Мяне папрасілі напісаць пра мой досвед мацярынства, для гэтага мне трэба прывесці сябе ў стан спакою, таму што першая спроба скацілася да ціхага енку стомленай маці. Такія дні не рэдкія, але якая жанчына не стамляецца? Ва ўсе часы. Менш за ўсё мне хацелася б разважаць пра высокія ідэі ці іх адсутнасць. Ці пра безумоўную любоў... Мой досвед не для парад. Я толькі паспрабую адзначыць свае назіранні: за сабой, за сябрамі і за сваімі бацькамі, з якімі шмат размаўляю.
Майму сыну паўтара года. Ён нарадзіўся за тыдзень да майго 30-годдзя. Чаканы, жаданы. Нечаканымі аказаліся звязаныя з яго нараджэннем змяненні ў маім жыцці. Нягледзячы на ўзрост, не падазравала, наколькі інфантыльна ўяўляла сваё мацярынства, і аказалася, мякка кажучы, непадрыхтаваная. А можа, справа якраз у гэтым? Пажыўшы столькі гадоў умоўна «для сябе», адносна вольна распараджаючыся сваім часам, цяпер прыйшлося пазнаёміцца з сабой нанова. Мінулае ў адзін момант стала далёкім, нібы ў смузе. Думаю, з падобным сутыкаецца шмат маіх аднагодак, таму што позняе бацькоўства стала тэндэнцыяй. З аднаго боку, гэта большая сталасць, усвядомленасць, большы жыццёвы досвед. З іншага — адчуванне адрэзанасці ад усяго, што паспеў палюбіць, што ўжо пераўтварылася ў звычкі і традыцыі, ад салодкай самастойнасці і актыўнай творчасці.
Я 20 гадоў вучылася валоданню музычным інструментам, увесь гэты шлях мяне суправаджалі прафесіяналы з вялікім досведам, але ўсё роўна магу памыляцца ў сваёй прафесійнай дзейнасці. І вось я маці, раз і назаўсёды, на самай адказнай працы ў сваім жыцці, з пастаянным страхам памыліцца... Неяк праз пару тыдняў пасля родаў у мяне доўга не атрымлівалася суцешыць сына. Вельмі доўга. Я разгубілася і... спужалася. Такі страх не адчувала, напэўна, яшчэ ніколі. Да гэтага моманту думала, што ўсё павінна быць натуральным: я маці і таму буду інтуітыўна ведаць, што рабіць. Але тады мне захацелася самой заплакаць і каб мяне, дарослую жанчыну, абнялі і пакалыхалі. Муж валодаў сабой лепш, хоць і яго разгублены твар не даваў ніякіх зачэпак для заспакаення. Пазванілі бацькам — праз тэлефон і кіламетры адлегласці яны не змаглі нічым дапамагчы. Выклікалі «хуткую». Маладыя дактары агледзелі актыўнае і цалкам здаровае немаўля і на развітанне пасмяяліся з мяне, маўляў, з радзільні выпісалі, а інструкцыю да дзіцяці не далі…
Мой паўтарагадовы мацярынскі досвед напоўнены шматлікімі супярэчлівымі парадамі, разгубленасцю, пачуццём уласнай бездапаможнасці, страхамі, сумневамі, хваляваннямі і... чаканнем. Чаканнем, што калі-небудзь будзе прасцей, дзіця вырасце, стане лепш спаць, скажа, нарэшце: «Ты ідзі, мам»... Але ёсць яшчэ вельмі важнае. Маім галоўным вектарам стала жаданне атрымліваць радасць ад сённяшняга дня.
Мая маці кажа: нам было прасцей. Яна нарадзіла мяне ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, у часы татальнага дэфіцыту, і было прасцей? Не. Проста было па-іншаму. Так, не было столькі прылад для немаўлят, крам, спецыялістаў. І інфармацыі. Мне, перш чым адчуць крыху расслабленасці, прыйшлося не проста прачытаць шмат літаратуры, але і прымусіць сябе значную частку яе адкінуць, як і адсекчы бясконцых гуру ў сацсетках. Аказалася важным «знайсці сваіх і супакоіцца». Да пошуку інфармацыі ў сеціве, з аднаго боку, падштурхоўвае пэўная ізаляванасць маці з нованароджаным. Але мора парад пры адсутнасці ўласнай пазіцыі перашкаджае наладжваць адносіны з дзіцем. Заганнае кола. Зрэшты, «свае» сталі з’яўляцца самі, як і ўсё самае важнае ў маім жыцці — падарункі лёсу. Гэта новыя знаёмствы і, так мовіць, блізкія па духу людзі.
