Вы тут

Гродна прымаў семінар Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі


Трэба сказаць, што гэты семінар праходзіць рэгулярна і з’яўляецца свайго роду дзейным органам пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, які скіраваны на будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Пасяджэнні праходзяць па чарзе ў кожнай краіне. Чарговы семінар нядаўна адбыўся ў Гродне і прысвечаны тэме культуры. У ім узялі ўдзел як дэпутаты, так і прадстаўнікі ўстаноў культуры, духавенства, кінаіндустрыі, навуковых і адукацыйных колаў.


Як зазначыў старшыня Камісіі Парламенцкага сходу па культуры, навуцы і адукацыі, першы намеснік Камітэта Дзяржаўнай Думы Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці, пытаннях грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў Мікалай Бурляеў, падобныя мерапрыемствы дапамагаюць замацаваць сувязі паміж двума народамі і ствараюць умовы для далейшага супрацоўніцтва. На яго думку, культура — аснова нацыянальнай бяспекі, бо ў эпоху перагляду традыцыйных каштоўнасцяў адыгрывае ключавую ролю ў захаванні сваіх каранёў, сапраўднай гісторыі сваіх народаў. І ў гэтым сэнсе краінам варта трымацца разам.

Мікалай Бурляеў звярнуў увагу на новую тэму — сацыяльную інжынерыю, якой карыстаюцца заходнія апаненты, каб маніпуляваць свядомасцю і фарміраваць грамадскую думку пад тыя ці іншыя палітычныя працэсы. З дапамогай медыя, адукацыйных праграм, культурных ініцыятыў ствараецца новае асяроддзе, якое адыходзіць ад мясцовых рэалій і каштоўнасцяў, тым самым выклікаючы раскол і напружанасць у грамадстве. Для Саюзнай дзяржавы важна супрацьстаяць гэтаму націску і не ўпусціць моладзь, якая вырасла ў новых рэаліях.

Трэба сказаць, што ў плане інтэграцыі створана нямала сумесных праектаў, якія сталі брэндам Саюзнай дзяржавы. Адзін з іх — міжнародны фестываль «Славянскі базар у Віцебску». Яго дырэктар, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Глеб Лапіцкі ўспрымае такія сустрэчы, як пляцоўку для новых ідэй.

— У фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» Саюзная дзяржава ўдзельнічае больш за 20 гадоў. У рамках форуму праходзяць дні Саюзнай дзяржавы. Чым больш мы станем рэалізоўваць практычных мерапрыемстваў, тым лепш нашы грамадзяне будуць успрымаць сэнс Саюзнай дзяржавы і тыя плюсы, якія яна дае двум народам, двум незалежным краінам. Гэта важна данесці да моладзі, — лічыць Глеб Лапіцкі.

У рамках 80-годдзя Вялікай Перамогі, што будзе святкавацца ў наступным годзе, парламентарыі абедзвюх краін прыкладуць намаганні ў захаванні гістарычнай памяці, выхаванні патрыятызму і згуртаванасці народаў, якія здабывалі перамогу над нацызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Прагучала прапанова аб выданні беларуска-расійскага часопіса, у якім дакладна і праўдзіва будзе расказвацца аб важных момантах, звязаных з гістарычным мінулым. Бо менавіта разуменне агульных культурных кодаў дазволіць зрабіць саюз моцным і ўстойлівым.

Па словах удзельнікаў, на семінары падымаліся сур’ёзныя пытанні, якія скіраваны на развіццё моцнага грамадства: патрыятызм, гонар за краіну. 

У сучасных умовах важна захаваць прыхільнасць да сваёй краіны, яе культуры і традыцый. Гэта асабліва актуальна для моладзі, якая, магчыма, ніколі не сутыкнецца з тымі цяжкасцямі, якія перажылі іх продкі, але павінна цаніць і паважаць іх подзвігі. Спікеры сышліся ў меркаванні, што паспяховае выхаванне моладзі заснавана на трох прынцыпах: веданні гісторыі, павазе да роднай культуры і актыўным удзеле ў жыцці краіны. Імкненне захаваць гістарычную памяць і культуру будзе садзейнічаць стварэнню больш здаровага і згуртаванага грамадства, упэўнены ўдзельнікі семінара.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта адзначыла:

— Гэты семінар — свайго роду зверка пазіцый дзвюх краін у такім важным аспекце, як культура. І заканадаўства, і дзяржаўная палітыка абедзвюх краін павінны ісці ў адным кірунку. 

Быў прадэманстраваны працяг напрацаваных праектаў і зроблены акцэнт на новых ідэях. Так, упершыню была звернута ўвага на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, у прыватнасці на перспектывы сумесных даследаванняў падрыхтоўкі дасье на аб’екты Гродзенскай вобласці, якія ўключаны ў папярэдні спіс ЮНЭСКА.

Такая ўстаноўка асабліва важная для Гродна і рэгіёна, таму што менавіта тут знаходзіцца самая вялікая колькасць гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. Гродна ў гэтым сэнсе сапраўдная жамчужына Беларусі, дзе не проста захоўваецца спадчына, а яна адраджаецца, аднаўляецца. Нашы госці былі ўражаны такімі аб’ектамі, як Каложская царква, Стары замак, гістарычная забудова горада. Высокую ацэнку атрымала тэатральная пастаноўка Тэатра лялек, з будынка якога пачалося развіццё тэатральнага мастацтва Гродна. Гродзенцы яшчэ раз прадэманстравалі вялікую работу дзяржавы, мясцовых органаў кіравання і самакіравання ў развіцці культурнай спадчыны.

Маргарыта Ушкевіч.

Фота з адкрытых крыніц.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.