Не вам казаць: дайце чалавеку рыбу, і ён цэлы дзень будзе пад’еўшы, дайце яму вуду, і ён усё жыццё (і ўсіх) будзе даставаць сваімі рыбацкімі прыгодамі.
Пра вось гэту, праўда, мужчына не сам расказаў — «сведкі» здалі: на ўласныя вочы бачылі, як той з вудай ды іншым рыштункам выйшаў на лёд, як узяўся лунку свідраваць, а яму раптам «голас»: «Тут рыбы няма...» Чалавек паверыў — адступіў крыху, у новым месцы за справу ўзяўся. І... зноў пачуў, што рыбы няма! Пасля гэтага ўжо далекавата зайшоў, падумаў: «Ну, ужо тут...» — «Няма...» — ловіць вухам... «Ды скуль табе ведаць?! — псіхуе рыбак. — Хто ты такі?!» — «Я?.. Дырэктар лядовага палаца. А вось ты, мяркуючы па ўсім, хочаш нам каток сапсаваць?»
Якія намеры ў рыбака з чарговага конкурснага здымка (можна яшчэ раз глянуць на верхні)? Ды хто ж яго ведае! Усе надзеі былі на чытачоў. І яны, як заўжды, апраўдаліся.
«У першых класах школы, — піша, у прыватнасці, спадар Мікалай Старых з Гомеля, — я вельмі шмат маляваў. А для таго, каб усе і адразу ж разумелі, што на маіх «карцінах», я іх падпісваў. Вырашыў тое ж самае зрабіць і з газетным здымкам, але...
І гарэлку, і віно
Кінуў піць ужо даўно.
Ды бутэльку мусіў браць,
Бо інакш — не разабраць
Не дапетрыць, ну хоць трэсні,
Што за тып у новым крэсле.
Ёсць у пошце адказы на гэтае пытанні, ёсць здагадкі. Спадар Янкаў з Мінска піша:
Зноў не здымак, а задача:
Я такіх даўно не бачыў!
Нехта ў крэсле?
Але ж хіба
Чалавек так ловіць рыбу?
Колькі ж у яго кручкоў?
І які тады ўлоў?..
Тут, падобна, зноў пытальнік:
Можа, гэта прадпрымальнік?
А мо — нейкі панок замежны, які з нашымі рыбакамі вопытам дзеліцца. Ну сапраўды (грэх не згадзіцца са спадаром Мікалаем Камароўскім з Оршы):
Сядзець на кукішках —
прабачце!..
Хоць раз ды з крэсла
парыбачце!
Хтось пальцам крутане
ля скроні?
А вы шыкуйце —
як Антоній!
Альбо — наш айчынны Піліп, пра якога так хораша распавядае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў:
Дэвіз у сэрвісу прыгожы:
«Любы капрыз
за вашы грошы».
Піліп рыбалку заказаў:
На возеры, з адной палаткай.
Для юшкі —
увесь набор прыпраў.
Ну і каб крэсла —
для парадку...
Піліп утульнасць паважаў.
І, згадзіцеся, неяк па-свойму, досыць арыгінальна бачыў яе...
Спадар Камароўскі іншага арыгінала падслухаў:
Скажу вам сёння —
гэта праўда:
Ні бацька мой,
ні дзед, ні прадзед
Ні нават іх сусед-рыбак,
Недакумекалі, аднак,
На рэчку крэсла валачы...
А я — адметны...
Хоць бы і тым!
Дарэчная заўвага:
Прыпёр, як дурань дзверы,
Фатэль на гэты бераг.
Сяджу і вуджу быццам...
А больш —
чым пахваліцца?!
Здараецца, што няма... І не было. Няхай! Але ж апошнім часам усё часцей назіраецца іншае. Паводле спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:
Меў сяброў, пасаду, хобі,
А цяпер — нібыта бобік!
Так міліцыя патрэсла...
Засталіся толькі крэсла,
Вуды, тачка на два колы
І... нікогачкі наўкола:
Апынуўся ў апале, —
Падхалімы ўраз прапалі.
А ўжо розныя там каханкі — і пагатоў. «З той пары, як пазнаёміўся з табой, — кажа Ён, — не магу больш ні піць, ні есці...» — «Няўжо так закахаўся?» — здзіўляецца Яна. — «Не... Проста грошай не маю».
Гэта быў анекдот, зараз цэлы маналог ад спадарыні Соф’і Кусянковай з Рагачоўшчыны:
Адпачынак быў культурны:
У крэсле, з вудай —
так утульна!
Ёсць паклёўка, піва ёсць...
Йшчэ хацелася...
чагось!
Думка ў галаву прыйшла:
«Каб русалка падплыла».
Іншымі словамі, Адам сумаваў: ну які ж гэта рай без жанчыны?! Бог пачуў яго і жанчыну даў. Рай скончыўся. Паводле спадарыні Кусянковай:
Чакаў Ясь рыбку залатую
І нейк... злавіў! Але... не тую!
