Вы тут

Як закрыццё польскіх пунктаў пропуску паўплывала на падарожнікаў і жыхароў пагранічча?


Да сакавіка 2020 года ездзіць у Польшчу можна было праз тры аўтадарожныя пасажырскія пункты пропуску ў Брэсцкім рэгіёне — Дамачава, Брэст і Пясчатка. Больш за чатыры гады таму пад маркай пандэміі COVІD-19 Польшча ў аднабаковым парадку закрыла свае пункты пропуску Славатычэ (Дамачава) і Палаўцы (Пясчатка). Нягледзячы на тое што ўсе каранавірусныя абмежаванні ўжо даўно адменены, работа ў двух міжнародных пунктах пропуску да гэтага часу не адноўлена. Колькі часу займае перасячэнне граніцы і як закрыццё пунктаў пропуску адбіваецца на людзях? Як пункт пропуску Дамачава дапамагаў «разгрузіць» Брэст у перыяды вялікай загружанасці? Як паўплывала закрыццё сумежнага пункта пропуску на жыццё ў гарадскім пасёлку Дамачава і што пра гэта думаюць мясцовыя жыхары? У пошуках адказаў на такія пытанні мы накіраваліся на беларуска-польскую граніцу.


«У асноўным — гэта ціхі жах»

Цяпер увесь паток легкавых аўто вымушаны рухацца з Беларусі ў Польшчу праз адзіны пагранпераход Цярэспаль (Брэст). Вынік — вялізныя чэргі з аўтобусаў і легкавушак і пакутлівае чаканне ўезду на сумежную тэрыторыю.

— Пасля закрыцця польскім бокам іншых аўтадарожных пасажырскіх пунктаў пропуску на шляху ў Еўрасаюз перад пагранпераходам Цярэспаль (з беларускага боку — Брэст) сфарміравалася так званае бутэлечнае рыльца, куды накіроўваюцца ўсе, хто мае намер трапіць у Польшчу. У сувязі з гэтым збіраецца вялікая колькасць транспарту. Пікавыя значэнні чэргаў дасягалі 1700 легкавых транспартных сродкаў і 100 аўтобусаў, — расказвае намеснік начальніка аддзялення пагранічнага кантролю  «Варшаўскі мост» капітан Яўген Карэйва.

Тут варта адзначыць, што кантрольныя службы польскага пагранпераходу Цярэспаль працуюць на мінімуме сваіх магчымасцяў. Прапускная здольнасць вызначана двухбаковымі дамоўленасцямі і разлічана на больш чым 70 аўтамабіляў за гадзіну. Зыходзячы са статыстыкі, якую Дзяржпагранкамітэт штодня публікуе ў сваіх каналах камунікацыі, польскі бок у сярэднім прымае на сваю тэрыторыю каля 20 машын за гадзіну, а гэта менш за 30 працэнтаў ад устаноўленай нормы.

— Раз на раз не прыходзіцца, але ў асноўным — гэта ціхі жах, — дзеліцца сваімі ўражаннямі мінчанін, які выязджае з Беларусі. — Ты прыязджаеш на граніцу з дзіцем або з сям’ёй, стаіш тут усю ноч, потым у Польшчу выязджаеш і проста ўжо няма сіл ехаць далей. Даводзіцца класціся спаць, бо небяспечна ў такім стане быць за рулём. Вядома, гэта ўсё дрэнна адбіваецца на простых людзях, і няважна, ездзяць яны па пакупкі ці на адпачынак — дрэнна ўсім аднолькава.

— Я лічу, што трэба хутчэй адкрываць усе польскія пункты пропуску. У кагосьці там сябры, сваякі, а ў кагосьці ў Беларусі, напрыклад, дзеці. Людзі банальна не могуць трапіць да сваіх блізкіх, — абураецца яшчэ адзін мужчына, які чакае сваёй чаргі.

— У вас ёсць знаёмыя, якія перасталі ездзіць з-за таго, што цяпер працуе толькі адзін пункт пропуску?

— Не, усе ездзяць, толькі праводзяць нашмат больш часу ў нудным чаканні ўезду ў Польшчу. Добра, што на беларускім баку ўвялі электронную чаргу перад пунктам пропуску. Цяпер можна адсочваць сваю пазіцыю ў чарзе анлайн на сайце і паехаць у Брэст, пагуляць па горадзе, зняць кватэру, адпачыць. Раней я прыязджаў, займаў месца і стаяў перад пунктам пропуску некалькі сутак, а потым і ўсярэдзіне яго яшчэ суткі. Такое не кожны вытрымае. Цяпер стала больш камфортна.

