Калі маці матэматык, а тата фізік, здаецца, што іх дзіця наўрад ці стане лірыкам. Але Таццяна Уласень, салістка балета Вялікага тэатра Беларусі, здолела рэалізаваць сябе на сцэне. Будучы познім дзіцем, яна атрымлівала максімум бацькоўскай любові і клопату, што ледзь не пазбавіла дзяўчыну мары: ужо на этапе яе паступлення ў Беларускую дзяржаўную харэаграфічную гімназію-каледж мама да апошняга моманту не падавала дакументы: раптам дачка перадумае?.. Але Таццяна ні разу не пашкадавала аб тым, што выбрала балет, і ўласным прыкладам даказвае: актыўнае творчае жыццё не перашкаджае быць добрай жонкай і мамай. Гледзячы на вытанчаную артыстку, якая ўмее ствараць яркія і пераканаўчыя вобразы на сцэне, мала хто ў глядзельнай зале задумаецца аб тым, наколькі моцна яе ў гэты момант чакаюць дома...
— Калі вучыліся ў каледжы, напэўна, марылі перш за ўсё аб паспяховай кар’еры?
— Калі я вучылася ў каледжы, наогул пра сям’ю не задумвалася. Шчыра скажу, я жыла толькі балетам, і вельмі доўгі час для мяне хлопчыкі наогул не існавалі. А калі ў старшых класах яны сталі рабіць знакі ўвагі, мне было не зразумела, навошта яны гэта робяць, запрашаюць мяне пагуляць. У мяне ж балет!.. Мне танцаваць трэба. Так было, пакуль не сустрэла свайго будучага мужа. Тады зразумела, што гэта менавіта той чалавек, з якім я хачу стварыць сям’ю, нарадзіць дзіця. Думаю, што важна сустрэць у жыцці менавіта таго мужчыну, з якім ваша каханне пераходзіць у нешта большае, калі з’яўляецца трэці, маленькі чалавек — увасабленне гэтага кахання.
— Вы, будучы салісткай, не адмовілі сабе ў шчасці быць мамай. Як рашаліся на гэта?
— У мяне такое меркаванне, што жанчына павінна рэалізаваць сябе і як жанчына, і як прафесіянал, у маім выпадку як балерына. У мяне гэта атрымалася. Я вельмі люблю сваю прафесію. Але таксама вельмі люблю дзяцей. Таму не ўяўляла свайго жыцця без дзяцей. І варыянта, каб прысвяціць сябе поўнасцю тэатру, але не стаць пры гэтым мамай, для мяне ў прынцыпе не існавала. Гэта значыць, у мяне ўсё роўна на першым месцы была сям’я і дзеці, таму што яны — цуд, які даецца звыш. Гэта найлепшае, што можа з намі здарыцца. Прафесія таксама дае цудоўнае адчуванне, што ты знаходзішся на сваім месцы, табе падабаецца тое, чым ты займаешся, тое, як ты сябе паводзіш на сцэне, рэалізоўваешся. Але гэта два бакі рэалізацыі чалавека, жанчыны. Калі любіш і сям’ю, і тэатр, то знаходзяцца кампрамісы.
— Важна, напэўна, сустрэць чалавека, які б разумеў, што вас ад тэатра адрываць нельга?
— Таму ў нас вельмі часта ствараюцца сем’і паміж творчымі людзьмі. Мой муж раней працаваў у тэатры артыстам балета. Ён скончыў тое ж харэаграфічнае вучылішча, што і я. Ён старэйшы на 10 гадоў. Мы пазнаёміліся ў музычным тэатры, дзе ён тады працаваў. А мяне яшчэ падчас вучобы ў каледжы накіравалі туды на стажыроўку. Мы бачыліся ў музычным тэатры, на спектаклях, на якія я прыходзіла, і на рэпетыцыях. Потым пачалі пакрысе размаўляць. Былі агульныя тэмы і інтарэсы. Але ўсё роўна я думала пра танцы. А калі скончыла каледж, ён стаў да мяне заляцацца больш актыўна. Праз нейкі час мы пабраліся шлюбам. А дзіця ў нас з’явілася праз восем гадоў — гэта не было хуткім рашэннем. Ён разумеў, што я люблю тэатр і яшчэ хачу быць на сцэне.
