У Мсціслаўскім райсавеце эфектыўна ў плане вырашэння мясцовых праблем працуе такая форма, як семінар-нарада Дзень Савета. Выбіраецца адзін з сельсаветаў (а іх у раёне восем), і на яго прыкладзе аналізуецца ўся тая работа, якая тут праводзіцца рознымі суб’ектамі гаспадарання. Мэта — зрабіць жыццё сялян больш камфортным і якасным. Гэтым разам знаёміліся, як у азначаным кірунку працуе Сапрынавіцкі сельсавет. Мерапрыемства адбылося з удзелам члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні Магілёўскага аблсавета Аляксандра Гарошкіна, прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса і выканаўчай улады Мсціслаўскага раёна, кіраўнікоў мясцовых арганізацый.
Сёлетнім летам у вёсцы Сапрынавічы ўрачыста адкрылі спартыўную дзіцячую пляцоўку. Ініцыятыву па будаўніцтве, якая сыходзіла ад жыхароў, падтрымалі дэпутаты. Мясцовая гаспадарка ААТ «Кастрычнік» прадставіла неабходную тэхніку, на аб’екце шчыравалі і дарослыя, і дзеці. У выніку тут ёсць усё, што трэба для дзіцячага адпачынку: футбольныя вароты, арэлі, горкі. На гэтым месцы якраз і адбылася сустрэча жыхароў вёскі з удзельнікамі семінара-нарады.
— Вуліца наша невялікая, на ёй жывуць 21 дарослы і двое дзяцей, — расказала стараста Наталля Лосева. — Але падчас канікул да бабуль і дзядуляў прыязджае каля 20 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для дзяцей гэта пляцоўка вельмі важная і неабходная. Яны ганарацца, што бралі ўдзел у яе будаўніцтве, сочаць за парадкам, нічога не разбураюць. 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень дзяцей, мы рабілі тут вялікае свята з пачастункамі. Усім вельмі спадабалася.
Месца для пляцоўкі сапраўды ідэальнае. Выгляд надзвычай маляўнічы. Унізе возера, а за ім, як на далоні, сельскія домікі. Вельмі прыгожа.
— Тое, што зроблена сваімі рукамі, больш цэніцца, — даў адзнаку ініцыятыве Аляксандр Гарошкін. — Калі людзі разумеюць, што ім трэба, і самі гатовы працаваць, то і падыход зусім іншы.
Населены пункт быў пабудаваны ў 1990 годзе для перасяленцаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, але хутка стаў прывабны і для іншых жыхароў. Цяпер тут жывуць у міры і згодзе прадстаўнікі пяці нацыянальнасцяў. Аграгарадок развіваецца, будуюцца новыя аб’екты: напрыклад, царква.
Мець свой храм было запаветнай марай тутэйшых, і летась пачалося яго будаўніцтва. Грамадскую ініцыятыву падтрымалі сельгаспрадпрыемства «Кастрычнік», мясцовыя арганізацыі, прадпрымальнікі. Жыхары аграгарадка дапамагалі і фінансава, і фізічна.
У Разанцах дэпутаты падрабязна азнаёміліся з работай розных аб’ектаў.
Мясцовае аддзяленне сувязі аказвае шэраг паслуг, не толькі паштовых. І робіць гэта з выкарыстаннем сучасных тэхналогій.
— Кожнае аддзяленне сувязі ў раёне абсталяванае аўдыя- і відэакантролем, — паведаміла начальнік Мсціслаўскага раённага вузла паштовай сувязі Магілёўскага філіяла РУП «Белпошта» Галіна Заянчкоўская. — Паштальёны забяспечаны апаратна-праграмным комплексам «Мабільны паштальён», які дае магчымасць аказваць усе паслугі жыхарам аддалена.
Што датычыцца аддзялення паштовай сувязі ў Разанцах, то, як запэўніла Галіна Заянчкоўская, яно рэнтабельнае. Тавараабарот складае ў сярэднім 14 тысяч рублёў з ростам 123% да мінулага года.
Сваю дзейнасць прэзентавала прадпрыемства паслуг «Мсціслаўчанка».
Спецаўтамабіль арганізацыі па графіку аб’язджае глыбінку — збірае заказы на рамонт абутку, адзення. Тут жа можна заказаць сувенірную і тэкстыльную прадукцыю. Транспарт абсталяваны нават цырульняй.
Не было заўваг да работы крамы райспажыўтаварыства. Яе месячны тавараабарот складае 74 тысячы рублёў. У наяўнасці «малочка» некалькіх вытворцаў, хлеб, агародніна-садавіна, іншыя прадукты. Тут можна заказаць халадзільнік, тэлевізар, іншыя тавары.
Удзельнікі семінара ацанілі таксама магчымасці мясцовага ФАПа і наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Вынікі былі падведзены на пленарным пасяджэнні, якое прайшло на базе Разанцаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад — сярэдняя школа». Тут вучацца, наведваюць дзіцячы садок больш чым 100 дзяцей з аграгарадка і навакольных вёсак. Установа дапамагае развіваць дзецям іх творчы і спартыўны патэнцыял. У фае на другім паверсе, дзе адбылася выстаўка-прэзентацыя дасягненняў Савета, можна было ўбачыць, наколькі цікавым і насычаным жыццём тут жывуць. Уразіла вялікая колькасць спартыўных кубкаў, а ўжо ад століка, дзе падлеткі дэманстравалі смакату, якую яны робяць з садавіны-агародніны, адысці было немагчыма. Фрыпсы, цукаты, пасціла, мармелад, гарбата — м-м-м як смачна. Дзяцей тут з самага пачатку прывучаюць да працы, яны бачаць яе вынікі і натхняюцца.