Гэта не першы чалавек, які за час нашага знаходжання ў пункце пропуску Брэст ацаніў эфектыўнасць новаўвядзення з электроннай чаргой. Згодна з новымі правіламі, пасля рэгістрацыі не трэба стаяць у чарзе. У зону чакання можна прыехаць, калі выклічуць у пункт пропуску з дапамогай тэлефоннага званка або паведамлення ў месенджары. Таксама чалавек можа сам адсочваць чаргу анлайн на сайце Белмытсэрвісу.

«Альтэрнатывы ў перасячэнні граніцы няма»

У пустым пункце пропуску Дамачава нас сустрэў начальнік аддзялення пагранкантролю падпалкоўнік Юрый Пішчык, які расказаў пра сітуацыю, што склалася. Сумежны польскі пункт пропуску Славатычэ не функцыянуе з 2020 года, з таго моманту, як Польшча ўвяла абмежаванні, звязаныя з пандэміяй каранавіруса.

— Да прыпынення пропуску Польшчай штодзень у пункце пропуску Дамачава перасякалі граніцу да 4000 чалавек, да 1500 легкавых і да 100 грузавых транспартных сродкаў. Вось ужо чатыры гады закрыты іх пункт пропуску, хоць усе ковідныя абмежаванні зняты. На ратацыйнай аснове частка вайскоўцаў нашага падраздзялення была накіравана ў дзейныя пункты пропуску, дзе нагрузка на асабовы склад павялічылася.

Мы неаднаразова заклікалі і працягваем заклікаць польскі бок да аднаўлення пропуску праз граніцу, але, на жаль, нас не чуюць ці не хочуць чуць. У той жа час беларускі бок заўсёды гатовы да афармлення фізічных асоб і транспартных сродкаў, — падсумаваў афіцэр.

Ваеннаслужачая аддзялення пагранічнага кантролю «Дамачава» старшы прапаршчык Святлана Амяляшчык расказала нам пра даковідныя часы і катэгорыі грамадзян, якія рухаліся праз пункт пропуску ў той час.

— У асноўным граніцу перасякалі мясцовыя жыхары з найбліжэйшых польскіх і беларускіх населеных пунктаў. Іншаземцы, якія не хацелі доўга стаяць у чэргах перад іншымі пагранпераходамі, прыязджалі да нас. Як правіла, у Дамачаве быў меншы пасажырапаток і знаходзілася менш транспарту. Цяпер жа ў падарожнікаў альтэрнатывы ў перасячэнні граніцы на беларуска-польскім напрамку няма — функцыянуе толькі адзін міжнародны аўтадарожны пункт пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль).

«Скардзяцца і палякі, і нашы людзі»

Побач з пунктам пропуску Дамачава ёсць аднайменны гарадскі пасёлак. Мясцовыя жыхары за чатыры гады ўжо прывыклі да неабдуманага рашэння польскіх улад закрыць сумежны пункт пропуску, але ўсё ж спадзяюцца на лепшае.

— Некалькі слоў хацелася б сказаць аб кірунках міжнароднага супрацоўніцтва на ўзроўні нашага сельскага Савета і гміны Славатычэ, — пачынае старшыня Дамачаўскага сельскага выканкама Анатоль Струк. — У нас былі заключаны двухбаковыя дагаворы ў спорце, турызме, культурнай сферы, у прыгранічным супрацоўніцтве. Былі ідэі аб стварэнні сумесных вытворчасцяў, прадпрыемстваў. Адна з такіх ідэй — будаўніцтва невялікага завода па перапрацоўцы буякоў. У гэтым раёне шмат ягадніку. Людзі прафесійна займаюцца апрацоўкай буякоў, малін, іншых ягад.

Другі кірунак — стварэнне краязнаўчага музея. Мы пачалі збіраць розныя экспанаты, хацелі зрабіць сядзібу з мясцовай кухняй, якая складалася б са страў польскай, беларускай і галандскай. Дарэчы, тут, у Дамачаве, у ХVІ стагоддзі пасяліліся галандцы. Да гэтага часу па іх рэцэптах вараць сыры.

