Галоўны прыз «Лістапада» ў нацыянальным конкурсе атрымаў фільм, прысвечаны беларускім урачам. Адпаведныя падзякі ёсць напрыканцы стужкі ў цітрах, і на яе прэзентацыі ў межах Мінскага міжнароднага кінафестывалю ўдзельнікі здымачнай групы асобна выказалі ўдзячнасць Міністэрству аховы здароўя і медыкам, якія дазволілі здымаць у бальніцах, — каб усё, што паказана ў стужцы, выглядала не проста набліжана да рэчаіснасці, але было яе ўвасабленнем: з абсталяваннем палат, аперацыйных, ардынатарскіх. Такая ў Беларусі медыцына: усё з клопатам пра чалавека, прадумана і зручна, тэхналагічна і прафесійна. І чаго яшчэ можна жадаць маладому ўрачу? Толькі працуй, удасканальвайся ў прафесіі, ратуй людзей! Усе ўмовы, чаго лепшага шукаць? Але ж чалавек — істота, у якой бываюць спакусы, не ўсе могуць ім супрацьстаяць. І даводзіцца рабіць выбар. А часам ад гэтага выбару залежыць жыццё нейкага (можа, нават і не аднаго) чалавека...
Што ні кажыце, а рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў ведае рэцэпт стварэння меладрамы: што ў ёй павінна быць, каб зачапіць і прымусіць надта чуллівага гледача аблівацца слязьмі — і ў зале такія былі, сталыя жанчыны з веданнем жыцця вельмі актыўна адгукнуліся на працу здымачнай групы, не шкадавалі добрых слоў. Таму што ў фільме «Ліст чакання» («Беларусьфільм, 2023 год), рэжысёр перасягнуў усе магчымыя спадзяванні: гэта меладрама ў пяцікратным памнажэнні. Тут нават не адна сюжэтная лінія, па ходзе фільма іх разгортваецца фактычна пяць, і кожная магла б стаць тэмай для здымак асобнай карціны (з выбудаванай драматычнай гісторыяй, прадуманымі глыбокімі характарамі). Мяркуйце самі. Па-першае, тут ёсць маладзенькая мама немаўляці, якой тэрмінова патрэбна аперацыя па трансплантацыі сэрца і лёгкіх, яе імя ўносяць у «ліст чакання» донарскіх органаў, таму што калі нешта здарыцца, то дзіця застанецца сіратой (а тата з украінскім прозвішчам з’ехаў, ім цікавяцца адпаведныя органы, а старая бабуля не справіцца). Па-другое, ёсць таленавіты хірург Алег Корзун, жонка якога настойвае на пераездзе за мяжу, і ён-такі паддаецца (хоць і перажывае за лёс сваёй пацыенткі). Па-трэцяе, калегі-медыкі Корзуна, сярод якіх ёсць тая, якая закахана ў яго і заўсёды гатова падтрымаць (разумеючы, што ў таго непаразуменні з жонкай, якая належыць да іншай сферы — мастацкай і не гатовая ахвяраваць сваімі жаданнямі дзеля мужа). Па-чацвёртае, ёсць сярод калег інтрыган Ігар Крыловіч, які толькі і чакае, каб даверылі менавіта яму, тым больш што ён былы зяць прафесара Яўгена Ракецкага (стаіць на чале групы хірургаў, якія рыхтуюцца да адказнай аперацыі). І пятае: дачка прафесара, якая ўладкоўвае сваё жыццё з замежнікам і прыязджае, каб атрымаць ад «былога» дазвол на вываз за мяжу дзяцей, якіх гадавалі яе бацькі, таму што ў свеце стала надта неспакойна (пра што нагадваюць кадры СВА з арт-абстрэламі па тэлебачанні і на камп’ютары герояў)... Але канцэнтрацыя эмацыянальнага напружання ў фільме надта моцная, таму што ўсё гэта адбываецца адначасова, крыху менш чым за дзве гадзіны, якія доўжыцца фільм, гледачу трэба толькі паспяваць сачыць за вельмі імклівым разгортваннем дзеяння, і ў яго проста не застаецца шансаў застацца раўнадушным. Праўда, нераўна душша можа быць розным, нават з рознай ступенню ўдзячнасці. Напрыклад, гэты фільм ужо быў адзначаны прызам сімпатый гледачоў на конкурсе «ТВ-шок» фестывалю «Киношок» у Расіі. «Лістапад» — іншая гісторыя і, адпаведна, узровень удзячнасці народнаму артысту Беларусі Аляксандру Яфрэмаву, які зняў злабадзённае кіно, дзе абвострана ўсё, што цяпер надзвычай актуальна для дзяржавы. Галоўны прыз у нацыянальным конкурсе найбольш яскрава павінен сведчыць пра патэнцыял айчыннай кінагаліны. А патэнцыял, як нам паказваюць, — у самой рэчаіснасці, блізкасці да жыцця. І гэта ж насамрэч так, не запярэчыш. Ды абавязковы плюс (без якога складана ўявіць актуальнасць мастацтва ў Беларусі) — гэта патрыятычная афарбоўка, бо героі разважаюць пра тое, у якой краіне ім жыць і працаваць і дзеля чаго (у медыцыну, як звычайна ўяўляецца, ідуць не толькі па грошы). І сама медыцынская тэма — вельмі перспектыўная для кіно, таму што ў прынцыпе тычыцца кожнага.