Забрала бізнес,
грошы, «хатку»...
Яму — пакінула палатку.
Вось гэтак Яся развяла, —
Сама за мора паплыла.
Адтуль (не, не з-за мора, а з тога ж канверта) і досыць павучальная выснова:
Не клюйце гора-мужыкі
Вы на русалак ля ракі:
Хвастом пакруціць,
падплыве,
Пазабаўляцца пазаве...
Ды не ў палатку, а на дно,
Адкуль і выйсця не відно.
Сапраўдны сябар — ён і вораг пасля сапраўдны: трапіў чалавек у нерат... І ўсё — па віне русалкі? Ці, можа, рыбкі? (...Трэці раз прыйшоў Стары на бераг. Разбушавалася сіняе мора — падплыла да ног Залатая рыбка. І ні аб чым не спытала — дала дзеду адрас Раскольнікава.)
Аднак на беразе, разам з усім дабром, на думку спадара Гаўрыша, можна апынуцца і па волі жонкі:
Ясь не гультай...
Ды ўсё ж бывала,
Што Яня голас павышала:
«Ад крэсла с... адарві —
Схадзі хоць рыбы налаві!»
Ясь адгукнуўся на прызыў,
Ён жонцы дагадзіць быў
рады...
Сабраў рыбацкія прылады...
Але ж і крэсла прыхапіў.
Амаль пра тое ж — у радках спадара Старых:
Мой сусед — прымак Мікола
Быў заўзятым рыбаловам!
Не, каб дома штось
зрабіць, —
Ля вады штодня сядзіць!
Жонка плакала, крычала,
А нарэшце — усё ж прагнала:
Паляцелі ўслед манаткі:
Крэсла, вуды і палатка.
З правілаў жыцця: калі ты нешта страціў — радуйся, што страціў не ўсё...
Ну сапраўды: шмат што засталося!
«З аднаго боку, сюжэт на здымку самы звычайны: рэчка, рыбак, — піша спадарыня Раіса Ісакава з Чавушчыны. — А з іншага... Як жа хораша чалавек сядзіць! Я толькі зірнула на яго, і адразу ўспомніўся верш Успенскага: «За город начал рыбак собираться. // Удочку взял, чтобы рыбу ловить, // взял дождевик, чтобы им укрываться, // взял самовар, чтобы чай кипятить. // Взял он кровать, чтобы спать на кровати...» «Нешта падобнае, — працягвае спадарыня Ісакава, — напрошваецца і тут». Заўважым — не толькі ёй:
Мо з паўгода рыхтаваўся
Ясь да адпачынку:
Ледзь прычэп утрамбаваўся
І... Дзесь праз гадзінку...
Не Канары, не Анапа —
Волма сустракае!
...Не ўмясцілася канапа,
Вось што засмучае!
Прынамсі — спадара Віктара Сабалеўскага з Узды. Спадарыню Ісакаву — трохі іншае:
Янка доўга спіс складаў:
І таму — усё чыста ўзяў:
Крэсла, «хатку», чарвяка,
Нешта выпіць, смачна з’есці...
Стрэнеш Янку-дзівака,
Паспрабуй давесці:
Трэба — вуды і рака!
А не мякка сесці.
«Гледзячы, дзе, у якім такім крэсле», — сцвярджае спадар Іван Клімковіч з Мінска, маючы на ўвазе нейкае, трэба разумець, высокае?
Усе грошы маці стрэсла, —
Пасадзіла сына ў крэсла!
Наказала, каб глядзеў,
Каб ніхто «не падсядзеў»...
Сын матулю паважае:
Крэсла ён з сабой цягае.
І правільна робіць (сцеражонага бог сцеражэ!), а ўжо як сядзіць! У новым... На беразе, дзе, на думку спадара Сабалеўскага:
Цуд, якая любата —
Рана-раненька устаць,
Ногі ў рэчцы спаласнуць
І забыцца на вайну,
На сусветныя турботы,
Цэны, грошы і работу.
...Не бяда, што не клюе.
Як жа сонейка ўстае!
Ці не пра тое ж — у спадарыні Ісакавай:
Ранне ў росах ціха ззяе,
Не засмужана рака...
Прыгажосць душу кранае,
Грыбніка і рыбака:
Шчупакі хвастамі плешчуць,
Акунькі да ног плывуць...
А найлепей — жонка з цешчай
Тут ніяк не дастаюць!
Дыялог (спадар Сабалеўскі падслухаў):
— Як там без мяне, каханы?
— Сёння зноў прачнуўся рана:
З паплаўкоў вачэй не зводжу.
— Як жа спаў?
На лапках... Ноччу?
— Ды някепска, не хвалюйся:
Ні разочку не прачнуўся.
— Калі ж вернешся дахаты?
— Не так часта маю святы!