Калі нарадзіла дачку, то вельмі рана выйшла на работу — ёй было 11 месяцаў. Я не сядзела тры гады ў дэкрэтным водпуску, таму што час, калі балерына можа раскрыцца, вельмі кароткі. Тут трэба сказаць вялікі дзякуй маёй маме. Яна сама прапанавала дапамагчы з дзіцем, каб я выйшла на работу. Я ёй казала: «Мама, ты ж разумееш, што табе трэба будзе да нас кожны дзень ездзіць як на работу». Яна настойвала: «Трэба паспрабаваць...»
— Муж як да гэтага паставіўся? Ён жа разумеў, што дзіцяці патрэбна матуля?
— А я выйшла спачатку не на поўны працоўны дзень. І графік у мяне быў зручны. Калі выходзіш з дэкрэта, то на складаныя спектаклі цябе адразу не ставяць, трэба спачатку набраць форму. Былі маленькія партыі ў непрацяглых спектаклях. Таму ў нас усё атрымлівалася: і дачцэ ўвагу аддавала, і на гурткі вадзіла, а калі не магла, гэта рабіў муж. Але ў працоўным дні ёсць інтэрвал, калі можна збегаць дадому, пабачыцца з дзіцем, альбо выходны. Праўда, ёсць нюанс: у тэатры выхадны дзень — панядзелак. Для ўсіх ён працоўны. Для сем’яў, у якіх дзеці, а сужэнцы не звязаныя з тэатрам, гэта вялікая праблема: калі ў іх выхадныя, то ты працуеш, і наадварот. Калі Ганначка была маленькая, я дазваляла сабе ў панядзелак не вадзіць яе ў садок і цэлы дзень атрымлівала асалоду ад нашых зносінаў. А ў мужа крыху іншы графік. Калі ў нас з’явілася дзіця, ён ужо змяніў работу і быў заняты, як правіла, да абеду. Таму па вечарах быў вольны. І калі ў мяне не было спектакляў, мы бавілі час разам. Таму, напэўна, у нас і не ўзнікала праблем з-за таго, што я шмат адсутнічала дома.
— А калі вы працавалі па вечарах, муж мог бачыць вас на сцэне?
— Пакуль не было дзяцей, прыходзіў на мае спектаклі. Пасля — з дзіцем. Бывала такое, што калі добрае надвор’е, дык не ішлі на спектакль, а маглі пагуляць каля тэатра, пачакаць, калі я вызвалюся. Наша дачка практычна вырасла ў тэатры — часта брала яе з сабой. У тэатры так бывае, што артысты прыводзяць на работу дзяцей, калі разумеюць, што яны не перашкодзяць працоўнаму працэсу. Ёсць дзяўчынкі, якія не занятыя ў гэты момант ці якія збіраюцца стаць мамамі, яны з радасцю гатовыя дапамагчы пасядзець з дзіцем. Таму ў нас не рэдкасць, што дзеці артыстаў сябруюць.
— Калі дзіця з маленства бачыць маму на сцэне, разумее, чым яна займаецца. Магчыма, яно натуральным чынам становіцца прыхільнікам балета?
— Неабавязкова. Ёсць прыклады дзяцей некаторых артыстаў, якія адмовіліся ад гэтага, выбралі іншы шлях і шчаслівыя. Але мая дачка, гледзячы на мяне, захацела стаць балерынай. Мусіць, усе дзяўчынкі напачатку жадаюць быць падобнымі на маму. Але калі сталеюць, то выбіраюць тое, што ім цікава. У нашым выпадку выбар дачкі стаць балерынай быў яе самастойным рашэннем. Яна цяпер вучыцца ў харэаграфічным каледжы. Але да паступлення мы з мужам задавалі ёй пытанне: «Можа, лепш паступаць у іншую школу?..» Яна сказала, што хоча танцаваць. Вядома, яна бачыла і разумела, што будзе цяжка: гэта не толькі вытанчаныя пачкі, кароны, прыгожая музыка, а штодзённая ўпартая праца. Цяпер, калі яна ў гэтым працэсе, ніколі не скардзіцца, вельмі любіць тое, чым займаецца. Лічу, што дзеці павінны займацца тым, што прыносіць ім задавальненне. У прынцыпе, як і дарослыя. Тады будзе вынік.