— Першы здымачны дзень. Я не быў на пляцоўцы — не заўсёды там патрэбен аўтар. Але пасля здымак паглядзеў матэрыял. Усё нібыта нармальна, але шашлык на пікніку... Гэта першы эпізод фільма, калі адзначаюць дзень медыка на беразе вадасховішча. Людзі прыехалі святкаваць — павінна быць сакавітае мяса, памідоры... Я пра гэта сказаў. Аляксандр Васільевіч адразу спытаў: «А чаму ты адсутнічаў на здымачнай пляцоўцы?..» А пасля даведваюся, што праз дзень будуць пераздымаць. Гэта не было звязана толькі з шашлыком — і акцёры яшчэ не разагрэліся, як належыць, не тая дынаміка... Але хачу падкрэсліць адносіны рэжысёра да справы. Мы перазнялі. І пасля я прысутнічаў ужо амаль на ўсіх здымках, — згадваў аўтар сцэнарыя фільма «Ліст чакання» Валянцін Залужны. — Гэта мая першая работа з Аляксандрам Васільевічам. Адметныя яго адносіны да літаратурнага матэрыялу, з якім ён пачынае працаваць. Ён адразу папярэдзіў: «Калі мне не спадабаецца, то фільма не будзе». Такая фраза вельмі стымулюе сцэнарыста. Гэта аказалася цікавая і карысная праца. Таму што за сваё працяглае жыццё ў кіно такое стаўленне я сустрэў першы раз.
Сярод аўтараў сцэнарыя значыцца імя і Аляксандра Яфрэмава: рэжысёр ведае, пра што хоча здымаць фільм, і можа ўносіць карэкціроўкі. Ён мае свой погляд і на тое, каго і як трэба здымаць у беларускім кіно. Адна з актрыс, з якой ён вельмі любіць працаваць, Валерыя Арланава, распавяла:
— У карціне «Ліст чакання» я сыграла бабулю двух унукаў, маму адной з гераінь (тут нават складана вызначыць, хто галоўны, а хто — не). Аляксандр Васільевіч стараўся зняць у гэтай карціне большасць беларускіх артыстаў. Адзінаццаць роляў выканалі артысты Тэатра-студыі кінаакцёра. Лічу, што ўсе працуюць на годным узроўні. Гэта ў Аляксандра Васільевіча другая карціна пра ўрачоў. Першая была пра дзіцячую анкалогію, знятая паводле сцэнарыя Юліі Ляшко «Рыфмуецца з любоўю» з Ганнай Кавальчук і Аляксандрам Дзячэнкам у галоўных ролях, яе часта паказваюць па тэлебачанні. «Ліст чакання» — пра кардыёлагаў, трансплантолагаў. Але фільм не столькі пра ўрачоў, колькі пра ўсіх нас, пра жыццё, пра тое, што з намі адбываецца ў апошнія гады. Пра нашы думкі, адчуванні, страх за будучыню. Напэўна, гледачы больш чакаюць нейкіх казак, фільмаў з добрым фіналам. Але вы разумееце, што жыццё цяпер складанае. Кожны ранак прачынаешся і не ведаеш, што будзе заўтра і ці будзе яно. Таму гэтая карціна найперш пра людзей, пра ўсіх нас і пра тое, чаго мы хочам ад жыцця. А чаго мы хочам? Каб былі жывыя і здаровыя нашы блізкія, каб не было вайны, каб усе мы былі шчаслівыя і мелі надзею на нармальную будучыню.
Карацей, тым, хто глядзіць фільм, трэба быць гатовым хапацца за сэрца пры паваротах сюжэту. І ёсць вялікая колькасць
гледачоў, якія аддаюць перавагу менавіта такім фільмам — іх яшчэ называюць «душэўнае кіно».
Ларыса ЦІМОШЫК
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.