Вы тут

Ад чаго ўзнікае астэапароз і як яго папярэдзіць?


Хто з нас у дзяцінстве ці старэйшым узросце не меў у сваім «паслужным спісе» пераломаў костак. Дык і што? Было і прайшло, і нават не заўсёды мы можам успомніць аб перанесеных траўмах на прыёме ва ўрача. Але, як ні дзіўна, пра стан сваёй касцявой сістэмы мы амаль што не думаем нават ва ўзросце за 40. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, астэапароз, як прычына інваліднасці і смяротнасці чалавека, займае чацвёртае месца ў свеце пасля такіх захворванняў, як сардэчна-сасудзістыя, анкалагічныя і цукровы дыябет. Пра гэта небяспечнае захворванне размаўляем з урачом-хірургам 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Таццянай Цясленка.


— Таццяна Аляксееўна, што гэта за хвароба?

— Астэапароз — гэта сістэмнае захворванне шкілета, якое характарызуецца зніжэннем касцявой масы і парушэннем будовы касцявой тканкі. Яно вядзе да павышанай далікатнасці костак і пашкоджвае ўсе косткі шкілета. Астэапароз робіць іх порыстымі і ломкімі, як запалкі. 

У выніку чалавек можа зламаць, напрыклад, нагу, усяго толькі стукнуўшыся аб парог сваёй хаты.

Касцявая тканка становіцца порыстай, косткі — больш далікатнымі і могуць лёгка ламацца. У перакладзе з латыні тэрмін «астэапароз» азначае «разрэджаная костка». Пераломы з’яўляюцца асноўным ускладненнем астэапарозу. Яны ўзнікаюць нават пры невялікай, мінімальнай траўме, напрыклад пры падзенні на роўным месцы з вышыні ўласнага росту. Пераломы пазванкоў пры астэапарозе могуць здарыцца пры падыманні цяжараў, трасенні пры яздзе.

— Ці ёсць у астэапарозу першыя сімптомы, якія дазваляюць своечасова яго заўважыць?

— Амаль у 50% выпадкаў астэапароз працякае бессімптомна і выяўляецца ўжо пры наяўнасці пераломаў костак. У многіх пацыентаў з астэапарозам маюцца скаргі на болі ў спіне, якія ўзмацняюцца пасля фізічнай нагрузкі, пры працяглым знаходжанні ў адным становішчы — стоячы ці седзячы. Гэтыя болі знікаюць або прытупляюцца пасля адпачынку ў становішчы лежачы. Вонкава астэапароз праяўляецца змяненнем постаці, зніжэннем росту да старасці, дэфармацыяй грудной клеткі, парушэннем паходкі ў выніку ўшчыльнення пазванкоў і разрэджання касцявой тканкі. Пры наяўнасці астэапарозу пералом пазваночніка можа ўзнікнуць нават у ложку пры нязграбным змяненні становішча — са спіны на бок, а пералом шыйкі сцягна — пры невялікім удары або рэзкім руху.

— Што прыводзіць да астэпарозу?

— Разнастайныя прычыны. Да першай катэгорыі адносяцца тыя фактары, якія чалавек не здольны змяніць, іх называюць некіравальныя. Да такіх адносіцца пол — жанчыны пакутуюць на астэапароз часцей. Гэта звязана з асаблівасцямі гарманальнага статусу, а таксама з меншай агульнай касцявой масай. Акрамя таго, жанчыны губляюць касцявую масу хутчэй і ў большай колькасці ў сувязі з менапаўзай і большай працягласцю жыцця.

Акрамя таго, важны і ўзрост: з моманту нараджэння чалавека адбываецца рост шкілета, павелічэнне аб’ёму і шчыльнасці касцей. Свайго піка касцявая маса дасягае да 25 гадоў, потым надыходзіць перыяд стабільнасці, а ўжо пасля 45 гадоў пачынаецца павольнае, але прагрэсіруючае зніжэнне касцявой масы.

Яшчэ адзін фактар — спадчыннасць. Пры наяўнасці ў найбліжэйшых сваякоў (маці, бацькі, братоў, сясцёр) пераломаў пры мінімальнай траўме ва ўзросце старэйшым за 50 гадоў рызыка астэапарозу ўзрастае.

Да кіравальных фактараў (на якія можна ўздзейнічаць) адносіцца нізкая фізічная актыўнасць. У любым узросце адсутнасць пастаяннай фізічнай нагрузкі можа прывесці да страты касцявой масы. Дарэчы, нізкая маса цела (індэкс масы цела (ІМТ) <20 кг/м2) з’яўляецца індыкатарам нізкай мінеральнай шчыльнасці косткі.

