Вы тут

Пра Зіну і яе суседку Тонечку, якая любіць лета…


Пра Зіну і яе суседку Тонечку,

якая любіць лета…

Неяк аднойчы задумалася: чаму гэта камедыі Гайдая і ведаеш, здаецца, на памяць, і ўсё роўна глядзіш?

Сама ў сябе спытала — і сама сабе адказала, што з імі ўсё зразумела, бо што ні фільм, то геніяльны сюжэт і такая ж ігра акцёраў…

Фота: pixabay.com

А яшчэ, мне здаецца, што ім, тым самым геніям, у мінулым стагоддзі лягчэй было ствараць адпаведныя вобразы: вельмі шмат чаго можна было падгледзець у нашым такім бурлівым жыцці, шмат чаго пераняць, бо людзі, далібог, былі цікавейшыя — больш яркія, каларытныя, асабліва ў вёсках.

...Гэтыя дзве жанчыны Зіна і Тонечка — нягледзячы на рознасць характараў, узросту, поглядаў — жылі ў суседстве і добрай згодзе. Першай было за сорак: прыгожая, шумная, энергічная, яна вельмі шмат паспявала зрабіць і... сказаць таксама. Працуючы паштальёнкай, Зіна ведала ўсе навіны ў акрузе і дома ці не штовечар збірала «сяло»: разам з сяброўкамі абмяркоўвала іх, выдавала свае ацэнкі ўсім падзеям у краіне і свеце, у вясковым жыцці (за што Стасік, другі Зінаідзін сусед, называў «пасялух» агентамі ТАСС).

Тонечка ж была маленькая, бялявая і досыць павольная. Летам у светлым плашчыку і капялюшыку, зімой у паліто і бурках на... абцасах (невядома дзе і калі набытых), яна досыць часта хадзіла ў касцёл. Замуж не выходзіла, гаспадаркі, можна сказаць, не мела, падчас працы ў паляводстве заўжды была апошняй, бо не магла не заслухацца спевамі якой-небудзь птушачкі, не магла не палюбавацца аблокамі.

А яшчэ яна смешна размаўляла. Ну вось паслухайце. Раніца. Зіна носіцца па дварышчы то з вёдрамі са свіной мяшанкай, то з зернем для курэй, то з травой для трусоў.

Прыходзіць Тонечка, топчацца ля ганка, кожны Зінін «вылет» з хаты сустракае пытаннямі пра надвор’е, здароўе, віды на ўраджай, а ўрэшце кіруе да весніц.

— Тоня, ты ж нечага прыходзіла? — услед ёй крычыць Зінаіда.

— Не жнаю, Жыначка, як табе і шкажаць...

— Коратка... Часу няма! — гарачыцца тая.

— Ваш шабачка шарваўся, жадушыў маю курачку і панёш жа ў вашу пуньку.

— Чэсік! — гукае Зіна свайго чалавека. — Злаві ў куратніку шэрую курыцу, аддай Тоні. І сабаку зранку не кармі — ён не галодны.

Усё, інцыдэнту як не было.

...Альбо вось яшчэ. Сядзяць Зіна з Тонечкай поруч на вясковай бяседзе. Сярод звыклых страў — невялічкія лустачкі батона з маслам і парачкай шпроцін.

Тонечка бярэ адзін бутэрброд, хуценька з’ядае шпроты, таўхае ў бок суседку:

— Ж’еш, Жыначка, гэты батончык — шмачны, швежанькі.

Зінаіда ўздыхае, наверх на батон кладзе кавалак дамашняга сыру і есць, бо што тут зробіш: Тонечка ў нас за паненку.

Гэта Зіна, устаўшы на досвітку, агледзела гаспадарку, да дванаццаці палола калгасныя буракі, потым з цяжкай паштовай сумкай аблётала тры вёскі; вярнуўшыся дамоў, намыла бялізны, сцягала ў пуню (праўда, Чэсік памог) два вялікія вазы сена, падаіла карову — стаіць, працэджвае малако.

Прыходзіць Тонечка з букецікам незабудак, садзіцца на канапе, са светлай усмешкай пытае:

— Жыначка, ты што болей любіш — лета ці жыму?

— Ці доўга ты думала, каб дурное згарадзіць? — злуецца стомленая працай суседка. — Ну, вядома ж, зіму!

Тонечка нюхае кветкі:

— А я вось — лета: шонейка швеціць, птушачкі пяюць, кветачкі цвітуць...

— Цьфу ты! — выходзячы з сябе, ляпае дзвярыма Зіна.

Тонечка, у якой з усіх летніх работ толькі зрэзаць засохлыя кветкі півоняў ды прапалоць граду з цыбуляй, разгублена лыпае вачыма: яна шчыра не разумее, як можна не любіць лета?

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён


Бяспройгрышны варыянт...

Перафразую класіка: піць ці не піць, вось у чым пытанне!

Зрэшты, асобныя з людзей ніколі не вагаюцца. Яны, калі хочуць (а хочуць амаль заўсёды), знойдуць і вып’юць. Прычым, як спяваў незабыўны Высоцкі, «выпьют обязательно»... І, на жаль, ці не ўсё, што гарыць.

