Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь распрацаваны і зацверджаны правілы навучэнцаў і бацькоў. Для тых і іншых складзены спіс — па 10 пунктаў у кожным. Адпаведны загад падпісаў кіраўнік ведамства Андрэй Іванец.
Для школьнікаў прадпісана: быць патрыётамі сваёй краіны, малой радзімы і сваёй школы, быць ветлівымі і добразычлівымі ў зносінах з настаўнікамі, а таксама сумленнымі і шчырымі, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці ўстановы адукацыі. У правілах ёсць і такія пункты — добрасумленна вучыцца, імкнуцца да якаснага авалодання ведамі, уменнямі, навыкамі, самавыхаванню, развіццю здольнасцей, выконваць правілы паводзін вучняў, абавязкі вучняў і правілы ўнутранага распарадку школы. Правілы таксама прадпісваюць паважліва ставіцца да членаў сваёй сям’і, настаўнікаў, школьнікаў і іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу, выконваць патрабаванні настаўнікаў і бацькоў па выкарыстанні мабільных тэлефонаў, прылад відэазапісу, інтэрнэт-сувязі, выконваць правілы паводзін у інтэрнэце. Ёсць пункт, які тычыцца і знешняга выгляду навучэнцаў — выконваць дзелавы стыль адзення, мець ахайны знешні выгляд, падтрымліваць парадак на сваім працоўным месцы. Акрамя таго, правілы абавязваюць паважліва ставіцца да нацыянальных і рэлігійных пачуццяў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і беражліва — да маёмасці школы, падтрымліваць чысціню і парадак на тэрыторыі ўстановы.
Бацькі таксама з’яўляюцца ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, і для іх таксама зацверджаны пэўны збор правілаў. Яны павінны забяспечваць умовы для выхавання, атрымання адукацыі і развіцця сваіх дзяцей, добрасумленна і якасна выконваць абавязкі бацькоў, з’яўляцца для дзяцей прыкладам і ствараць усе ўмовы, неабходныя для вучобы, сацыялізацыі, умацавання здароўя, самаразвіцця і самарэалізацыі дзіцяці, абараняць яго правы і законныя інтарэсы.
У правілах ёсць пункты выхаваўчага характару. Такія, напрыклад, як забеспячэнне выканання дзецьмі патрабаванняў настаўнікаў, правіл унутранага распарадку. Самі бацькі павінны пазбягаць канфліктаў ва ўзаемаадносінах з настаўнікамі, іншымі бацькамі і праяўляць добразычлівасць, ветлівасць і тактоўнасць. З настаўнікамі —узаемадзейнічаць, у калектыве навучэнцаў і бацькоўскай супольнасці — садзейнічаць стварэнню пазітыўных, а таксама выконваць этычныя прынцыпы і правілы паводзін, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы, паважліва ставіцца да нацыянальных і рэлігійных пачуццяў удзельнікаў адукацыйнага працэсу. І ў цэлым быць станоўчым прыкладам для дзіцяці як сваім вонкавым выглядам, так і паводзінамі і культурай зносін.
Зацверджаныя правілы павінны стаць асновай дзейнасці ўстановы адукацыі, падкрэслілі ў Міністэрстве.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат