На выязным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі ў Глыбокім абмеркавалі пытанні будаўніцтва інфраструктуры і жылля ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў 20 тысяч чалавек і менш.
У Беларусі налічваецца 22 991 сельскі населены пункт, уключаючы 738 аграгарадкоў. «Найбольшая колькасць сельскіх населеных пунктаў знаходзіцца ў Віцебскай вобласці — 6167, што гаворыць аб асаблівай актуальнасці тэмы пасяджэння для рэгіёна. Нягледзячы на тое што сукупная плошча сельскіх населеных пунктаў у краіне ў тры разы перавышае тэрыторыі, занятыя гарадскімі населенымі пунктамі, доля сельскага насельніцтва складае ўсяго 21 працэнт ад агульнай колькасці грамадзян краіны. Гэтая акалічнасць паказвае на неабходнасць прымянення асаблівых падыходаў пры забеспячэнні жыллём сельскага насельніцтва, а таксама патрабуе вялікіх аб’ёмаў фінансавання для забеспячэння камфортнага пражывання ў сельскай мясцовасці», — адзначыў у сваім дакладзе міністр архітэктуры і будаўніцтва Раман Пархамовіч.
Ён падкрэсліў, што за апошнія пяць гадоў колькасць сельскага насельніцтва знізілася на 8,5 працэнта. «Што ў сукупнасці са штогадовым будаўніцтвам жылля на сяле абумовіла паказчык забяспечанасці 40,1 метра квадратнага на аднаго чалавека. Сельскі жыллёвы фонд на канец 2023-га склаў 78,5 мільёна квадратных метраў жылля, або 28,5 працэнта ад усяго жылфонду краіны. У аднакватэрных жылых дамах пражывае практычна 83 працэнты сельскіх грамадзян. На канец 2023 года на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у сельскай мясцовасці знаходзіліся 51,5 тысячы грамадзян. За апошнія пяць гадоў іх колькасць знізілася на 12 працэнтаў. За названы перыяд у сельскай мясцовасці было пабудавана 6,4 мільёна квадратных метраў жылля. У бягучым годзе ў сельскіх населеных пунктах у эксплуатацыю ўведзена каля 980 тысяч квадратных метраў жылля, 220 тысяч з іх пабудавана з дзяржпадтрымкай. Гэтаму паспрыяў шырокі пералік формаў дзяржаўнай падтрымкі, устаноўленых дзейным заканадаўствам», — адзначыў Раман Віктаравіч.
«Вы сказалі, што паказчык забяспечанасці жыллём у сельскай мясцовасці — 40 метраў на чалавека. Гэта высокі паказчык, з улікам таго што па краіне ён складае 30 метраў. Але мы павінны разумець другое: кошт метра квадратнага на сяле вялікі. Не будаваць шматкватэрнае жыллё нельга. Трэба даць людзям дадатковыя прэферэнцыі, каб яны маглі будавацца і жыць у сельскіх населеных пунктах і гарадах з колькасцю насельніцтва 20 тысяч і менш», — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін расказаў, што ў 2023 годзе ў вобласці ўведзена ў эксплуатацыю ўжо 317 тысяч квадратных метраў жылля пры заданні 304 тысячы, пабудавана 538 кватэр для шматдзетных сем’яў, звыш 1300 арэндных кватэр, больш за 20 кватэр сацыяльнага карыстання для забеспячэння жыллём сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Такая ж сітуацыя працягваецца і сёлета. «На 2024 год Саветам Міністраў пастаўлена задача Віцебскай вобласці ўвесці ў эксплуатацыю 366 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў, што на 20 працэнтаў перавышае аб’ёмы жылля, якое ўзводзілася ў папярэднія гады. Таксама ў бягучым годзе неабходна забяспечыць жыллём 480 шматдзетных сем’яў, увесці ў эксплуатацыю амаль 30 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля, у тым ліку 15 тысяч — для ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб. У 2025 годзе запланавана ўзвядзенне жылля практычна ў кожным раённым цэнтры — Верхнядзвінску, Докшыцах, Паставах, Лепелі, Мёрах, Глыбокім, Браславе, Шаркоўшчыне, Шуміліне і іншых», — адзначыў кіраўнік паўночнага рэгіёна.