Пасля панікі першых чатырох месяцаў я выплыла са стракатага інтэрнэту і знайшла сваю сцежку ў гэтым вэрхале. Грудное выкормліванне, сон разам з сынам, адмова ад соскі і падгузкаў — «хард лэвэл». Ад псіхолагаў пакінула лекцыі па беражлівым падыходзе да дзіцяці. Сярод педагогаў абрала Януша Корчака, Алену Макараву і Таццяну Бабушкіну. Яны і сталі найлепшымі сябрамі. З імі цёпла, лёгка, бяспечна, у іх творах столькі любові! Яны берагуць адчуванне дзяцінства ў сэрцы і нагадваюць, што руціна догляду, побыт — гэта частка жыцця, але не галоўная. Дух дзяцінства — у адносінах. Мы там, дзе наша ўвага. У творчасці, ва ўразлівай пяшчоце. І што «...у дзяцінстве дарослыя мусяць больш слухаць дзяцей, чым дзеці дарослых...». Дагэтуль менавіта яны мне вяртаюць адчуванне спакою і даюць магчымасць заўважаць важнае і ігнараваць няважнае. Для гэтага яшчэ трэба навучыцца добра валодаць сабой, бо сацыяльныя сеткі і «добразычліўцы» будуць навязваць наваспечанай маці, што важна абсалютна ўсё, што іншыя ўсё паспяваюць, ды яшчэ і шчаслівыя неймаверна…
Напэўна, яшчэ ніколі мамы не імкнуліся быць ідэальнымі настолькі, як цяпер. І самае галоўнае — яшчэ ніколі не адчувалі сябе настолькі недасканалымі. Грамадства стала больш дзетанакіраваным. І гэта добра. Мы больш, чым папярэдняе пакаленне, ведаем пра этапы сталення, пра тое, як берагчы дзіцячую псіхіку і зубы, як дапамагаць і не перашкаджаць дзіцяці развівацца. Гэта патрабуе вялікіх бацькоўскіх унутраных рэсурсаў. Такім чынам, выхоўваць прыходзіцца сябе, а не сына. Як шмат патрабаванняў сама сабе ствараю, часам нерэальных! Я чалавек надзвычай адказны, прывыкла трымаць усё пад кантролем і лічыла гэта сваім найвыдатнейшым навыкам. Але як з гэтым быць цяпер? Жаданне кантраляваць перарастае ў трывогу, у няўдалыя спробы даверыць сына мужу ці бабулі — у немагчымасць якасна адпачыць. Мае апошнія сілы разбіваюцца аб крытыку старэйшага пакалення і ціск усюдыіснага маркетынгу…
Мы жывём асобна ад бацькоў. Гэта значыць, што большую частку часу з сынам знаходзімся толькі я і муж. І гэта таксама выпрабаванне. Каб зразумець, як стаць камандай, каб застацца найлепшымі сябрамі і не згубіць каханне, спатрэбілася вялікая праца. Мы вырашылі, што без такой асновы і нам будзе дрэнна, і сыну. Праз доўгія гутаркі, смех і слёзы цяпер мы — найлепшая падтрымка адно аднаму і паўнавартасныя бацькі. Па-ранейшаму заходзім у тупікі, сварымся, але ніколі не кладзёмся спаць, пакуль не прыйдзем да згоды і не абдымемся.
Не ўсе мае перакананні супадаюць і з досведам маіх бацькоў. Напрыклад, непаразуменне ў маіх маці з бацькам выклікала маё рашэнне спаць разам з маленькім сынам і адмовіцца ад соскі. І маё жаданне мець магчымасць час ад часу пабыць адной. Апошняе для мяне стала зусім дзіўным фактам. Маці кажа, што ёй ніколі не хацелася нейкі час пабыць без немаўляці. Сустракаю падобнае і сярод маіх аднагодак. Напэўна, гэта цудоўна, што ёсць жанчыны, якія ў мацярынстве нібы квітнеюць, для якіх дзіця робіцца асноўнай крыніцай іх жыцця. У мяне не так. Мне неабходны час, калі я магу пабыць сам-насам з сабой і з мужам. У перыяды хвароб сына, нейкіх яго ўзроставых скачкоў не маю такой магчымасці і потым доўга прыходжу ў сябе.
