У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі сёння пачала работу Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Камп’ютарнае праектаванне ў электроніцы» (EDA Conference 2024).
На пляцоўцы канферэнцыі сабралася больш за 100 прадстаўнікоў вядучых устаноў адукацыі і навуковых арганізацый рэспублікі, вытворчых прадпрыемстваў і кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, універсітэтаў Расіі, Кітая, Узбекістана і Туркменістана, прычым практычна палова ўдзельнікаў — з-за мяжы Такая цікавасць да мерапрыемства не выпадковая.
— Камп’ютарнае мадэляванне з’яўляецца адным з ключавых інструментаў, які дазваляе распрацоўваць новыя высокатэхналагічныя вырабы электроннай тэхнікі, —тлумачыць прарэктар БДУІР па навуковай рабоце Віктар Сцямпіцкі. — Яно забяспечвае дынамічнае развіццё апераджальнымі тэмпамі ў першую чаргу такіх навуковых і прыкладных сфер як праектаванне мікра- і нанаэлектронікі, распрацоўка і ўкараненне новых функцыянальных матэрыялаў, а таксама стварэнне прыбораў і інтэгральных мікрасхем з унікальнымі характарыстыкамі. Канферэнцыя стала карыснай платформай для абмену вопытам паміж экспертамі ў гэтых сферах, і, безумоўна, у далейшым створыць умовы для іх развіцця і дасць магчымасць захаваць канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі як на айчынным, так і на замежных рынках.
Буйное міжнароднае мерапрыемства ўрачыста адкрылі прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, а таксама кампаній-партнёраў канферэнцыі — ААТ «Інтэграл» і «Пеленг».
Работа канферэнцыі пачалася з пленарнага паседжання, на якім было заслухана дзесяць дакладаў. Затым яе ўдзельнікі разбіліся на секцыі, дзе працягнулася абмеркаванне такіх актуальных пытанняў, як кампутарнае мадэляванне і ўласцівасці перспектыўных матэрыялаў, мадэляванне тэхналагічных працэсаў і прыбораў мікраэлектронікі, праектаванне інтэграваных сістэм, метады і праграмныя сродкі камп’ютарнага праектавання і іншых.
Алена ВІНАГРАДАВА
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.