Сёлета раён заняў дастойнае месца на абласной Дошцы гонару. У яго першае месца за высокія паказчыкі ў сацыяльна-культурным развіцці і першае месца ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці. Гродзенскі раён — традыцыйны лідар у аграпрамысловым комплексе краіны. Не першы год тут даказваюць, што аграрны сектар можа і павінен быць прыбытковым. Менавіта ад яго работы залежыць і дабрабыт раёна. Валерый Хелскі ў інтэрв’ю газеце «Звязда» расказаў аб вытворчым патэнцыяле і асабістым алгарытме дзейнасці на пасадзе старшыні Гродзенскага раёна.
— Валерый Уладзіміравіч, чым знамянальны гэты год для хлебаробаў раёна?
— Год няпросты, іх у сельскай гаспадарцы простых не бывае, заўсёды ёсць складанасці: і фінансавыя, і кліматычныя. Прыемна, што Гродзенскі раён не страціў сваіх пазіцый, мы атрымалі збожжа разам з рапсам і кукурузай 350 тысяч тон. Атрымалі 400 тысяч тон цукровых буракоў, больш за 18 тысяч тон садавіны. Нарыхтавалі дастатковую колькасць кармоў. Гэта значны вынік. Дзве гаспадаркі сёлета занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Гэта СВК «Путрышкі» і «Азёры Гродзенскага раёна». Вядома, лідарам стаць няпроста, але яшчэ складаней утрымаць пазіцыі, асабліва калі паказчыкі вельмі высокія.
— Я ведаю, што Гродзенскі раён — адзін з самых паспяховых па вытворчасці малака.
— Сёлета раён перавысіць планку надояў у 10 тысяч кілаграм малака на карову. Мяркуем, што гэтая лічба будзе 10 300. Сярэдні паказчык па краіне — 6300 кілаграмаў, па Гродзенскай вобласці — 7,5 тысячы. Мы амаль на 700 галоў павялічылі дойны статак, завяршаем будаўніцтва чатырох малочнатаварных комплексаў, якія ўзводзяцца пры падтрымцы дзяржавы. Усё гэта робіцца для паляпшэння камфорту ўтрымання жывёл. Мы бачым, што былыя аб’екты, нават там, дзе адбылася рэканструкцыя, не адпавядаюць параметрам ні па мікраклімаце, ні па санітарным стане. Таму ставім задачу стварыць для жывёл больш камфортныя ўмовы, каб забяспечыць усе неабходныя параметры.
— Чым абумоўлены поспехі раёна?
— Не адкрыю чагосьці новага, калі скажу, што поспех залежыць ад работы каманды, прафесіяналізму і адказнасці ўсіх работнікаў, адданасці сваёй працы. Пры гэтым важная пераемнасць пакаленняў, моладзі, якая прыходзіць у гаспадаркі. На якасць работы ўплывае і наша мірнае асяроддзе. Мы можам спакойна жыць, працаваць, не турбавацца пра заўтрашні дзень.
— Ці развіваецца ў раёне фермерства?
— У нас на тэрыторыі раёна зарэгістравана і працуе 77 фермерскіх гаспадарак. Кожная мае сваю нішу ў розных галінах сельскай гаспадаркі: жывёлагадоўлі, раслінаводстве, вырошчванні агародніны і садавіны, дэкаратыўных раслін. Зямля практычна ўся размеркавана, надзелы невялікія, але выкарыстоўваюцца эфектыўна.
— Як развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база ў сферы АПК?
— Без новых тэхналогій складана фарміраваць прагнозы і ўдасканальваць вытворчасць. Гэта датычыць раслінаводства, апрацоўкі глебы. Галоўнае — дабіцца зніжэння затрат, каб прадукт быў канкурэнтаздольным і даваў максімальна магчымы прыбытак. Таму гаспадаркі ў гэтым сэнсе настроены вельмі сур’ёзна. Так, у сельскагаспадарчых кааператывах імя В. Крамко і І. Сянько адышлі ад традыцыйнага ўзворвання пры сяўбе культур і замянілі новай тэхналогіяй з мінімальнай апрацоўкай глебы, што дазваляе значна эканоміць сродкі, адпаведна, і знізіць страты. Такія машыны набываюць і іншыя нашы гаспадаркі. У цэлым аднаўленне машына-трактарнага парка вядзецца няспынна. Хаця закупачныя цэны пастаянна растуць.
— Якая сфера ў раёне развіваецца больш інтэнсіўна, чым раней?
— Сёлета значны рывок зроблены, згодна з даручэннем Прэзідэнта, у дарожным будаўніцтве. На рамонт і аднаўленне дарог выдзелена ў два разы больш сродкаў, чым летась. Радуе і тое, што такая тэндэнцыя захаваецца і на будучы год. Гэта задаволіць запыты нашых жыхароў і дазволіць зрабіць дарогі яшчэ больш камфортнымі і бяспечнымі.
