З надыходам зімы ў наша жыццё разам з холадам урываецца віхор сезонных ВРВІ. Як абараніць сябе і блізкіх? Пра меры прафілактыкі і ўмацаванне імунітэту расказала ўрач-гігіеніст, загадчык аддзялення інфармацыйна-метадычнай работы аддзела грамадскага здароўя Алена ЛОЙКА.
Самыя распаўсюджаныя захворванні ў халодны перыяд года — вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ).
— Прастудныя вірусныя захворванні выклікаюць розныя штамы вірусаў — іх больш за 150. Вялікая колькасць саміх рэспіраторных узбуджальнікаў, іх разнастайнасць вызначае магчымасць развіцця паўторнага захворвання.
Шырокаму распаўсюджванню ВРВІ спрыяюць досыць «эфектыўныя» шляхі перадачы інфекцыі — паветрана-кропельны і кантактна-бытавы, — нагадвае ўрач.
Ад моманту заражэння да першых праяў хваробы праходзіць некалькі дзён (ад 1 да 4), гэты перыяд называецца інкубацыйным.
Нярэдка можна пачуць, што ВРВІ і грып — гэта адно і тое ж, па сутнасці, так і ёсць. Аднак найважнейшае адрозненне грыпу ад іншых
ВРВІ — яго масавасць і эпідэмічнае распаўсюджванне, якое характарызуецца цяжарам хваробы і яе лячэння.
Прафілактыка прастуды падзяляецца на спецыфічную і неспецыфічную.
Адзіным метадам спецыфічнай прафілактыкі грыпу з’яўляецца вакцынацыя.
Прышчэпка забяспечвае выпрацоўку ахоўных антыцел для барацьбы з інфекцыяй.
Супраціўляльнасць імуннай сістэмы чалавека таксама можна павысіць, не пакінуўшы прастудзе ніякіх шанцаў, выконваючы меры неспецыфічнай прафілактыкі.
Найперш — правільна і паўнавартасна харчавацца. Ежа павінна ўтрымліваць дастатковую колькасць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў і мікраэлементаў. Спрыяльна ўплываюць на імунітэт такія прадукты, як марская рыба, алей, семачкі і арэхі. Асаблівую ўвагу аддайце вітаміну С, які змяшчаецца ў шыпшыне, журавінах, чорных парэчках, брусніцах, малінах і цытрусавых, квашанай капусце. Варта дапоўніць свой рацыён такой агароднінай, як цыбуля і часнок. У восеньска-веснавы перыяд, калі колькасць агародніны і садавіны ў рацыёне змяншаецца, магчымы дадатковы прыём комплексу вітамінаў.
Важна займацца фізічнымі практыкаваннямі і загартоўвацца. Людзі, якія вядуць актыўны лад жыцця, значна радзей падвяргаюцца прастудным захворванням. Калі няма часу на наведванне спартыўнай залы, можна абмежавацца зарадкай. Ва ўмацаванні імунітэту таксама дапамогуць рэгулярныя прагулкі пешшу, выкананне дыхальных практыкаванняў, заняткі плаваннем, перыядычныя паходы ў саўну. Пазбягайце пераахаладжэнняў, апранайцеся з улікам надвор’я.
Неабходна прытрымлівацца балансу працы і адпачынку. Аптымальны рэжым павінен прадугледжваць дастатковы час для сну, працоўнай дзейнасці, адпачынку і прыёму ежы. Як мага больш спіце ноччу, бо недахоп сну спрыяе аслабленню імуннай сістэмы.
Адмоўцеся ад шкодных звычак, асабліва ад курэння, бо яно пашкоджвае нашы натуральныя бар’еры ад інфекцыі: слізістую, бронхі, трахею. Пазбягайце стрэсаў — псіхалагічнае напружанне таксама можа стаць прычынай зніжанага імунітэту.
Калі ўсё ж вы выявілі першыя прыкметы захворвання ў сябе ці ў блізкіх, звяртайцеся да ўрача для прызначэння правільнага лячэння. Ні ў якім разе не займайцеся самалячэннем, бо кожны асобны выпадак захворвання патрабуе адпаведнага лячэння ў залежнасці ад яго асаблівасцяў.
Алена Кравец
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат