Больш за 60 творчых людзей з інваліднасцю з розных рэгіёнаў нашай краіны аб’яднала выстава-продаж «Тварэнні сэрцаў», якая адкрылася 29 лістапада, напярэдадні Дня інвалідаў, у «Першым нацыянальным гандлёвым доме». Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і сацыяльныя пансіянаты ўсіх абласцей Беларусі і Мінска тры дні, з 29 лістапада па 1 снежня, будуць прадстаўляць наведвальнікам аднаго з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў сталіцы працы самых таленавітых і крэатыўных людзей з сапраўды неабмежаванымі магчымасцямі.
— Мы ўпершыню праводзім выставу такога высокага, рэспубліканскага ўзроўню, сумесна з Беларускім саюзам жанчын і пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, — падкрэсліла Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Наталля Паўлючэнка. — Безумоўна, выстава гэтая вельмі важная: тут прадстаўлены вырабы людзей з інваліднасцю, якія наведваюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, пражываюць у сацыяльных пансіянатах, і ўся сутнасць выставы — у яе назве: «Тварэнні сэрцаў». Гэта самая яскравая мова, на якой людзі з інваліднасцю гавораць з намі. Праз свае працы яны паказваюць, наколькі яны таленавітыя, умелыя, карысныя і патрэбны грамадству.
Выстава-продаж «Тварэнні сэрцаў» — крок да інклюзіўнага грамадства, дзе няма абмежавання магчымасцей, падкрэсліла Наталля Паўлючэнка. Людзі з інваліднасцю — гэта ў першую чаргу людзі духоўна багатыя і таленавітыя, і яны могуць інтэгравацца ў наша грамадства.
Сёння 6% насельніцтва рэспублікі маюць інваліднасць, адзначыла кіраўнік Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. 60% тых, у каго ёсць паказанні да працы, працуюць, удакладніла яна. У 146 тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разгорнуты працоўныя майстэрні (іх у краіне 370), гурткі (1800, там займаецца 8,3 тыс. чалавек), рэабілітацыйныя майстэрні. У творчых майстэрнях займаюцца 1200 чалавек, якія пражываюць у сацыяльных пансіянатах.
— З чэрвеня бягучага года на заканадаўчым узроўні ўрэгулявана магчымасць накіроўваць сродкі ад продажу вырабаў людзей з інваліднасцю на іх матэрыяльнае заахвочванне, — расказала Наталля Паўлючэнка. — Для іх гэта вельмі важна. Гэта іх сур’ёзна стымулюе ў жыцьці.
Выручаныя сродкі з выставы «Тварэнні сэрцаў» пойдуць непасрэдна самім грамадзянам з інваліднасцю, адзначыла яна, на іх матэрыяльнае заахвочванне.
— Раней іх прадукцыю рэалізоўвалі на рэгіянальных, раённых, абласных пляцоўках, — канкрэтызавала міністр.
Акрамя заахвочвання майстроў сродкі таксама накіроўваюцца на набыццё матэрыялаў для іх далейшай творчасці і стварэнне ўмоў ва ўстановах сацыяльнай абароны, дадала яна.
Рэспубліканскую выставу-продаж «Тварэнні сэрцаў» плануецца праводзіць штогод. І першы вопыт настолькі маштабнага мерапрыемства падкажа, якія ўдасканаленні можна будзе ў далейшым унесці ў гэтую акцыю. Сёлета экспазіцыйная плошча разбіта на лакацыі па абласцях, і гэтымі пераднавагоднімі днямі наведвальнікі могуць набыць тут мастацкія вырабы і сувеніры ручной работы на падарункі родным, блізкім, калегам. Працуюць інтэрактыўныя зоны: майстар-класы па нейрагімнастыцы, мылаварэнні, роспісы навагодніх пернікаў, фотазона з імгненным фотадрукам. Інклюзіўная кавярня прапануе выпечку, вырабленую людзьмі з інваліднасцю.
— Сёння ў сталіцы шмат увагі надаецца асобам з абмежаванымі магчымасцямі, — адзначыла першы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Надзея Лазаравіч. — «Тварэнні сэрцаў» — гэта кірмаш творчых магчымасцяў нашых унікальных людзей, якія прыехалі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Таму запрашаем усіх: прыйдзіце, падтрымайце іх творчасць. Набыты тут навагодні падарунак будзе паказваць шырыню беларускай душы.
Кожнае прадпрыемства напярэдадні Новага года і Раства збірае падарункі для сваіх калег, супрацоўнікаў, партнёраў, адзначыла старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская. І часта гэта рэчы, прывезеныя з-за межаў Беларусі.
— Калі бачыш, якія рэчы робяць нашы людзі, вельмі хочацца іх падтрымаць, каб зробленыя іх рукамі падарункі апынуліся ў тых каробках, якія мы будзем дарыць калегам і партнёрам. І я заклікаю ўсіх прыйсці на гэтую выставу і набыць тое, што мае асаблівае цяпло і энергетыку, у падарунак калегам, сябрам і блізкім. Бо ў гэтыя працы ўкладзена столькі душы і цяпла!
Выстаўка прымеркавана да Дня інваліда, і Вольга Шпілеўская адзначыла, што асаблівай падзякі заслугоўваюць супрацоўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і сацыяльных пансіянатаў:
— Я бачу, наколькі складана працаваць у такіх установах і наколькі ад вас залежыць, з якім настроем жывуць там выхаванцы, з якім настроем яны адтуль выходзяць, які настрой у іх бацькоў і сваякоў, — падкрэсліла старшыня БСЖ. — Была сведкам таго, як адной дзяўчынцы бацькі сказалі: ты інвалід, вось і сядзі, табе нікуды не трэба. І толькі дзякуючы выхавацелю, работніку цэнтра, яна змагла свае таленавітыя мастацкія работы не проста прывезці ў Мінск, але і даказаць, у тым ліку сваім бацькам, што яна — паўнацэнны грамадзянін і мае права на тое, каб яе работы выстаўляліся, каб пра яе расказвалі ў сродках масавай інфармацыі. Гэта вельмі важная праца. Дзякуй за тое, што вы яе робіце.
Выстаўка будзе працаваць па графіку ГЦ «Першы нацыянальны гандлёвы дом» і завершыць работу 1 снежня ў 13.00.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.