Немагчыма было адысці і ад століка Анастасіі Смірновай. На выставе яна частавала смачнымі пірагамі і булачкамі. Жанчына родам з Санкт-Пецярбурга, скончыла там універсітэт, выйшла замуж і пераехала змужам на яго радзіму.
Аграгарадок ёй падабаецца — тут ціха, спакойна, няма мітусні. «Дзяцей трэба расціць у вёсцы, — перакананая яна. — У горад ужо і не цягне. Дом тут».
На пленарным пасяджэнні падрабязна расказвалася аб рабоце Сапрынавіцкага сельсавета ў цэлым і, у прыватнасці, са зваротамі грамадзян.
— Мы рыхтуемся да семінара-нарады загадзя, — адзначыла старшыня Мсціслаўскага райсавета Алена Клеянкова. — Адбыліся выезды ў аддаленыя і маланаселеныя пункты Сапрынавіцкага сельсавета, каб даведацца пра існыя там праблемы і знайсці шляхі вырашэння. Правялі сустрэчу з жыхарамі аграгарадка Разанцы. Быў падрыхтаваны пратакол даручэнняў па праблемных пытаннях, які на пленарным пасяджэнні прааналізавалі: што выканана, а што — не. Праводзім таксама анкетаванне грамадзян, каб выявіць праблемныя моманты. Жыхары даюць ацэнку дзейнасці дзяржаўных органаў, суб’ектаў гаспадарання, якія забяспечваюць жыццядзейнасць сельсавета, і мы працуем над недахопамі. Проста прыехаць і пахадзіць сэнсу няма. Гэта маштабная сістэмная работа, якая прадугледжвае аналіз праблем і іх вырашэнне.
Дзень Савета як маленькія «Дажынкі» Старшыня Сапрынавіцкага сельсавета Вера Агароднікава паведаміла, што да Дня Савета рыхтаваліся ўсе.
— Першай справай вызначылі аб’емы работ, дзе што трэба было падправіць, — падзялілася яна. — Нашы арганізацыі і ўстановы добра ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, дапамагаюць адна адной вырашаць розныя пытанні. Вялікую падтрымку аказвае сельгаспрадпрыемства «Кастрычнік», якое рамантуе дарогі, удзельнічае ў рэалізацыі ініцыятыў. Жыхары наводзілі парадак на сваіх тэрыторыях, стараліся, каб у іх было не горш, чым у цэнтры. Агароджы падправілі, параўнялі, хмызняк высякалі і нам яшчэ дапамаглі — зрабілі сумеснымі намаганнямі клумбу.
Сёлета семінар-нарада Дзень Савета праходзіў і ў Ходасаўскім сельсавеце.
— Такія мерапрыемствы даюць штуршок нашым новым ідэям і ініцыятывам, — лічыць старшыня гэтага сельсавета Анатоль Пруднікаў. — Вельмі добрая практыка — праводзіць перад Днём Савета анкетаванне насельніцтва.
Адразу ж бачна, што дзе не так. Дзякуючы гэтаму тэсціраванню, даведваемся, што турбуе насельніцтва. Напрыклад, жыхары вёскі Пячковічы папрасілі, каб мы для іх арганізавалі Дзень вёскі. І мы яго правялі. Там жыве ўсяго 12 чалавек, а на свята прыйшло 85. Прыехалі дзеці, унукі з суседніх абласцей. Некаторыя сем’і прысутнічалі аж у чатырох пакаленнях. Наогул Дзень Савета — гэта як невялікія «Дажынкі», яшчэ адна нагода правесці добраўпарадкаванне з удзелам арганізацый і прадпрыемстваў.
Старшыня Капачоўскага сельсавета Сяргей Фядосаў перакананы, што форма правядзення дзён Савета вельмі эфектыўная.
— Мерапрыемства праходзіць рэгулярна, двойчы ў год, і ахоплівае ўсе суб’екты гаспадарання, якія знаходзяцца на тэрыторыі, — адзначае ён. — Ездзім, глядзім, нешта потым укараняем у сябе. Самае карыснае, што сваімі дзеяннямі заахвочваем насельніцтва. Ад кожнага па крышачку, і тады ўсё агульнае будзе прыгожае.
Яго калега з Краснагорскага сельсавета Людміла Кавалёва, запэўніла, што такія мерапрыемствы дапамагаюць увесь час трымаць сябе ў тонусе. Хочацца ж быць не горш за іншых.
Як адзначыў старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Юрый Блахін, людзі павінны адчуваць, што мясцовая ўлада робіць усё магчымае, каб якасць іх жыцця павышалася.
— Вядома, не ўсё мяняецца за адно імгненне, — удакладніў ён. — Але мы чуем людзей і разумеем іх патрэбы.
Старшыня аблсавета Аляксандр Гарошкін адзначыў, што ў раёне наладжана выразная сістэма работы з насельніцтвам пачынаючы з пачатковага ўзроўню.
— Старасты, старшыні сельсаветаў плённа ўзаемадзейнічаюць з кіраўніцтвам раёна, — аргументаваў ён. — Гэта штодзённая сістэмная работа дае свой вынік. Мне падабаецца, што тут вялікі працэнт людзей, якія гатовыя самі ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні тэрыторыі, выступаюць з грамадзянскімі ініцыятывамі. Пабудаваць у аграгарадку храм — выдатная ініцыятыва. Людзі настроены працаваць і робяць гэта з жаданнем. Ну а выканаўчая і прадстаўнічая раённыя ўлады аказваюць дапамогу ў рэалізацыі іх ініцыятыў.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота аўтара.
Мсціслаўскі раён.
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.