Штогод выконваем планы капітальнага рамонту нашага жыллёвага фонду, звяртаем увагу на сацыяльную сферу. Сёлета завяршылі ўзвядзенне будынка, дзе размешчаны раённы Дом культуры і народнай творчасці. На другі год у нас таксама амбіцыйныя планы. Плануем заняцца будаўніцтвам сацыяльнага цэнтра ў Скідзелі, капітальным рамонтам дзіцячага сада ў аграгарадку Вярцялішкі. Плануем аднавіць работы па басейне ў Абухаве.
Тут вядзём работы па рамонце Дома культуры: аднавілі сцэну, набылі сучаснае абсталяванне. Ёсць задумкі стварыць у аграгарадку Абухава музей Гродзенскага раёна, дзе будзе сабраны матэрыял ад стварэння да сённяшняга дня. Маладому пакаленню важна паказаць, як ішло развіццё аднаго з самых паспяховых раёнаў краіны, хто здабываў яму славу і чаму варта ганарыцца чалавекам працы, любіць сваю прафесію і Радзіму.
— Раён уключыўся ў праграму «Адзін раён — адзін праект»?
— У рамках гэтай праграмы ў нас рэалізоўваецца прыватны праект па выпуску тары. Гэта будзе новая вытворчасць на новых плошчах, якія размясціліся на тэрыторыі СЭЗ. Тара прызначана для вырошчвання дэкаратыўных раслін. Значная частка — 80% прадукцыі — будзе паступаць на экспарт. Мяркуецца, што праект будзе рэалізаваны ў будучым годзе.
Між тым Прэзідэнт скіроўвае на развіццё такой вытворчасці, якая садзейнічае высокаму продажу. Напрыклад, малако добра прадаецца, значыць, трэба будаваць фермы, арганізоўваць перапрацоўку гэтай сыравіны. Бачым перспектыву ў гэтым кірунку.
У Скідзелі пачынаем сур’ёзны інвестпраект — новы завод па перапрацоўцы малака, вытворчасці сыру. Магутнасць перапрацоўкі — адна тысяча тон сыравіны за суткі. Вытворчасць — адзін з самых важных аспектаў напаўнення бюджэту раёна. Будзе вытворчасць — будзе развівацца і сацыяльная сфера, і культура, і турызм.
— У Гродзенскім раёне даволі магутны турыстычны патэнцыял. Тут і знакаміты Аўгустоўскі канал, і палацавы комплекс Свяцк, які часткова прайшоў даволі маштабную рэканструкцыю. Ці ёсць прыбытак ад гэтых аб’ектаў?
— Сёння Аўгустоўскі канал — месца, якое магло б стаць турыстычнай Меккай. Паблізу і Свяцк, які нядаўна пачаў прымаць турыстаў. Мы абмяркоўвалі з губернатарам тэму развіцця канала — стварыць умовы для разнастайнага тыпу адпачынку: сямейнага, маладзёжнага, спартыўнага. Магчыма, будуць распрацаваны тыпы лакацый розных кірункаў. У сезон там працуе пракат лодак і катамаранаў, курсіруюць цеплаход, катары.
Папулярныя на канале байдарачныя сплавы. Можна ўзяць на пракат веласіпед і праехацца па некалькіх «зялёных» маршрутах. Ёсць музей.
Таму цяпер Аўгустоўскі канал асацыіруецца з ціхім адпачынкам. Дарэчы, сёлета, падчас фестывалю нацыянальных культур, адзначылі 200-гадовы юбілей старажытнага гідратэхнічнага збудавання. У сезон тут праходзіць нямала свят, фэстаў, спартыўных спаборніцтваў, турзлётаў.
— Пытанне асабістае. Што лічыце для сябе асабліва складаным у пасадзе кіраўніка раёна і ў чым знаходзіце апору?
— Самае складанае — гэта рабіць заўвагі работнікам, ісці на скасаванне працоўных адносін. Лічу, што ўлады давяраюць людзям, здаецца, што людзі павінны самі разумець важнасць нашай агульнай справы. Але не заўсёды так адбываецца. Магчыма, кожны лічыць, што ён самы свядомы ў сваёй справе. Іншы раз даводзіцца нагадваць па некалькі разоў, і гэта не вельмі прыемна. Таму важна, каб кіраўнік мог адмовіць такім работнікам. Разам з тым ён павінен дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. А вось наконт апоры — яе трэба шукаць у самім сабе і ў прафесіі. Лічу, што галоўную загартоўку я прайшоў падчас работы загадчыкам участка ў калгасе. Потым было нямала кіруючых пасад.
У раёне працуе вельмі адказная і дастойная каманда. Дрэнных спецыялістаў у нас няма, гэта датычыцца не толькі сельскай гаспадаркі, але і ўсіх сфер жыцця.
Маргарыта Ушкевіч.
Фота Назара Халько.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.