Яшчэ адзін кірунак, у якім польскі бок быў вельмі зацікаўлены, — мясцовы турызм. Да нас прыязджалі прадстаўнікі вялікай турыстычнай фірмы з Кракава, хацелі арганізоўваць сплаў па рацэ Буг і шмат іншага. Усё гэта засталося на стадыі распрацоўкі.

Пасля спынення пропуску праз граніцу ў сувязі з пандэміяй каранавіруса ў нас з польскім мясцовым кіраўніцтвам рэзка абарваліся сувязі, прычым па іх ініцыятыве. Яны проста перасталі адказваць на званкі, кантактаваць, тым самым замарозіліся ўсе нашы праекты. А яны былі добрыя, з доўгатэрміновай пазітыўнай перспектывай.

— Людзі, якія раней часта ездзілі, цяпер працягваюць ездзіць? Ці большасць адмовілася?

— Людзі, якія сёння не знайшлі работу тут, працягваюць ездзіць. Гэта адзінкі. Што дачыцца культурных сувязяў і прыватных, вядома, іх колькасць зменшылася. Скардзяцца і палякі, скардзяцца і нашы людзі. У нас жа шмат сувязяў на ўзроўні сем’яў. Нашы дзяўчаты ў Польшчу замуж выходзілі. Шмат палякаў, якія тут жывуць. І наадварот. А ўвогуле мясцовыя людзі кажуць: «Дамачава — партовы горад». Раней, у савецкія часы, на кожнае свята адкрывалася граніца і сюды аўтобусамі заязджалі турысты. На стадыёне праводзіліся ўрачыстасці ў вельмі цёплай добрасуседскай атмасферы.

У мясцовай краме нас сустрэла ўсмешлівая прадавец. Жанчына да гэтага працавала ў страхавой кампаніі ў пункце пропуску Дамачава.

— Я не сказала б, што маё жыццё неяк кардынальна памянялася пасля закрыцця граніцы. Выязждалі раней у Польшчу па тавары нейкія. Цяпер тут дастаткова разнастайны асартымент, усяго хапае. У перыяд, калі я працавала ў нашым пункце пропуску, шмат палякаў было, з імі кантактавалі. Яны расказвалі, што наведвалі сваякоў і турыстычныя мясціны, на штогадовы фестываль. Цяпер, вядома, сумна, што такая сітуацыя.

Яшчэ адзін мясцовы жыхар падзяліўся сваёй думкай аб закрыцці сумежнага пункта пропуску і парушэнні сацыяльных сувязяў.

— У мяне шмат знаёмых у суседнім Славатычэ. Сустрэчы, сумесныя святы — гэта ўсё было часткай нашага жыцця. Цяпер толькі па тэлефоне кантактуем. Унучка мая замуж за паляка выйшла — раней часцей сустракаліся, цяпер значна радзей. Палякі ўвесь час ездзілі да нас па прадукты, тавары, хтосьці на рынак, хтосьці ў госці. Спадзяюся на хуткае адкрыццё граніцы. Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны. Важна, каб граніца не падзяляла нас, а аб’ядноўвала, — рэзюмаваў мужчына.

* * *

Сітуацыя на граніцы з Польшчай, абумоўленая аднабаковым закрыццём сумежнай краінай сваіх пунктаў пропуску, негатыўна адбіваецца як на падарожніках, так і на жыхарах прыгранічных раёнаў па абодва бакі. Доўгія чэргі і шматгадзіннае чаканне ўезду ў Польшчу перад адзіным пасажырскім пунктам пропуску Брэст не садзейнічаюць развіццю турызму, бізнесу і, банальна, сацыяльным сувязям.

Нягледзячы на недружалюбныя крокі польскіх улад, Беларусь працягвае дэманстраваць адкрытасць для замежнікаў, якія прыязджаюць да нас па «бязвізе». Дзякуючы новаўвядзенню грамадзяне многіх краін Еўропы маюць магчымасць наведваць Беларусь і бачыць наша жыццё на ўласныя вочы.

Разам з тым ключавым фактарам для нармалізацыі сітуацыі і ўзмацнення эканамічных і гуманітарных сувязяў паміж дзвюма краінамі з’яўляецца поўнае аднаўленне работы ўсіх пунктаў пропуску, да чаго мы неаднаразова заклікалі нашых суседзяў.

Яўген Пячорын.

Фота Сяргея Каржыцкага. 

Прэс-служба Дзяржпагранкамітэта.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.