— У вас ужо была дачка, і можна было працягваць рабіць сваю працу ў тэатры, але вы вырашылі па-іншаму…
— Так, другое дзіця — гэта ўсвядомленае рашэнне маё і мужа. Калі я нарадзіла хлопчыка, ён аказаўся «сонечным». Мне не дыягнаставалі гэтага, і яго з’яўленне стала вялізным сюрпрызам для нашай сям’і і сур’ёзным выпрабаваннем. Сёння магу сказаць, што мы яго вытрымалі. Справіцца з першапачатковым стрэсам мне дапамог муж, за што я бясконца яму ўдзячная. Потым, калі сталі гадаваць гэтае дзіця, разумелі: ёсць складанасці, але ўсё вырашальна. Так, нялёгка. Але гэта толькі ўмацавала нашу сям’ю. Здараецца, мужчыны выбіраюць лягчэйшы шлях — сысці. У маім выпадку аказалася наадварот. У мяне мужчына, які быў са мной побач, аказаўся моцным, дапамог не толькі сабе, але і мне прыняць гэтую сітуацыю.
У нас цудоўнае дзіця, вясёлае, жыццярадаснае, шмат чаму навучыла ўсіх членаў сям’і і ўсім нам дорыць радасць. Цяпер сыну 11 гадоў. Ён пакуль кепска размаўляе, але вельмі хоча навучыцца. Мы займаемся з лагапедам, ужо ёсць прагрэс, бо ён вельмі стараецца. Ён крыху баіцца новых мясцін і людзей, таму ў тэатр я яго пакуль не бяру. Мы стараемся яго знаёміць з навакольным светам пакрысе. Там, дзе ён вучыцца, выступаюць выхаванцы тэатральных гурткоў, паказваюць міні-спектаклі, яму вельмі падабаецца. Ён любіць музыку, танцаваць.
— У такой сітуацыі, калі шмат сіл трэба аддаваць дзіцяці, вы ствараеце яркія партыі на сцэне, акрамя таго, працуеце як педагог…
— Цяпер сумяшчаю працу артысткі балета і рэпетытара. Таму што вечна танцаваць на сцэне не будзеш. Трэба разумець: тое, што ў табе ёсць, можна перадаць не толькі гледачу, але і іншаму артысту, дапамагчы яму, накіраваць, падказаць, навучыць, як хутчэй раскрыць сябе на сцэне. І гэта працэс не менш захапляльны, чым калі ты сам выходзіш на сцэну. А калі ў артыстаў, з якімі ты рэпеціруеш, нешта атрымліваецца, то радуешся за іх не менш, чым за сябе, гэта большая эмацыянальная аддача, бо сябе ты ведаеш і можаш кантраляваць. А калі працуеш з іншым артыстам, то не заўжды можаш у поўнай меры ацаніць яго патэнцыял, і калі ён раскрываецца, то гэта можа быць значна лепш, чым чакаў. Напрыклад, з Аляксеем Баярынавым я рыхтавала партыю феі Карабос, якую сама танцавала. У нашым тэатры яе апошнім часам выконваюць толькі жанчыны. Але я прапанавала Ігару Паўлавічу Колбу ўвесці хлопчыка. Складанасць у тым, каб мужчына адлюстраваў жанчыну і гэта не было б камічна. Павінна быць тонкая грань гратэску, каб было праўдападобна і глядач убачыў злосную фею. У яго гэта атрымалася па-свойму і вельмі добра, што мяне радуе.
— Ёсць складаны момант, калі больш дасведчаны артыст, калега яшчэ з’яўляецца і выкладчыкам... Гэта ўплывае на працу?
— Мне здаецца, гэта складана ў большай ступені для педагога, а не для артыстак, з якімі я працую. Бо калі ты становішся рэпетытарам, але пры гэтым яшчэ працягваеш танцаваць, то разумееш, што не можаш на сцэне зрабіць нешта дрэнна, бо ад іх патрабуеш максімальнай аддачы. Калі я сама выходжу на сцэну, то разумею, што не маю права не дацягнуць ступню — гэта сядзіць у маёй галаве... Але ўвогуле маё амплуа — характарныя партыі.
— Калі марылі аб балеце, напэўна, бачылі сябе зоркай у галоўных ролях?
— Балет для ўсіх вельмі розны. Ёсць артысты, якіх задавальняе работа ў кардэбалеце, яны нават не жадаюць быць салістамі. Быць вядучым салістам — вялікая адказнасць. У кардэбалеце не менш адказнасці, але яна іншая. Трэба, каб было роўна, ты павінен танцаваць толькі ў лінію... А гучыць музыка, душа хоча разгарнуцца. Ёсць тыя, хто не хоча вось гэтай свабоды, калі ты можаш цалкам раскрыць сябе на сцэне пад музыку. Таму ў кожнага свой лёс і свой шлях. І дачка таксама не хоча стаяць у кардэбалеце ў спектаклях, якія ставяць у каледжы. Кажа: «Хачу танцаваць варыяцыі». Я пераконваю, што трэба праз гэта прайсці, каб зразумець, як працаваць у камандзе, і гэта не ўсе могуць. Таму гэта неабходны навык і карысны досвед: чым больш умееш і можаш, тым больш прафесійны артыст.
