Вы тут

Саюзныя дэпутаты падвялі вынікі сумеснай работы


З нагоды 25-годдзя падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбыўся відэамост Масква — Мінск, арганізаваны дэпутатамі Парламенцкага сходу. Саюзныя парламентарыі абмеркавалі актуальныя кірункі дзейнасці па будаўніцтве Саюзнай дзяржавы, яе месца ў міжнародных адносінах, асаблівую ўвагу ўдзялілі парламенцкай дзейнасці па інтэграцыі Беларусі і Расіі. Акрамя таго, былі разгледжаны пытанні развіцця паўнамоцтваў Парламенцкага сходу, збліжэння заканадаўства дзвюх краін, міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва, экалагічнага парадку дня, дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, патрыятычнага выхавання моладзі, забеспячэння ваеннай бяспекі і абароны Саюзнай дзяржавы.


«Лакаматыў руху наперад»

Як адзначыў старшыня Камісіі Парламенцкага сходу па міжнародных справах, міграцыйнай палітыцы і сувязях з суайчыннікамі, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей РАЧКОЎ, Саюзная дзяржава — гэта не толькі ўнутрыпалітычны праект Беларусі і Расіі. «Eн таксама выконвае вельмі важную знешнепалітычную функцыю і з'яўляецца ўнікальным з пункту гледжання міжнароднага права і міжнародных адносін, — удакладніў парламентарый. — Сёння Саюзная дзяржава заўважная на міжнароднай арэне, удзельнічае ў фарміраванні новага сусветнага парадку, пабудове шматпалярнага свету».

Па словах Сяргея Рачкова, Саюзная дзяржава дазволіла Беларусі і Расіі яшчэ больш аб'яднацца і супрацьстаяць незаконнаму санкцыйнаму ціску з боку краін Захаду. «Дзякуючы гэтаму яднанню мы здолелі вырашыць вельмі многія эканамічныя задачы, тавараабарот паміж нашымі краінамі значна павялічыўся, працягваюць вельмі актыўна развівацца сферы паслуг і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, — канкрэтызаваў дэпутат. — Фактычна Саюзная дзяржава становіцца пэўнай альтэрнатывай заходнім інтэграцыйным мадэлям».

Сяргей Рачкоў звярнуў увагу на тое, што інтэграцыйныя працэсы паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй ідуць вельмі актыўна, дынамічна і рэзультатыўна. «Калі яшчэ раз зазірнуць у 1999 год, то мы адзначым, наколькі час быў няпросты пасля спынення дзейнасці Савецкага Саюза, — нагадаў ён. — І дзве суверэнныя і незалежныя дзяржавы — Беларусь і Расія — вырашылі рушыць наперад на шляху інтэграцыйных працэсаў і падпісаць саюзны дагавор. Гэта дзіўны дакумент, які сёння, вядома, патрабуе не проста прадаўжэння работы і рэалізацыі, але і аналізу са знешнепалітычнага пункту гледжання. Бо пры падпісанні быў створаны Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы, Савет Міністраў, Парламенцкі сход. Нам трэба будзе яшчэ стварыць іншыя органы, якія будуць развіваць працэсы інтэграцыі паміж дзвюма дзяржавамі».

Парламентарый падкрэсліў, што за 25 гадоў краіны дабіліся сур'ёзных вынікаў. «Перш за ўсё ў чалавечым вымярэнні, — адзначыў Сяргей Рачкоў. — Сёння грамадзяне Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі маюць аднолькавыя правы, магчымасць жыць і працаваць як у Беларусі, так і ў Расіі, паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, атрымліваць адукацыю. Вельмі шмат дасягнута ў міжнародным пазіцыянаванні Саюзнай дзяржавы. Яна з'яўляецца прыкладам, а можа быць, і лакаматывам руху наперад у такіх аб'яднаннях, як СНД і ЕАЭС. Дзякуючы праграме сумесных дзеянняў у знешняй палітыцы, мы сёння пазіцыянуем Саюзную дзяржаву ў ААН і на іншых міжнародных пляцоўках, уключаючы парламенцкія. Таму мы падыходзім да юбілею з вельмі сур'ёзнымі вынікамі, але адназначна скажу, што наперадзе будзе выключна вялікая работа, каб у поўным аб'ёме рэалізаваць саюзны дагавор».