Гаворачы аб праблемных момантах, Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што недахоп фінансавання запавольвае працэс будаўніцтва ў малых гарадах і сельскіх населеных пунктах. Другая прычына — адток спецыялістаў, за апошнія гады на тэрыторыі рэгіёна рэарганізавана і знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі пяць будаўнічых арганізацый. У васьмі раёнах вобласці будаўнічыя арганізацыі адсутнічаюць увогуле. У сувязі з гэтым у вобласці назіраецца дэфіцыт кадраў, у прыватнасці муляраў.
Нягледзячы на сярэднюю зарплату па вобласці ў 2500 рублёў, будаўнікі аддаюць перавагу аб’ектам Мінскай вобласці і найбліжэйшых гарадоў Расійскай Федэрацыі.
Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі расказаў, што адным з прыярытэтных кірункаў развіцця раёна з’яўляецца жыллёвае будаўніцтва з апераджальным будаўніцтвам інжынерна-транспартнай інфраструктуры. «Так, у новым мікрараёне шматкватэрнай жылой забудовы „Паўночны“ пабудавана 17 жылых дамоў з пакватэрным ацяпленнем на прыродным газе.
У гэтых дамах палепшылі жыллёвыя ўмовы 1014 сем’яў, з іх 261 — шматдзетная. У мікрараёне пабудаваны дзіцячы сад на 200 месцаў, гандлёвы цэнтр, стаянка аўтамабіляў; уладкаваны парк „Паўночны“ з дзіцячай гульнявой і спартыўнай пляцоўкамі; высаджана 640 дрэў.
Індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва вядзецца ў раёне вуліцы Радужнай, дзе створана інжынерна-транспартная інфраструктура для будаўніцтва 270 індывідуальных жылых дамоў. За бягучую пяцігодку ў Глыбоцкім раёне ўведзена ў эксплуатацыю 63 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў, у тым ліку 15 тысяч квадратных метраў — гэта шматкватэрныя жылыя дамы, 48 тысяч квадратных метраў — аднакватэрныя.
Ад агульнага аб’ёму ўведзенага ў эксплуатацыю жылля доля індывідуальнага складае 75 працэнтаў. За студзень—кастрычнік 2024 года ў Глыбоцкім раёне ўведзена ў эксплуатацыю 9,4 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў, у тым ліку 23 індывідуальныя жылыя дамы і адзін 60-кватэрны жылы дом, у якім 18 кватэр прызначана для шматдзетных сем’яў, 24 кватэры адведзена пад арэнднае жыллё», — сказаў Аляксандр Шубскі.
Кіраўнік Глыбоччыны таксама ўнёс шэраг прапаноў, накіраваных на прыток насельніцтва ў горад і населеныя пункты раёна. Сярод іх — для падтрымкі і развіцця малых паселішчаў упаўнаважыць раённыя выканаўчыя камітэты на рашэнне аб даванні арэнднага жылля ў першую чаргу работнікам і спецыялістам, насельніцтву раёна, якія маюць патрэбу ў жыллі; разгледзець пытанне аб павелічэнні нарматыву льготна крэдытаванай плошчы для жыхароў населеных пунктаў да 20 тысяч чалавек; абмеркаваць магчымасць выкупу арэнднага жылля наймальнікамі, якія адпрацавалі ў арганізацыі не менш за 15 гадоў; павялічыць фінансаванне будаўніцтва аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры і сацыяльнага жылля.
Акрамя таго, надзённай праблемай для горада Глыбокае з’яўляецца пытанне пітнога водазабеспячэння. Патрабуецца рэканструкцыя існага водазабору або магчымае будаўніцтва новага для забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц адзначыў, што вялікую ўвагу трэба надаць будаўніцтву арэнднага жылля — варыянта, прывабнага для многіх беларусаў. «Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне, якое датычыцца развіцця сельскіх тэрыторый і замацавання кадраў на вёсцы. Прэзідэнтам было даручана разгледзець пытанні будаўніцтва індывідуальнага і арэнднага жылля ў такіх населеных пунктах, у тым ліку з магчымасцю наступнага выкупу гэтага жылля. Мы бачым, што ўсё больш і больш нашы грамадзяне гатовыя пайсці на тое, каб усяліцца менавіта ў арэнднае жыллё. Яно больш даступнае і перспектыўнае. І для прадпрыемстваў: калі чалавек усяліўся ў арэнднае жыллё і сябе зарэкамендаваў з добрых пазіцый, ёсць шанц выкупіць жыллё ў прыватную ўласнасць. Таму ўсе прыёмы добрыя, каб забяспечыць замацаванне кадраў на вёсцы», — дадаў Леанід Заяц.