І сапраўды: «На прасторах нашай краіны вельмі шмат прыгожых мясцін, — пішуць сужэнцы Астроўскія з Мінска. — Але ж, глянуўшы на здымак, кожны ўспомніць свае — самыя ўлюбёныя...»:
Полацк наш, лясы-азёры —
Нам раднейшых —
век не ўбачыць!
Там грыбоў і ягад — мора,
А ўжо сядзеш парыбачыць....
Падрамаць на ўсходзе сонца
Ты не зможаш пяць хвілін:
Там клююць, клююць
бясконца
Карасі ды акуні!
Адтуль, напэўна, цалкам лагічнае:
Азярцо, чарот, лаза...
Ні рыбнагляд табе,
Ні сведкі...
Браканьер бы тут спытаў:
«Дык чаму не ловіш сеткай?»
А таму што нельга. І грэх. Да таго ж не ўсюды, як у Полацку ды ваколіцах... Адзін рыбак дзесь да вечара прасядзеў — нічога не злавіў: не клюе і ўсё тут!.. Але ж бачыць: нехта тоне паблізу... Ён без роздуму боўць у ваду — і выцягнуў тапельца! Дакладней — тапельніцу — ну вельмі прыгожую дзяўчыну: на руках на бераг вынес. «Ты — мой выратавальнік! — шэпча красуня. — Я ўсё, што хочаш, для цябе зраблю!» — «Тады скажы, — просіць мужчына, — рыба ў гэтай рэчцы ёсць ці не?»
Прынцыповае пытанне — для абсалютнай большасці вудароў!
Думкі меншасці (і вось гэтага, з крэсла, таксама) агучыў спадар Камароўскі:
Я ў фатэлі сяджу...
Я на вуды гляджу,
А клюе/не клюе,
Не хвалюе мяне.
Горш за тое:
Рыбачу — бачыце ж?! —
рыбачу...
На родненькай
прыродзе, значыць...
А што паблізу насвінячыў, —
Я ўжо такі — не мог іначай!
Ці не пра такога ж, «нямоглага», і радкі спадарыні Чыгрынавай:
Ой, мяняў Пятро жанок!..
Пырхаў — нібы матылёк!
Прывячалі дзеўкі, бабы,
Як прыбытак меў не слабы...
Апусцелі сейфы з часам?
Адвярнуліся ўсе разам:
З Пецем — крэсла ды шмаццё...
Пачынай наноў жыццё!
Як ёсць так ёсць: калі вы не цэніце сваёй сям’і — у вас не будзе сям’і, якая цэніць вас.
Якраз пра тое ж і спадарыня Кусянкова:
За нявернасць Мікалая
З дому выгнала Аглая
У пакеты транты склала
І туды, дзе быў, паслала...
А ён знае, дзе ён быў?!
Што, калі і з кім рабіў?!
Ну, сапраўды, — крохкае наша жыццё! А ўжо сам чалавек... Стаіць — варыкоз, сядзіць — гемарой, ляжыць — пролежні, не есць — дыстрафія, есць — язва, п’е — цыроз, любіць — інфаркт...
Анекдот: «Зайшоў у аптэку, паглядзеў на цэны, зразумеў: хварэць — гэта для багатых». Мы, дасць бог, не будзем — хворымі...
З назіранняў бывалых: калі доктар скажа чалавеку, што дні яго палічаны, амерыканец напіша тастамент, француз — завядзе каханку, рускі — накупляе гарэлкі, немец — знойдзе іншага доктара і паправіцца... Што зробіць беларус?
А няхай адказ на гэтае пытанне будзе дадаткам да новага конкурснага здымка! Што датычыцца вось гэтага, «старога», то завяршыць агляд хацелася б радкамі спадара Гаўрыша:
Маладыя гады —
Самы светлы ўспамін:
У фатэлі такім
Было месца дваім.
І сядзець мілата...
А цяпер — па чарзе:
Паўната, цесната...
На калені сабе
Возьмеш хіба ката.
І гэта — ну згадзіцеся — бяспройгрышны варыянт! Асабліва зімой, ля цёплай печкі, з добрай кніжкай ці газетай... Бо, як той казаў, «всё в этом мире суета! Остановись, погладь кота!» А пад настрой — прыдумай подпіс (можна некалькі, але ў кожным не больш за восем радкоў) да новага здымка.
...Што датычыцца папярэдняга (гл. нумар «Звязды» за 02.10.2024 альбо сайт — «Калейдаскоп», «Хто каго?), то найлепшыя подпісы пра вулічнага музыку з групай слухачоў, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, склалі сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадары Мікалай Старых з Гомеля і Мікалай Камароўскі з Оршы, Віктар Сабалеўскі з Узды, Юрый Вінаградаў з Докшыцкага раёна, спадарыні Раіса Ісакава з Чавускага і Соф’я Кусянкова з Рагачоўскага, Любоў Чыгрынава з Мінска.
Вось з гэтым, апошнім меркаваннем пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» (на першы квартал 2025 года) застаецца ў сталіцы.
Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: першы — своечасова аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак і...
Поспехаў!
Валянціна Доўнар.
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.