Мне вельмі пашанцавала, што блізкая сяброўка стала мамай амаль адначасова са мной. Хоць мы і жывём у розных гарадах, заўсёды ёсць з кім паразмаўляць, параіцца і атрымаць «тую самую» падтрымку — поўнае разуменне, жарты і, канешне, сустрэчы. Гэта паклала пачатак нашым сямейным вандроўкам. Вядома, мы былі ўпэўнены, што малютку можна пакласці ў байдарку і плысці разам з ім далёка і весела — у тэорыі. На практыцы ўсё аказалася больш складаным. Тым не менш гэтым летам мы разам з малым шмат ездзілі па краіне і жылі ў розных вясковых дамах.
А цяпер халады. Лета, лёгкае і адкрытае, змянілася на пару ўнутранай утульнасці. Шпацыры становяцца больш кароткімі па часе і адлегласці. Жыццё ў межах дзіцячых пляцовак у гарадскіх дварах мне падаецца нудным, таму кожны дзень складаю маршрут па горадзе. Па справах ці не. Бяром з сабой сабаку, выдатная кампанія. Дома чакаюць два каты. У маім дзяцінстве былі хатнія жывёлы, вось і сын вучыцца стасавацца з імі, любіць іх. Бонусам дадаецца адсутнасць стэрыльнасці, больш разнастайнае спазнаванне сусвету…
Галоўны цуд мацярынства для мяне ў тым, што, наколькі б ні была стомленая, раздражнёная, нявыспаная, усё адразу забываю, як толькі чую залівісты смех сына. «Але толькі пакуль ён доўжыцца, ха», — каментуе муж. Як нельга выспацца ці наесціся надоўга наперад, з запасам, так і пра адпачынак, пра эмоцыі. Усё можа хутка змяніцца, і я магу быць больш ці менш да гэтага гатовая. У сваім дзённіку (вяду яго ўсё свядомае жыццё) знайшла запіс: «Калі мне і сыну добра, калі на душы лёгка, мушу пражыць гэты момант на ўсе 100. Таму што праз імгненне можа ўсё змяніцца. У такіх маленькіх не бывае памежнага стану. Калі нешта не так, яны плачуць, важдаюцца. І гэтыя моманты я таксама буду пражываць на ўсе 100, па-іншаму не магу пакуль. Хачу несці ў кішэнях больш радасці ад гэтага дня». Шмат цікавага захоўваецца ў дзённіку, сапраўднага, непрадугледжанага. Шмат болю, стомы, захаплення. Перачытваючы, спрабую больш глыбока асэнсаваць сваё жыццё.
Апошні запіс на момант, калі пішу гэтыя радкі, такі: «Ці будзе паважаць мяне сын як чалавека? Пытанне ў далёкую будучыню і не ўсё залежыць толькі ад мяне. Прыгажосць у вачах гледача. Але чамусьці я задумваюся пра гэта цяпер. Можа, таму, што прасую, гатую, мыю, пыласошу, апранаю і распранаю... Праца, якая часта незаўважная астатнім людзям. А я бачу толькі яе. Шукаю, дзе ж я па-за межамі побыту. І, вядома, гэтае пытанне бярэ пачатак задоўга да родаў... А „вузы“ мацярынства ўсё агалілі. І вось яна я. Спустошаная, не ведаю, чаго хачу... Чакаю нейкіх асаблівасцяў і не заўважаю асаблівасці, якія ўжо ёсць...»
Такім быў той дзень, наступны такім не будзе. Дынаміка станаў апошнія паўтара года ўражвае. Напэўна, акрамя ўсіх выпрабаванняў, мацярынства для мяне — нібы нейкі трамплін. Адчуванне, што нешта важнае адкрываю кожны дзень, моцна натхняе. Колькі яшчэ адкрыццяў пра сябе і свет зраблю?.. Ці ніколькі? Гэта, напэўна, і няважна.
Вельмі цікава, якімі вырастуць дзеці нашага пакалення? Якім вырасце мой сын? Ім даецца, думаю, больш свабоды, больш звяртаецца ўвагі на іх пачуцці. Хачу верыць, што раблю ўсё правільна, таму што люблю.
Валерыя ПАЎЛАВА
Фота з сямейнага архіва аўтара
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат