Вы тут

Як навучаюць трактарыстаў-машыністаў у Вілейскім дзяржаўным каледжы


Гісторыя Вілейскага дзяржаўнага каледжа вельмі багатая і цікавая. Ён аб’яднаў у сабе чатыры навучальныя ўстановы, сярод якіх быў і Свірскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, у якім трактарыстаў рыхтавалі ажно з 1940 года. Сёння слаўныя традыцыі працягваюцца, і з года ў год навучальная ўстанова радуе працавітымі выпускнікамі. Карэспандэнт «ЧЗ» пабывала на індывідуальным практычным занятку і даведалася, як тут навучаюць трактарыстаў-машыністаў.


Трапляем у рамонтныя майстэрні. Да адпрацоўкі прыёмаў па індывідуальным ваджэнні рыхтуюцца майстар вытворчага навучання Васіль Ліпніцкі і навучэнец 3 курса Мікалай Дурэйка.

Васіль Уладзіміравіч вось ужо 25 гадоў у прафесіі і лічыць, што развіццё павінна быць пастаянным. Так, у свой час ад выпускніка аграрна-тэхнічнага каледжа ён вырас да майстра вышэйшай катэгорыі з дзвюма вышэйшымі адукацыямі.

— Трэба імкнуцца да новых дасягненняў. Час дыктуе свае ўмовы, таму сёння атрымліваць адукацыю і павышаць узровень ведаў — неабходнасць, — дзеліцца Васіль Ліпніцкі.

Навучанне будучых трактарыстаў-машыністаў — справа карпатлівая, патрабуецца ўвага да кожнага навучэнца. Менавіта таму на практычных занятках вялікія групы падзяляюцца на звёны па 5-6 чалавек. А потым і зусім настае чарга індывідуальнага ваджэння, дзе майстар займаецца з адным навучэнцам. Менавіта падчас такіх заняткаў, якія могуць доўжыцца да 4 гадзін, тэорыя аб’ядноўваецца з практыкай.

— Спачатку адпрацоўваем першапачатковыя навыкі на аўтадроме. Напрыклад, крананне з месца, пад’езд да прычапной сельскагаспадарчай прылады, праезд праз тунэль, рух па габарытнай васьмёрцы і гэтак далей. Пасля таго, як усе веды засвоены, перамяшчаемся на навучальныя палі, дзе ў рэальных умовах вучымся правільнаму ўзворванню, — распавядае Васіль Ліпніцкі.

На занятках майстар вытворчага навучання імкнецца максімальна прапрацаваць розныя складанасці, якія могуць узнікнуць.

— Важна ўмець падладжвацца пад абставіны. Толькі тэорыі тут сапраўды мала. Бо не існуе ідэальнага поля з падручнікаў. Усюды свае асаблівасці. Важна іх выявіць і апрацаваць зямлю прыгожа і якасна, — адзначае суразмоўнік.

Будні трактарыста-машыніста безумоўна нялёгкія. Трэба быць гатовым да разнастайнай працы на адкрытым паветры. Тут неабходны цягавітасць, фізічная сіла і здароўе, а яшчэ асабістая матывацыя. Так, паводле слоў майстра вытворчага навучання, у прафесіі застаюцца часцей за ўсё тыя, хто з дзяцінства быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Адным з такіх навучэнцаў і з’яўляецца Мікалай Дурэйка, з якім у той дзень адточвалі навыкі індывідуальнага ваджэння.

Малады чалавек родам з Вілейкі. Аднак у дзяцінстве часта бавіў час у вёсцы і ў калгасе.

— Цікавасць да трактароў мне прывіў бацька. Ён працаваў вальшчыкам у лесе. Так, у мяне з’явілася цяга да тэхнікі, асабліва вялікай. Машынай хто заўгодна можа кіраваць, а вось да трактара трэба прылаўчыцца, — дзеліцца малады чалавек.

Дарэчы, сёлета ён прадстаўляў сваю навучальную ўстанову на «ТрактарШоу» ў Смілавіцкім дзяржаўным каледжы. Пасля заканчэння вучобы перспектыва размеркавацца ў калгас яго зусім не палохае.

Прыемны бонус у тым, што пасля заканчэння вучобы Мікалай і яго аднагрупнікі атрымаюць адразу тры кваліфікацыі: трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, катэгорыі «C», электрагазазваршчык 3 разраду і вадзіцель аўтамабіля катэгорыі «С». Так што з працаўладкаваннем, напэўна, пытанняў не будзе.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.