйскай мове «Zubі Zubі». Тут ужо ў галоўнай мужчынскай ролі зняўся сапраўдны індыец. Яго завуць Навін Колі. Яркія маляўнічыя касцюмы, дэкарацыі, гарачыя танцы — усё гэта пра Зубі Зубі.
— Што параіце артысту-пачаткоўцу?
— Галоўнае — заўсёды быць адданым сабе і творчасці. Знайсці сваю ўнікальнасць у гучанні і стылі. Гэта будзе вылучаць і адлюстроўваць менавіта вас. Цярплівасць і праца — і ў вас усё атрымаецца!
Надзея ЗУЕВА
Фота з асабістага архіва артысткі
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.