Музейную экспазіцыю да 85-годдзя Брэсцкай вобласці стварылі ў Брэсцкім аблвыканкаме. Яе ўладкавалі на першым паверсе будынка выканкама. Галоўнай каштоўнасцю новага музея, несумненна, сталі ўнікальныя дакументы і фотаздымкі. А ўсяго тут сабрана каля двух соцень розных экспанатаў. Іх перадалі абласны архіў, занальныя архівы Баранавічаў, пінска, Кобрына, абласная бібліятэка імя М. Горкага, мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама Дзяржаўны архіў Расіі.
Тут можна найсці Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб утварэнні Брэсцкай вобласці ад 4 снежня 1939 года і пратакол пасяджэння Брэсцкага аблвыканкама, якое адбылося 13 снежня 1939 года. Знакавым дакументам варта лічыць і рашэнне Брэсцкага аблвыканкама, якое было прынята ў снежні 2002 года аб заснаванні герба і сцяга Брэсцкай вобласці.
Наведвальнік новай экспазіцыі знойдзе дакументальныя паведамленні, газетныя матэрыялы аб пуску заводаў і фабрык на Брэстчыне, аб адкрыцці новых навучальных устаноў. На ўнікальным архіўным здымку адлюстраваны момант знаёмства тагачаснага кіраўніка СССР Леаніда Брэжнева з прадукцыяй новага дывановага завода ў Брэсце. А на другім стэндзе змешчана фота хвалюючага моманту, калі кіраўнік нашай незалежнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адкрывае ў 2006 годзе Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Ёсць тут узнагароды, ёсць памятныя знакі-сувеніры, напрыклад, прысвечаныя 1000-годдзю Брэста, якое ўжо стала гісторыяй.
Яшчэ адна выстава, прысвечаная юбілею Брэстчыны, пад назвай «Эстафета пакаленняў. Нам — 85!» адкрылася ў абласным краязнаўчым музеі. Стваральнікі экспазіцыі расказваюць пра асноўныя этапы развіцця Брэстчыны праз лёсы і заслугі многіх вядомых асоб. На выставе прадстаўлены мемарыяльныя прадметы і асабістыя рэчы першага старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Длугашэўскага, першага беларускага касманаўта Пятра Клімука, знакамітага кінарэжысёра Міхаіла Пташука, першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата, вядомага пісьменніка Уладзіміра Калесніка, легендарных старшынь калгасаў і іншых асоб. Усяго на выставе 180 прадметаў, частка з якіх экспануецца ўпершыню.
А побач з Палацам спорту «Вікторыя», дзе пройдзе святочны канцэрт з нагоды 85-годдзя Брэсцкай вобласці, разгарнулася экспазіцыя дасягненняў раёнаў і прадпрыемстваў Брэстчыны. Тут можна ўбачыць прадукцыю лепшых перапрацоўчых і сельгаспрадпрыемстваў, узоры вырабаў брэндавых вытворцаў рэгіёна. Працуе выстава-дэгустацыя страў беларускай кухні і шмат чаго іншага.
Жыхароў Брэсцкай вобласці павіншаваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Працягваюць паступаць віншаванні ад палітыкаў, дзеячаў культуры, іншых вядомых людзей Беларусі і замежжа.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота БелТА
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат