Вы тут

У адным са сквераў Брэста ўрачыста адкрылі спартыўную пляцоўку


Гэтая зона актыўнага адпачынку для падтрымання здаровага ладу жыцця з’явілася дзякуючы рэалізацыі адной з грамадзянскіх ініцыятыў, што перамагла ў абласным конкурсе. Спартыўны вулічны інвентар, які ўстанавілі на пляцоўцы, прадугледжвае магчымасці для заняткаў на свежым паветры людзей ад 7 гадоў да 70+. Пляцоўка стала чаканай падзеяй для многіх і многіх жыхароў гэтага раёна.


Як расказаў карэспандэнту газеты старшыня Брэсцкага гарадскога Савета Андрэй Філановіч, з ініцыятывай выступілі жыхары найбліжэйшых дамоў па вуліцы Маскоўскай:

— Нарадзілася калектыўная ідэя ўстанавіць у скверы вулічныя трэнажоры для трэніровак, а дакладней, для падтрымання фізічнай формы людзей усіх узростаў. Ініцыятарам, ідэйным натхняльнікам, а пазней адным з арганізатараў выступіла дэпутат гарадскога Савета Наталля Арцыменя. Гарадскі Савет дапамог аформіць ідэю і падаць матэрыялы на конкурс, арганізаваны абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. У рамках конкурсу праект 

«Здаровы горад — горад Брэст» на суму звыш 22 тысяч рублёў аказаўся ў ліку пераможцаў. Аўтары ініцыятывы адразу ж пачалі з пошукаў нераўнадушных, зацікаўленых людзей з ліку жыльцоў навакольных дамоў, — працягваў Андрэй Філановіч. — Апошнія выказалі гатоўнасць фінансава паўдзельнічаць у добрай справе. Паводле ўмоў конкурсу, частку фінансавання павінны ўзяць на сябе грамадзяне, яшчэ частку — спонсары, астатняе выдзяляецца з бюджэту. Так і сталася ў нашым выпадку. Жыхары сабралі 10 працэнтаў кошту праекта. Спонсарскую дапамогу аказала машынабудаўнічае прадпрыемства «КОМПА». Больш чым 18 тысяч было выдзелена з абласнога бюджэту. Рашэннем гарвыканкама выканаўцам работ назначылі прадпрыемства КУП «ЖРЭУ г. Брэста». Усе сродкі сабралі на адным рахунку, і названае прадпрыемства ўзялося за работу. Такім чынам, добрую справу ажыццявілі агульнымі намаганнямі, і спадзяемся, што паспяховы праект стане добрым прыкладам для іншых.

Старшыня гарсавета падкрэсліў таксама, што гэта быў першы вопыт падобнай работы і запэўніў, што ў гарадскім Савеце яго будуць абагульняць, расказваць насельніцтву аб тым, як пры мінімальным удзеле кожнага талакой можна зрабіць карысную справу для ўсіх. А ў тым, што вулічныя трэнажоры патрэбныя гараджанам, ужо ўпэўніліся тыя, хто іх апрабаваў. Там ёсць прыстасаванні, якія разлічаны на пенсіянераў. На гэтым ад пачатку рабіўся асаблівы акцэнт. Людзям сярэбранага ўзросту, якія маюць шмат вольнага часу, важна займацца фізічнымі практыкаваннямі. Яшчэ больш важна, каб школьнікі пакідалі свае гаджэты дома, прыходзілі сюды і бавілі час з карысцю для здароўя на свежым паветры, гаварылі падчас адкрыцця.

На ўрачыстае адкрыццё пляцоўкі, акрамя старшыні гарадскога Савета, прыйшлі кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Аляксандр Прадун, начальнік КУП «ЖРЭУ г. Брэста» Ігар Гадун, дырэктар Брэсцкай абласной дырэкцыі ААТ «Белгазпрамбанк» Наталля Арцыменя, заснавальнік машынабудаўнічага прадпрыемства «КОМПА» Эла Джангозава, старшыня праўлення ЖБПК № 5 Галіна Валынчук, жыхары мікрараёна.

Пасля пераразання сімвалічнай стужкі ахвотныя, у тым ліку госці, змаглі на практыцы ацаніць трэнажоры. І першыя ўражанні атрымаліся надзвычай пазітыўнымі.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Фота Брэсцкага гарвыканкама.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.