Вы тут

Што хаваюць альбомныя запісы Аляксандры Зотавай?


Сістэмная работа з архівамі пераконвае: пры ўсёй скрупулёзнай даследаванасці жыцця і творчасці класікаў сёння цалкам магчыма выявіць невядомыя матэрыялы, прытым нават на ўзроўні аўтарскіх тэкстаў — магістральнага напрамку пошуку.

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з 1962 года захоўваецца альбом Аляксандры Рамановіч (у дзявоцтве Зотава; 1885–1964), датаваныя запісы ў якім ахопліваюць перыяд з 1902 да 1942 года. Тэксты чаргуюцца з малюнкамі, аўтарства некаторых можа належаць, на нашу думку, мастаку Валянціну Рамановічу — таленавітаму сыну Аляксандры Георгіеўны.

Альбом ніколі не станавіўся аб’ектам даследавання, хоць таго цалкам заслугоўвае з-за сваёй цікавай фактуры. Мы звярнуліся толькі да некаторых старонак з гэтага артэфакта, да якіх дакраналася рука маладога паэта.


Таямнічая А. Р.

У віленскім часопісе «Беларускі летапіс» (1936, № 1) былі надрукаваны «Успаміны аб Коласу», падпісаныя ініцыяламі А. Р. У мемуарных запісах гаворка ішла пра абставіны знаёмства з пісьменнікам летам 1907-га, асноўнае месца адводзілася сумеснай паездцы ў Пецярбург у снежні таго ж года. Аўтар сведчыла пра захаванасць у яе двух лістоў ды трох паштовак — усё, што збераглося ад аб’ёмістай карэспандэнцыі з Якубам Коласам 1907–1917 гг.

У пачатку 1960-х гадоў пра таямнічую А. Р. не толькі ўспомнілі, але і дакладна ідэнтыфікавалі. Былая настаўніца Аляксандра Рамановіч жыла ў той час у Вільнюсе. Дзякуючы ёй фонды мінскага музея папоўніліся згаданымі лістамі і паштоўкамі, а таксама некалькімі рукапісамі мастацкіх твораў песняра, нарэшце — альбомам. Пра гэта мы падрабязна расказалі на старонках часопіса «Маладосць» (2024, № 11).

Арыгінал і расшыфроўка

У апошнім томе Збору твораў Якуба Коласа ў 20 тамах (Мінск, 2012) вылучаны раздзел «Уласніцкія і суправаджальныя надпісы». У ім зафіксаваны два тэксты, зробленыя рукой песняра ў альбом Аляксандры Зотавай: цытата з Ібсена і ўласны каментарый да яе. Супастаўленне расшыфроўкі з арыгіналам сведчыць, што яна не поўная і не зусім дакладная. 

Па-першае, паліграфічна не адлюстраваны рукапісны акцэнт на апошнім слове цытаты, што мы робім тут з дапамогай разрадкі, а ілюстрацыя гэта пацвердзіць: «„Самый сильный тот, кто стоит одиноко“ (Ибсен)».

Намі было ўстаноўлена, што словы, якія належаць нарвежскаму пісьменніку Генрыку Ібсену (1828–1906), узяты з яго драмы ў пяці дзеях «Вораг народа». Аднак дакладна не вядома, якім канкрэтна выданнем карыстаўся Якуб Колас і ў чыім перастварэнні. Цалкам верагодна, што беларускі пісьменнік перадаў сутнасць думкі, а не літаральна ўзнавіў яе паводле нейкага канкрэтнага тэксту. Так, у пятым томе Збору твораў Г. Ібсена (С.-Пецярбург, 1897) у перакладзе названага твора на рускую мову, падпісанага ініцыяламі Н. К., з вуснаў героя п’есы — доктара Штокмана — фраза гучыць наступным чынам: «...самый могущественный человек — это тот, кто на арене жизни стоит совсем одиноко!»

Па-другое, у акадэмічным выданні з Коласавага двухмоўнага каментарыя знік заключны сказ (вылучаны курсівам): «Высоко держите знамя человека, то знамя, которое Вы успешно несли до сих пор. А ўжо гэта сказаў Якуб Колас. Дай Божа, каб ён не салгаў».

Невядомы дыптых

На нашу думку, пажаданні, запісаныя Якубам Коласам на старонцы альбома Аляксандры Зотавай, якія, хоць і не ў поўным аб’ёме, але трапілі ў фокус увагі акадэмічнага выдання — Збору твораў у 20 тамах, былі запісаны ў другую чаргу, выконвалі свайго роду факультатыўную ролю. Гэта пацвярджае і візуальнае знаёмства з аркушам, характар размяшчэння разнажанравых тэкстаў. 