Шмат народу праз гэта палегла, ды што змянілася? Усё роўна ж п’юць. Многія нешта зрабіць падраджаюцца — просяць «перадаплату». Як толькі атрымаюць, ім тут жа адлучыцца трэба, на пяць хвілін, не болей... Каб потым — знікнуць назаўжды, з канцамі, з той самай «перадаплатай».

Вам пашчасціла? «Работнік» застаўся? Тады ў «працэсе» можа папрасіць цыгарэт купіць альбо чарку наліць, а разлічыцца потым — па поўнай, «як дамаўляліся».

Шмат хто з п’яніц просіць грошай у доўг. Аднаму неяк рубля не хапала да поўнага шчасця: ну вельмі прасіў! Казаў, што 16-га ў яго зарплата, бажыўся, што, вядома ж, аддасць!..

Я толькі потым сцяміла, што сёння ж 18-га... І што ён увогуле не працуе.

Затое цяпер заўсёды вітаецца, пытае ў мяне, як здароўечка? Падобна, турбуецца? Хоча, каб даўжэй пажыла ды яшчэ калі грошай пазычыла.

...Ёсць, праўда, і тыя, што апрыёры нават не думаюць ні падзарабляць, ні пазычаць. Яны каля крам тусяць ці стаяць як на паперці, просяць: «Ну падайце...» То ім рубля, то хоць 40 капеек... Жабруюць, бедныя.

А вось некалі — мне здаецца — нават п’яніцы іншыя былі: прынамсі, не жабравалі, чужых людзей не падманвалі... Але ж выпіўку, знаходзілі — як тыя «дзюдзі» гразь... Жонкі ды матулі іх чаго ні рабілі, каб неяк стрымаць, каб адвучыць ад гарэлкі. Хавалі спіртное, хоць гэта і марная справа, бо тыя ўсё роўна знаходзілі, нават... пад зямлёй.

Адзін піток расказваў, што неяк абшнарыў усе куточкі — і ў хаце, і ў склепе, і ў лазні, і ў хлявах, па агародзе з рыдлёўкай прайшоўся…

У садзе заўважыў, што зямля ў адным месцы вільготная. Прыгледзеўся — дзёран падкапаны. Пласт адвярнуў і... свята (!). Пад ім тры слоікі стаяць.

Добра, што дома нікога не было: з аднаго колькі трэба адліў, дзёран — з усёй акуратнасцю — на месца палажыў, зямельку прыбраў.

І вось так — штодня. Жонка, бедная, даўмецца не магла, як так? Хованка не парушана, а гаспадар «пад мухай».

Тыдні праз тры заўважыла, што дзёран як бы «прагнуўся». А падняла яго і там жа села: два трохлітровікі зусім пустыя, у трэцім — хіба шклянка на дне.

Во ўжо крыку было:

— Пад зямлёй знайшоў! Дзевяць літраў выжлукціў!.. Я ж на вяселле гнала. Дзірваном закрыла... Каб цябе ўжо самога…

З хаты выгнала як сабаку, у ганку спаў.

Раніцай прачнуўся ад таго, што суседка міма прайшла. У кухні з жонкай сядзяць і лады ладзяць. Мая — чую — плача, пра сваю бяду расказвае, успамінае, чаго толькі ні рабіла, каб адвадзіць мяне ад гарэлкі! Яно і праўда — прасіла, разводам палохала, нейкія зёлкі давала, плаціла нарколагам…

— Тут іншы сродак патрэбен, больш радыкальны, — бубніць суседка (я за сценкай вушы навастрыў). — Бабы на базары казалі, што трэба мышэй налавіць, на гарэлцы ў цёмным месцы настояць і падсунуць, каб выпіў…

Мяне спрасонку смага душыла — жах, як вады хацелася! А тут... Дзе што ўзялося?! Аж кішкі вон... Куляй за вугал выскачыў!

Стаю там, ледзь дыхаю, а бабы ж далей гамоняць.

— Ну давай паспрабуем... Мышэй я на сябе вазьму, — абяцае суседка. — У мяне ж і пастка ёсць.

Жонка — чую — носам хлюпае, але маўчыць. "Няўжо, думаю, пагодзіцца?! Ведае ж, што мне паўваласка на талерцы, і я ўжо есці не буду... 

А тут…

— Не, — мая Ніна кажа (у мяне і камень з душы). — Ён хоць п’яніца, але ж чалавек яшчэ, муж. Я з ім 30 гадоў пражыла, дзяцей выгадавала. Не магу яго так пакрыўдзіць!

...Вось і я яе болей не магу: трэці месяц не п’ю. Не буду падманваць: нейкай белай гарэлкі спачатку жах як хацелася, а вось на нешта іншае — ды яшчэ і каляровае (!!!) — нават глядзець не магу!.. Суседка праўду сказала: бяспройгрышны варыянт.

...Можа, ён яшчэ камусьці прыдасца?

С. ВАРОНІНА

Быхаўскі раён


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.