Ва ўрачыстым сходзе з гэтай нагоды прынялі ўдзел кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны выбарчай сістэмы, прадстаўнікі СМІ, моладзь.
Віншаванне Прэзідэнта Беларусі ў сувязі з 35-годдзем Цэнтральнай выбарчай камісіі агучыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. «З дня свайго ўтварэння Цэнтрвыбаркам актыўна ўключыўся ў работу па фарміраванні інстытутаў народаўладдзя незалежнай беларускай дзяржавы, удасканаленні нацыянальнага заканадаўства, прававой асветы грамадзян, — сказана ў прывітальным адрасе. — Шмат у чым дзякуючы вашым намаганням выбары ў Беларусі сталі інструментам сапраўднай дэмакратыі, галоўнай формай праяўлення суверэнітэту нашага народа, адлюстраваннем яго палітычнай волі. Няўхільнае захаванне законнасці ў дзейнасці Цэнтрвыбаркама садзейнічае забеспячэнню палітычнай стабільнасці, захаванню грамадзянскага міру і згоды».
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што ўласцівыя калектыву ЦВК цвёрдасць перакананняў і адданасць роднай краіне, высокія прафесійныя і асобасныя якасці з’яўляюцца залогам новых здзяйсненняў на карысць Айчыны.
Ад сябе спікер Палаты прадстаўнікоў дадаў, што 35 гадоў — зусім невялікі адрэзак часу ў гісторыі краіны. «Але разам з тым, за гэты перыяд сфарміравана беларуская выбарчая сістэма, якая ўдасканальваецца і развіваецца, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — За плячыма — чатыры рэферэндумы, каля 30 выбарчых кампаній. За гэты перыяд напрацоўваўся самы сур’ёзны вопыт і сёння, углядаючыся ў тую гісторыю і ацэньваючы работу Цэнтральнай выбарчай камісіі, разумееш наколькі быў магутны ўклад менавіта ў стварэнне гэтай сістэмы».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу на тое, што нярэдка выбарчыя кампаніі ва ўсім свеце выкарыстоўваюцца як час для рознага роду дэструктыўных праяў, спроб змяніць палітычны курс той ці іншай дзяржавы. «І гэта мы назіралі перыядычна ў нашай краіне, — канстатаваў ён. — Дзякуючы выбудаванай сістэме дзяржаўнай улады, зладжанай працы Цэнтрвыбаркама, як найважнейшага дзяржаўнага інстытута, выбары праходзілі на найвышэйшым узроўні, годна і сур’ёзных узрушэнняў у грамадстве дапушчана не было».
Спікер нагадаў, што ў гэтым годзе ЦВК атрымаў вопыт правядзення выбараў у Адзіны дзень галасавання, ёсць і сёлетні досвед фарміравання дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Ігар Сергяенка выказаў упэўненасць, што і бягучая выбарчая кампанія, дзякуючы ў тым ліку намаганням супрацоўнікаў Цэнтрвыбаркама, пройдзе на найвышэйшым арганізацыйным узроўні.
«У Рэспубліцы Беларусь склалася свая суверэнная выбарчая сістэма, якая ўключае прававыя нормы, набор правіл, тэхналагічных метадаў работы, якія забяспечваюць і рэгулююць легітымнае фарміраванне органаў публічнай улады і выбранне грамадзян на дзяржаўныя пасады», — адзначыў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка.
Старшыня Цэнтрвыбаркама нагадаў гісторыю станаўлення выбарчай сістэмы на тэрыторыі Беларусі і звярнуў увагу на тое, што ў нашай краіне як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржаве выбары з’яўляюцца галоўнай формай праяўлення суверэнітэту народа, як адзінай крыніцы дзяржаўнай улады, адлюстраваннем яго палітычнай волі. «У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і дзеючым заканадаўствам, выбарчая сістэма ўключае розныя кампаненты і аб’ядноўвае ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу: ад арганізатараў выбараў, да канкрэтнага выбаршчыка ці кандыдата на выбарную пасаду», — канстатаваў ён.
У гэтым годзе Цэнтральная выбарчая камісія прыняла старшынство ў Кансультатыўным савеце кіраўнікоў выбарчых органаў дзяржаў — удзельніц СНД. «Менавіта такая структура запатрабавана сёння не толькі ў Садружнасці, але і за яе межамі, паколькі сучасныя міжнародныя адносіны характарызуюцца нарастаннем супярэчнасцяў паміж асноўнымі суб’ектамі сусветнай палітыкі, — удакладніў Ігар Карпенка. — Заходнія эліты навязваюць грамадскасці ўласныя палітычныя і сацыяльныя догмы, нейкія „ўніверсальныя“ дэмакратычныя стандарты дзяржаўнага ладу. Электаральныя кампаніі выкарыстоўваюцца імі як інструмент для дэстабілізацыі дзяржавы». У сувязі з гэтым, па словах старшыні ЦВК, патрабуецца пошук новых форм і шляхоў супрацьстаяння глабальнаму захаду, забеспячэння бяспекі, далейшага ўмацавання суверэнітэту дзяржаў і дзяржаўных інстытутаў з апорай на традыцыі і нацыянальныя асаблівасці, неацэнны досвед папярэдніх пакаленняў. «Умацаванне даверу грамадзян да выбарчай сістэмы, супрацьдзеянне знешняму ўмяшанню ў выбарчы працэс, барацьба з недакладнай інфармацыяй і фэйкамі — гэта тыя задачы, выкананне якіх з’яўляецца першарадным для арганізатараў выбараў, органаў заканадаўчай і выканаўчай улады», — рэзюмаваў Ігар Карпенка.
Віншавальныя словы ў адрас Цэнтрвыбаркама на ўрачыстым сходзе прагучалі ад кіраўнікоў многіх дзяржаўных органаў. Як заўважыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, 35 гадоў — гэта невялікі, але вельмі важны прамежак часу ў жыцці дзяржавы. Па яго словах, людзі, якія ў розны час узначальвалі Цэнтрвыбаркам, далі штуршок працэсу станаўлення і фарміравання нашай незалежнай і суверэннай дзяржавы. «Сёння ЦВК — гэта згуртаваны, прафесійны калектыў высокападрыхтаваных патрыётаў нашай краіны, якія стаяць у першым эшалоне абароны нашых нацыянальных інтарэсаў, у першым эшалоне абароны электаральнага суверэнітэту нашай краіны», — дадаў ён.
Падчас урачыстага сходу адбылася цырымонія ўзнагароджання нагрудным знакам адрознення «За асабісты ўклад у развіццё выбарчай сістэмы». Сярод узнагароджаных — тыя, хто сваёй дзейнасцю зрабіў нямала для развіцця сучаснай выбарчай сістэмы, у тым ліку Лідзія Ярмошына. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі (1996 — 2021 гг.) узгадала людзей, якія ўнеслі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё гэтага дзяржаўнага органа, выказала ўдзячнасць сваім настаўнікам і паплечнікам, якія з ёй працавалі.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.