Магутны стымул узаемадзеяння

У развіцці адносін у рамках Саюзнай дзяржавы, па словах старшыні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па прамысловасці і гандлі Сяргея МІЦІНА, важнае значэнне мае Форум рэгіёнаў дзвюх краін. 

«Узаемаадносіны Беларусі і Расіі на ўзроўні рэгіёнаў стымулююць эканамічныя ўзаемаадносіны ў Саюзнай дзяржаве, — канкрэтызаваў парламентарый. — Форум рэгіёнаў — гэта грандыёзнае мерапрыемства. Кожны форум даваў новы штуршок тым магчымасцям, якія мае кожны суб'ект і Беларусі, і Расіі. У бягучым годзе мы даведаліся пра Віцебскую вобласць як вельмі магутнага гульца і ў сферы сельскай гаспадаркі, і ў сферы ветэрынарыі, вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў, машынабудаванні. На мой погляд, форум — магутны стымул узаемадзеяння».

Сяргей Міцін падзяліўся прыкладам, калі ўзаемадзеянне на ўзроўні рэгіёнаў Беларусі і Расіі дае магчымасць рэалізоўваць маштабныя краінавыя праекты. «Цяпер развіваецца найважнейшая сусветная транспартная структура — Паўночны марскі шлях, — канстатаваў дэпутат. — І было прыемна даведацца, што беларускі бок у Мурманску будуе партовую інфраструктуру. Там недахоп інфраструктуры, вельмі добра нашы беларускія калегі сарыентаваліся. І ў выніку Далёкі Усход прамой ніткай звяжацца з Беларуссю. Гэта вельмі добры прыклад, як рэгіёны могуць свае магчымасці прадставіць».

Адкрыты ўрок і маладзёжны хор

Як паведамілі падчас відэамоста, ва ўстановах адукацыі з 5 да 10 снежня пройдзе адзіны ўрок «Саюзная дзяржава. 25 гадоў разам», прысвечаны 25-годдзю падпісання Дагавора паміж Расійскай Федэрацыяй і Беларуссю «Аб стварэнні Саюзнай дзяржавы». Урок закліканы дапамагчы навучэнцам сфарміраваць уяўленне аб гісторыі Саюзнай дзяржавы, усвядоміць каштоўнасці дружбы паміж народамі Беларусі і Расіі, выхоўваць павагу да традыцый.

Акрамя таго, у Саюзнай дзяржаве плануецца стварыць Маладзёжны хор. У свой час па ініцыятыве Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па культуры, навуцы і адукацыі быў створаны маладзёжны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета.

«Мы прапанавалі па аналагу стварыць маладзёжны хор Саюзнай дзяржавы пад кіраўніцтвам дырыжора Георгія Сафонава, — распавёў старшыня Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па культуры, навуцы і адукацыі Мікалай БУРЛЯЕЎ. — Беларусы адбяруць для яго 20 сваіх маладых спевакоў, а нашы — 30 кансерваторцаў і выпускнікоў вучылішча імя Гнесіных. Будуць сабраны найлепшыя маладыя людзі, якія будуць выконваць абсалютна ўсё: і беларускія, і рускія песні, і Моцарта, і Баха, і Рахманінава».

Па словах парламентарыя, камісія прапанавала ідэю стварэння фільма аб прападобным Сергіі Раданежскім. «Акрамя таго, мы прапанавалі 30 міні-фільмаў да трох хвілін, ад сілы пяць хвілін, аб героях-падзвіжніках Беларусі, — дадаў Мікалай Бурляеў. — Пятнаццаць імён мы «ўваскрэсім» і пакажам у гэтых фільмах для моладзі, а таксама 15 найбуйнейшых расійскіх дзеячаў, гістарычна прызнаных. Тым самым у хуткім часе мы пакажам звар'яцеламу свету, што можна жыць, як мы жывём, рускія і беларусы. Што можна ўзвышаць душу, можна жыць, абапіраючыся на традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці».

Мікалай Бурляеў звярнуў увагу, што за час існавання камісіі зроблена вельмі шмат. «Мы працуем у абсалютным духоўным яднанні, і ў нас няма нейкіх супярэчнасцяў, — адзначыў ён. — У нас адна мэта: мы разумеем, што культура і культурная спадчына — гэта аснова ўсяго».

Паводле БелТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.