Дамінантная роля належала радкам, яшчэ не апісаным у коласазнаўчых даследаваннях. Іх архітэктоніка прыпадобнена да вершаванай, спарадычна выкарыстана рыфмаванне. Двухчасткавае структурнае рашэнне гаворыць аб найбольшай прадуманасці аўтарскага зычэння, сведчыць на карысць не толькі даверлівых адносін паміж адрасантам і адрасатам, але і некаторых супадзеннях грамадскіх поглядаў. Невыпадкова тэкст цалкам напісаны па-беларуску — адзіны ва ўсім корпусе альбомных запісаў. 

Менавіта пад гэтым дыптыхам, а не пад цытатай з Ібсена і руска-беларускім суправаджальным тэкстам да яе (што зафіксавана ў акадэмічным выданні), стаіць дата з канкрэтным удакладненнем пары сутак: «5 І / 1908 Вечером». 

Да стрыжнёвай тэмы (зноў жа пры візуальным аглядзе), увасобленай у вершаванай канструкцыі, празаічныя сказы нібы прыціснуты на правым вольным полі альбомнай старонкі, што засталося ад асноўнага дамінантнага запісу. Прывядзём яго поўны тэкст, адаптаваны да кадыфікацыйных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы: 

А ці я

Украў цяля

У Бога?

Дык няхай 

І мая рука

Трохі пагуляе.

***

Дай Божачка мілы,

Каб быў у Вас порах,

Каб як козачка Вы бегалі

Па лясох і горах.

Але глядзеце не ўспадзеце ізноў

На сахарныя перавулкі і ўсякія

Самсонаўскі.

Першую частку названага дыптыха можна назваць зачыннай. Вытрыманая ў духу народнай рыторыкі, яна мае жартаўлівы, запытальна-дазваляльны характар і рыхтуе да наступнай часткі пажадальнага зместу.

Паводле «Слоўніка фразеалагізмаў» (Мінск, 2008; т. 2), укладзенага І. Лепешавым, устойлівы выраз «У бога цяля (цялятка) украў (з’еў)» ужываецца са значэннем: «Горшы за іншых, правінаваціўся ў чым-небудзь». Яго выкарыстанне заўважана аўтарам гэтых радкоў у Коласавай п’есе «Вайна вайне».

Другая частка дыптыха ў сваю чаргу таксама мае некаторае стылёвае расслаенне, у якім прасочваецца відавочная фальклорная стылізацыя, прысутнічаюць радкі з трохі зацемненым значэннем (у сучасным успрыманні), магчыма, створаныя як рэфлексія жыццёвах эпізодаў, добра зразумелых аўтару і ўладальніцы альбома («Але глядзеце не ўспадзеце ізноў // На сахарныя перавулкі і ўсякія // 
Самсонаўскі»). 

У куртуазнай манеры

Рускамоўны верш Якуба Коласа «Маленькая лазейка в собственную душу», уласнаручна запісаны аўтарам, быў апублікаваны ў артыкуле Антаніны Гарон на старонках часопіса «Роднае слова» (2002, № 7) з каментарыямі галоўнага захавальніка фондаў мінскага музея песняра. 

Названы паэтычны опус заслугоўвае асобнай увагі, паколькі менавіта ён створаны ў традыцыях куртуазных альбомных запісаў ХІХ — пачатку ХХ стст., адрасаваных маладым прадстаўніцам найпрыгажэйшай часткі чалавецтва. Цалкам лагічны яго разгляд у кантэксце рускай і заходнееўрапейскай паэзіі падобнага кшталту.

Па нашым меркаванні, названы верш павінен друкавацца з прысвячэннем А. Зотавай. Аўтэнтычны запіс у прыватным альбоме сам па сабе сведчыў адрасата, зыходна не быў прызначаны для шырокай аўдыторыі. Пры фармаце публікацыі з прысвячэннем больш зразумелай і вытлумачальнай становіцца не толькі салоннасць яго гучання, актуалізуецца аўтабіяграфізм пэўных момантаў паэтычнай рэфлексіі «Маленькой лазейки...». На старонках «ЛіМа» мы змяшчаем выяву і гэтага твора, запрашаем не толькі да знаёмства, але і да роздуму над шматграннай спадчынай Якуба Коласа, яе сучасным гучаннем і прачытаннем.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

На фотаздымках: вокладка і старонкі альбома Аляксандры Зотавай з аўтографамі Якуба Коласа. 

З фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.