— Сям’я — гэта свайго роду каманда, у якой назапашаны пэўны досвед. Напэўна, ён даваўся няпроста…
— Заўсёды трэба размаўляць і знаходзіць кампрамісы. І калі людзі цябе чуюць і спрабуюць зразумець, то можна знайсці выйсце з любой сітуацыі. Першапачаткова закладзена, што жанчына — гаспадыня, яна прыбірае, мые бялізну, гатуе, глядзіць дзяцей. А муж — здабытчык, які зарабляе грошы. Але ў сённяшнім жыцці не заўжды так атрымліваецца. Жанчына таксама зарабляе. Таму можна ўраўнаважыць хатнія абавязкі. У нас у сям’і той, хто вольны, бярэ на сябе бытавыя клопаты. Вось у мяне выхадны, і разумею, што назапасілася хатняя праца — і магу ёю заняцца. Калі ў мужа выхадны, а я працую і ў нас не прыгатаваны абед, то ён можа паклапаціцца пра гэта, і ніхто не застанецца галодным. Ніхто не перакідвае хатнюю працу на іншага, калі можа яе зрабіць. Сям’я — гэта наогул узаемная праца, і не толькі паміж мужам і жонкай, але і дзецьмі. Цяпер старэйшая ўжо пасталела, дапамагае і з братам можа пасядзець, і, калі трэба, нешта прыгатаваць, прыбраць, памыць. Ды і сын імкнецца дапамагчы: любіць прыгожа расстаўляць талерачкі на стале, акуратна складае рэчы, посуд вельмі любіць мыць, прасаваць. Дазваляем яму гэта рабіць толькі пад нашым наглядам. У нас у сям’і ўсе адно аднаму дапамагаюць.
Выбудоўваем сваё жыццё па прыярытэтах. У мяне ёсць канкрэтныя задачы на сённяшні дзень, і я іх імкнуся выканаць. Не заўсёды атрымліваецца, і яны адкладаюцца. Што ж зробіш?.. З-за гэтага я не магу сесці і плакаць — само сабой усё не вырашыцца. Таму імкнуся ставіцца спакойна, нешта адкладаю на потым, і неяк усё само паступова выбудоўваецца. Мяне пытаюць: «Як ты ўсё паспяваеш?..» А я ўсяго і не паспяваю. Усё як і ва ўсіх, толькі я не раблю з гэтага праблему.
— Калі жонка і маці — артыстка, то ёй трэба асабліва даглядаць сябе. Ёсць на гэта час?
— Неяк мімаходзь. У мяне няма часу на паходы ў касметычныя салоны. Маладыя дзяўчаты, мусіць, могуць сабе гэта дазволіць. У мяне па-іншаму расстаўлены прыярытэты. Калі ёсць выбар паміж касметычным салонам і пагуляць з дзецьмі, я абяру другое. Я займаюся сабой, але ў дамашніх умовах.
— У артыстаў балета яшчэ і строгі падыход да харчавання?..
— Калі доўга знаходзішся ў нашай сістэме, то гэта ўжо стыль жыцця. Звыкаешся з тым, каб з’ядаць столькі, колькі трэба, і не больш, гэта становіцца нормай. І ў дачкі так ужо выпрацавалася. Быў момант, калі дзяўчынкі ператвараюцца ў дзяўчат, ёй усяго хацелася: то булачку, то цукерак у неймавернай колькасці. Яна ўжо вучылася ў каледжы, і я тлумачыла, што неабавязкова адмаўляць сабе ў тым, чаго хочаш, але трэба навучыцца сябе абмяжоўваць. Трэба было данесці да дзіцяці, што ў прынцыпе можна ўсё, але ва ўмеранай колькасці, каб задаволіць свой мозг. І паступова яна стала сябе кантраляваць. Канешне, дзецям гэта складана рабіць.
— Напэўна, пры вашай жыццёвай сітуацыі быў выбар: ці я цалкам належу сям’і, ці застаюся творчай асобай?