Курэнне таксама негатыўна ўплывае на нашу касцявую тканку. Шчыльнасць косткі ў курцоў, якія штодзень выкурваюць 20 цыгарэт і больш, у 1,5-2 разы ніжэй, чым у тых, у каго няма гэтай дрэннай звычкі.

  • Сярод фактараў рызыкі — злоўжыванне алкаголем, бо ён прыводзіць да парушэння засваяльнасці кальцыю і вітаміну D арганізмам, і недастатковае спажыванне кальцыю з ежай. Гэты мікраэлемент, як вядома, з’яўляецца «будаўнічым матэрыялам» косткі. Для забеспячэння засваення кальцыю косткай і абменных працэсаў у касцявой тканцы неабходны вітамін D. Яго дэфіцыт таксама вядзе да астэапарозу. Негатыўным складальнікам з’яўляецца схільнасць да падзенняў у асоб з парушэннямі зроку, слыху, вестыбулярнымі растройствамі, нізкай фізічнай актыўнасцю.

— Ці можна пазбегнуць гэтай хваробы?

— Рана распачатая актыўная прафілактыка можа істотна паўплываць на распаўсюджанасць, прагрэсіраванне і зыход астэапарозу. Для гэтага трэба прытрымлівацца некалькіх правіл.

Найперш збалансавана харчавацца. Вядома, што адным з асноўных мінералаў, якія аказваюць істотны ўплыў на фарміраванне і падтрыманне шкілета, з’яўляецца кальцый. Асноўныя яго крыніцы — малочныя прадукты, бабовыя, шпінат, зеляніна, арэхі, рыба і морапрадукты.

Для паляпшэння засваення кальцыя ў страўнікава-кішачным тракце вельмі важны вітамін D. Апошні паступае ў арганізм у складзе такіх прадуктаў, як рыба, печань, яйкі, а таксама ўтвараецца ў скуры пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў. Аднак у восеньска-зімовы перыяд колькасць сонечных дзён рэзка скарачаецца, таму ў гэты час вітамін D варта прымаць дадаткова ў выглядзе лекавых прэпаратаў.

Акрамя таго, неабходна звярнуць увагу на бялковы складнік рацыёну. Трэба спажываць 1-1,2 г бялку на 1 кг масы цела ў дзень. У той жа час трэба памятаць, што залішняе яго спажыванне спрыяе павелічэнню выдзялення кальцыю з мачой. Шкоднымі прадуктамі пры астэапарозе з’яўляюцца кава і павараная соль. Так, кафеін узмацняе выдзяленне кальцыю з мачой у дарослых, а спажыванне чатырох і больш кубкаў кавы ў дзень у жанчын спрыяе зніжэнню касцявой масы. Неабходна абмяжоўваць і спажыванне солі да адной чайнай лыжкі без горкі ў дзень, паколькі яна таксама павышае вылучэнне кальцыю з мачой і таму зніжае мінеральную шчыльнасць касцей у дарослых.

Вельмі важнае падтрыманне нармальнай масы цела. Сачыце за сваёй вагой. Трэба звярнуць увагу, што празмерна худыя жанчыны пакутуюць на астэапароз часцей, чым поўныя. Гэта абумоўлена тым, што тлушчавая клетка здольная сінтэзаваць гармоны, якія стымулююць развіццё касцявой тканкі.

Неабходна адмовіцца ад ужывання тытуню і алкаголю, мець пастаянныя фізічныя нагрузкі. Яны важныя для памяншэння страт касцявой тканкі, паляпшэння раўнавагі і прафілактыкі падзенняў, а таксама для рэабілітацыі пасля перанесеных пераломаў. Фізічная актыўнасць павінна ўключаць хаду, бег, заняткі тэнісам і іншыя віды актыўнасці на свежым паветры. Важна адзначыць, што плаванне не спрыяе ўмацаванню касцей, паколькі бязважкі стан цела ў вадзе не прыводзіць да ўзнікнення неабходнай нагрузкі на касцявыя структуры.

Каб папярэдзіць падзенне, трэба выконваць практыкаванні для паляпшэння раўнавагі, а таксама сачыць за зрокам і слыхам, рэгулярна наведваць акуліста і ЛОР-урача. Пры неабходнасці абавязкова выкарыстоўваць дадатковыя прыстасаванні для хады: хадункі, кій.

Практыкаванні для паляпшэння раўнавагі:

• ступні знаходзяцца на адной лініі (правая перад левай ці наадварот), рукі на поясе. У гэтым становішчы стаяць 20–30 секунд;
• ногі разам, рукі на поясе. Падняцца на дыбачкі, стаяць 15–20 секунд;
• рукі на поясе, левую нагу сагнуць, адарваўшы ад падлогі. Падняцца на дыбачкі правай нагой, стаяць 
15–20 секунд. Выканаць тое ж іншай нагой.

Алена Кравец

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.