Вы тут

Як навучыцца жыць, калі ў сям’ю прыходзіць бяда


Сустрэча з псіхолагам, вядучым экспертам у галіне псіхалагічнага суправаджэння ў паліятыўнай медыцыне, добраахвотнікам Першага маскоўскага хоспіса Фрэдэрыкай дэ Грааф адбылася ў духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг» Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску.


Фота: obitel-minsk.ru

Фрэдэрыка па паходжанні галандка. Скончыла факультэт славістыкі, пасля паступіла на філалагічны факультэт МДУ. У 1977 годзе прыняла хрышчэнне ў Рускай праваслаўнай царкве, пасля чаго пераехала ў Англію. 23 гады была прыхаджанкай кафедральнага сабора ў Лондане. У 2001 годзе па благаславенні мітрапаліта Антонія (Блума) Суражскага пераехала ў Расію, дзе атрымала другую вышэйшую адукацыю ў галіне псіхалогіі. З 2002 года працуе ў якасці рэфлексатэрапеўта і псіхолага.

Мінскім слухачам яна расказала пра тое, як справіцца з пакутамі цяжкахворага блізкага, яго пачуццямі і страхамі, болем, як правільна суцяшаць чалавека і што для гэтага неабходна пераадолець самому. Таксама Фрэдэрыка падзялілася ўласным досведам: яна на працягу дваццаці трох гадоў праводзіць у апошні шлях пацыентаў у хоспісах.

На пачатку сустрэчы спікер параіла ўсім тым, хто знаходзіцца разам з цяжкахворымі, не засяроджвацца на ўласных эмоцыях і трывогах — у цэнтры ўвагі павінен быць блізкі, якому патрэбна неадкладная падтрымка і дапамога. «Суцяшэнне — гэта быць побач і дапамагчы блізкаму твар у твар сустрэць усё тое, што адбываецца», — прывяла словы свайго духоўнага айца мітрапаліта Антонія пра суцяшэнне Фрэдэрыка дэ Грааф.

Важнай праблемай яна таксама назвала нежаданне прыняць хваробу блізкага. «Тыя, хто знаходзяцца ў цяжкім стане, як дзеці счытваюць нашы эмоцыі, — заўважыла псіхолаг. — Замест прытворства і страху паспрабуйце знайсці ў сабе апору, каб стаць на гэты час надзейным тылам. Каб даць магчымасць іншаму паплакаць, трэба самому быць моцным».

Акрамя таго, чалавек, які ўпершыню сутыкаецца з сур’ёзнымі захворваннямі блізкага, можа не разумець, якімі словамі аказаць неабходную падтрымку. Тут, упэўнена Фрэдэрыка дэ Грааф, варта быць сумленным. «Калі вам цяжка зразумець тое, што перажывае блізкі, скажыце: «Я цябе не разумею, але давяраю». У складаны перыяд пачуць шчырыя словы — вельмі каштоўна. Калі вы і вашы блізкія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, псіхолаг рэкамендуе не баяцца жыць. «Калі ёсць страх смерці, мы будзем баяцца. Змагайцеся з гэтай трывогай. Успрымайце жыццё смела і мужна. Яно не толькі светлае і лёгкае, але бывае складаным. Тут варта вызначыць сістэму ўласных каштоўнасцяў: калі ёсць нехта ў свеце больш важны, чым ты сам, знойдуцца сілы, каб пераадолець многія цяжкасці дзеля гэтага чалавека».

У якасці прыкладу чалавечай мужнасці і сілы псіхолаг згадала аднаго свайго пацыента, які хварэў на саркому лёгкіх. «Яму было семдзесят з лішнім гадоў. Хварэў моцна, днямі і начамі не мог спаць, задыхаўся. У нас з ім склаліся даволі добрыя адносіны. Я аднойчы спытала, як ён змагаецца са сваімі пакутамі. Адказ мяне ўразіў: „Проста не думаю пра іх“. З цяжкасцямі хворы змагаўся не адзін — побач былі жонка і дзеці, якіх ён, пакуль ляжаў у бальніцы, падрыхтаваў да таго, што хвароба смяротная. Так, гэты мужчына памёр, але ён памёр пераможцам, які не баяўся сустракацца з болем. Гэта адзіны ў маім жыцці такі прыклад».

Эксперт таксама падзялілася разважаннямі на тэму ўзнікнення цяжкіх хвароб і прыняцця іх чалавекам. Па яе словах, людзі скардзяцца на жыццё, Бога ці абставіны, лічаць сябе ахвярамі, крыўдуюць, што з імі здарылася бяда, але можна паглядзець на гэтую сітуацыю з іншага боку. Гэта складана, але ж…

«Хваробы ў нашым жыцці ўзнікаюць, каб перастаць мітусіцца. Людзі часта задаюцца пытаннямі: „Навошта? Чаму менавіта я?“. Пытанне трэба задаваць не так, спытайце сябе, дзеля чаго, аб чым гэта сведчыць, навошта вам гэты вопыт». Хваробы і лячэнне — час для роздуму аб самым важным, адзначыла псіхолаг. «Праблему раненага чалавека можна вырашыць толькі тады, калі гэты ранены можа вызваліцца з сетак эмоцый і гневу. Бо ўсё гэта не мае дачынення да раны — толькі да ланцуга падзей, якія да яе прывялі», — працытавала яна словы мітрапаліта Антонія Суражскага.

Напрыканцы сустрэчы абмеркавалі тэму страху смерці. Ці варта яе баяцца? Спікер упэўнена, што жыццё пасля смерці працягваецца. А людзі больш за ўсё баяцца не самой смерці, а разлукі з любімымі. Цяжкахворы чалавек пакідае пасля сябе пустату. Яна, як вынік, прыводзіць да страты сэнсу жыцця. «Наступае адчай, калі няма веры, што будзе яшчэ сустрэча», — адзначыла яна. І ў кожнага ёсць выбар, што з гэтым адчуваннем рабіць: стаць ахвярай страты або прыняць гэты вопыт і ісці далей.

«Смерць блізкіх — пацвярджэнне нашай веры ў вечнае жыццё, а любоў да тых, хто пайшоў з жыцця, — пацвярджэнне існавання іншага свету», — сказала ў завяршэнне Фрэдэрыка дэ Грааф.

Яна ВАЛАСАЧ

Загаловак у газеце: Не хвалюйся, я з табой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.