— Такія пытанні паўстаюць увесь час. Быў момант падчас першай цяжарнасці, калі кіраўнік казаў, што ў мяне вось толькі кар’ера пайшла, сольныя партыі, а тут трэба сыходзіць у дэкрэт... Гэта складаны выбар. Я зрабіла яго на карысць дзіцяці і ніводнага разу не пашкадавала. Калі нешта тваё, то яно з табой і застанецца. Бо калі я выйшла з дэкрэта, усе партыі вярнуліся да мяне. Быў і такі момант: дома чакае маленькае дзіця, але праца ў тэатры ўжо адрэгулявана, ёсць пэўны рэпертуар. І вось тэатр едзе на гастролі. Паўстае выбар, бо вельмі хочацца паехаць на гастролі, але дзіцяці патрэбна мама. У гэтым выпадку я рабіла выбар на карысць сям’і. Я вельмі шмат гастроляў прапусціла, застаючыся дома з дзіцем. Але танцы ад мяне нікуды не сышлі, а дзеці растуць, і яны будуць памятаць, што ў дзень нараджэння ці на Новы год матулі не было дома, а дзецям гэта неабходна. Калі яны маленькія, жадаюць усё падзяліць з мамай, таму што гэта самы блізкі чалавек. Цяпер я ўжо езджу на гастролі, мае дзеці падраслі, праўда, ёсць пытанне з малодшым сынам. Але ў гэты момант на дапамогу прыходзіць мая маці. Таму ёй нізкі паклон і мая бязмежная падзяка.
— Мусіць, праблемы адносін цешчы і зяця для вас не існуе?
— У самым пачатку была такая праблема, таму што ў нас з мужам вялікая розніца ва ўзросце. Мама вельмі перажывала за мяне як за любімую маленькую дачку: дзядзечка ж ужо дарослы. У нас была сур’ёзная размова, і я сказала, што мне з ім жыць. А цяпер яна бачыць, што ўсё добра. Ён дапамагае і сваёй маме, і маёй, асабліва пасля сыходу таты: можа павесіць кухню, скрыначкі нейкія прымайстраваць, кран паправіць... Такія дробязі часам шмат значаць. Муж у мяне цудоўны.
— Даводзілася танцаваць з мужам?
— Так, было ў пачатку нашага знаёмства ў музычным тэатры, але больш мы разам не танцавалі. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна, але цяпер з пункту гледжання пражытага досведу і зыходзячы з назіранняў магу сказаць, што больш эмацыянальныя танцы атрымліваюцца ў артыстаў, якія не жывуць разам, як бы дзіўна гэта ні прагучала. Здавалася б, што яны лепш ведаюць адно аднаго, што няма сарамлівасці ў нейкіх момантах. Але атрымліваецца наадварот. Калі з кімсьці жывеш разам, ты ўжо ведаеш, як ён на цябе паглядзіць, як ён табе падасць руку — усё прадказальна, стабільна і згодна з планам. А на сцэне мае значэнне эмоцыя, якая нараджаецца тут і цяпер.
— Тады, напэўна, мужчына павінен баяцца страціць жанчыну, асабліва калі яна ярка сябе паказвае на сцэне?
— Гэта ж праца, мы не ўкладваем у ролю свае сапраўдныя эмоцыі. Калі я на сцэне павінна паказаць гарачыя пачуцці, гэта не значыць, што я іх насамрэч адчуваю да свайго партнёра. Гэта майстэрства акцёра, калі ты можаш ужыцца ў ролю, але, сыходзячы са сцэны, трэба з яе выйсці. Наадварот, мне здаецца, што калі ёсць выйсце гэтым эмоцыям на сцэне, то ў сямейным жыцці можаш быць больш спакойны, ураўнаважаны і не трэба абрушваць вір эмоцый на чалавека, які падзяліў з табой жыццё.
— Цудоўна, калі ў сям’і ўсе жывуць адной справай…
— Спрэчкі здараюцца, вядома, не без гэтага. У нас ва ўсіх трошкі рознае бачанне адной і той жа сітуацыі. Але заўсёды можна прыйсці да агульнага рашэння. Бо калі ў нас з мужам адрозныя меркаванні, гэта не значыць, што маё ці яго меркаванне няслушнае. Мы проста глядзім з розных пунктаў на адну і тую ж сітуацыю. І падчас гутаркі ракурс пашыраецца: аказваецца, мы гаворым пра адно і тое ж, толькі па-рознаму!
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота з асабістага архіва гераіні і Вялікага тэатра Беларусі
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.