Падводзячы вынікі выязнога пасяджэння, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла: «Як сказаў наш Прэзідэнт, мэта беларусаў у Год якасці — перасягнуць сябе ва ўсіх сферах жыцця. Гэты тэзіс цалкам адносіцца да тэмы нашай сённяшняй сустрэчы. Калі мы прыязджаем у такія невялікія гарады, мы бачым, наколькі тут выдатная аўра, добрыя людзі жывуць. Нам трэба зрабіць усё, каб моладзь, якая размяркоўваецца, прыязджала і заставалася тут, стварала сем’і, нараджала дзяцей. На мой погляд, сёння ў нашай краіне ёсць усе ўмовы для таго, каб людзі заставаліся і жылі ў такіх гарадах. Акрамя будаўніцтва жылля, неабходна ствараць якасную інфраструктуру, наяўнасць якой не толькі ўтрымлівае насельніцтва, але і прыцягвае новых жыхароў, фарміруючы тым самым спрыяльны фон для далейшага развіцця. Ва ўмовах глабалізацыі, урбанізацыі і пераходу да новых эканамічных мадэляў эфектыўнасць кіравання пытаннямі будаўніцтва жылля і ўладкавання інфраструктуры становіцца крытычна важнай: гэта не толькі камфортнае пражыванне людзей, гэта свайго роду ключ да развіцця моцных і ўстойлівых рэгіёнаў. Таму дадзеная тэма з’яўляецца аб’ектам асаблівай увагі Савета Рэспублікі як палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва», — заключыла Наталля Іванаўна.
Аляксандра Гвоздзева.
У гэты ж дзень Старшыня Савета Рэспублікі сустрэлася з педагагічным калектывам і навучэнцамі старшых класаў Глыбоцкай раённай гімназіі. Падчас адкрытага дыялогу з моладдзю Качанава закранула тэму дасягненняў нашай незалежнай краіны за 30-гадовы шлях; палітыкі, якая праводзіцца Прэзідэнтам для захавання міру і спакою ў вельмі няпросты час; важнасці будучай выбарчай кампаніі і арыентацыі ў інфармацыйным полі.
«Унутраная палітыка нашай дзяржавы накіравана перш за ўсё на чалавека, яго магчымасці, патрэбы, праблемы. З году ў год робіцца ўсё для таго, каб нашым людзям жылося больш камфортна. Калі казаць пра знешнюю палітыку нашай краіны, то перш за ўсё гэта мір і згода. Ніколі наша краіна нікому не пагражала і пагражаць не будзе. Мы ніколі не падтрымлівалі ваенныя канфлікты. Мы заўсёды казалі, што трэба дамаўляцца мірным шляхам. І сёння, калі на планеце так шмат гарачых пунктаў, вядома, нас не можа гэта не хваляваць і не турбаваць. Сёння самае галоўнае — каб былі мір і спакой на зямлі», — сказала спікер.
Звяртаючыся да маладых людзей, Наталля Іванаўна падкрэсліла, што такога стаўлення да моладзі, як у нашай краіне, цяжка дзесьці знайсці. «У нас 50 законаў, якія ў той ці іншай меры рэгулююць дзейнасць моладзі, даюць магчымасць маладым людзям жыць, вучыцца і працаваць у нашай краіне», — адзначыла Наталля Качанава.
Напрыканцы сустрэчы Старшыня Савета Рэспублікі ўручыла ўстанове адукацыі сертыфікат на набыццё камп’ютарнай тэхнікі, а калектыў і навучэнцы гімназіі, у сваю чаргу, падарылі Наталлі Іванаўне ляльку-глыбачанку, якая сімвалізуе цеплыню і гасціннасць вішнёвай сталіцы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.