То дождж, то снег! Хто ведае, дзе тая мяжа паміж восенню і зімою? Як дакладна яе пазначыць, калі штодзень скрозь першы снег яшчэ ўпарта прабіваюцца нешматлікія зялёныя травінкі, а жоўтае лісце на алеях ужо не варушыцца пад ветрам — скавала начным марозам.
І ўсё ж такі існуе мяжа. Яе ты ўбачыш на свае вочы, кранеш сваёй рукой. Варта толькі сваечасова ўзяць каляндар і перагарнуць лісток на якім пазначаны дзень 30 лістапада.
Вакол гэтага дня віруе няспынны карагод нашых спраў і клопатаў, якія або павольна адыходзяць у восеньскае былое, або імкліва прылятаюць з ужо блізкіх зімовых дзён.
Апошні залаты лісток на галінках і першы снег на асфальце, апошнія восеньскія тэатральныя афішы і першыя па-навагодняму упрыгожаныя вітрыны магазінаў, апошні халодны лістападаўскі туман і першы па-сапраўднаму марозны золак... Нават першая пераднавагодняя ілюминацыя, з’явіўшаяся на вуліцах пад дажджом — таксама прыкмета мяжы паміж восенню і зімой.
Не пералічыць усіх сёняшніх прыкмет, але галоўную для сябе я вызначыў. Гэта — апошні залаты лісток. Пра яго мой верш.
***
Шкадуеш, што восень мінае?
А ты не сумуй, спыніся -
Глядзі, як ляціць, кружляе
Лісток залаты з высі.
Калі заспяваюць завеі
І край скорыць змрокам зімовым -
Лісток стане знакам надзеі,
Сонейкам стане новым.
Ён шлях у начы пакажа,
Ты толькі павер, углядзіся:
Лунае ў марах нашых
Лісток залаты з высі.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.