Шаркаўшчына, што ў Віцебскай вобласці, — адзін з тых рэгіёнаў, дзе адначасова можна адчуваць сябе і гарадскім жыхаром, і быць у яднанні з унікальнай некранутай прыродай. А яшчэ — паспяхова развіваць прыватны бізнес з дапамогай раённых улад. Аб тым, чым прываблівае інвестараў і турыстаў раён, расказаў старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака.
— Дзмітрый Міхайлавіч, за высокія паказчыкі, дасягнутыя ў ходзе правядзення ў 2023 годзе рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Беларусі, Шаркаўшчына прызнана пераможцам у ІV катэгорыі. Дзякуючы чаму ўдалося дасягнуць такіх высокіх паказчыкаў? Якія новыя і абноўленыя аб’екты з’явіліся ў раёне ў 2024 годзе?
— Дасягнуць высокіх паказчыкаў па добраўпарадкаванні ўдалося дзякуючы правядзенню абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023» у Шаркаўшчыне і Шаркаўшчынскім раёне. Была праведзена вялікая работа з мэтай павышэння якасці жыцця нашага насельніцтва.
Так, летась у гарпасёлку быў уведзены ў эксплуатацыю шматкватэрны жылы дом, 40 сем’яў атрымалі арэнднае жыллё. Капітальны рамонт закрануў 10 шматкватэрных дамоў, бягучы — 20 дамоў і адзін інтэрнат. Новы выгляд набылі 27 прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў, людзі самі аказалі вялікую дапамогу адказным службам у добраўпарадкаванні.
У Шаркаўшчыне ў мінулым годзе з’явілася асфальтаваная пешаходная дарожка ўздоўж вуліцы Чырвонаармейскай, там жа ўсталявалі турыстычную карту раёна і банеры з інфармацыяй аб славутых земляках. Быў праведзены бягучы рамонт трох сквераў, усталяваны малыя архітэктурныя формы, адноўлены фантан. З мэтай стварэння сучаснага адукацыйнага асяроддзя капітальны рамонт з мадэрнізацыяй быў праведзены ў сярэдняй школе № 1 — ва ўстанове адукацыі былі абноўлены кабінеты і школьныя рэкрэацыі. Канешне, значная работа зроблена па ўдасканаленні дарожнай інфраструктуры: адрамантавана 48 вуліц пасёлка, усталявана пяць аўтобусных павільёнаў, адрамантаваны тратуары, на ўездзе ў пасёлак з боку Глыбокага з’явілася новая ўязная стэла, заменена больш чым 1400 вулічных ліхтароў. У кастрычніку 2023 года ўвялі ў эксплуатацыю новую шматпаліўную аўтазаправачную станцыю з аб’ектам грамадскага харчавання.
Работа па павышэнні камфорту жыцця людзей працягваецца і ў бягучым годзе. У маі пасля капітальнага рамонту быў уведзены ў эксплуатацыю мост праз раку Янку, праведзены капітальны рамонт аднаго шматкватэрнага жылога дома, добраўпарадкаваны тры прыдамавыя тэрыторыі. У снежні 2024 года пачнецца капітальны рамонт моста па вуліцы Савецкай, распрацоўваецца праектная дакументацыя па аб’екце будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома, які плануем увесці ў эксплуатацыю ў 2025 годзе. У жніўні бягучага года пасля мадэрнізацыі была адкрыта спартыўная пляцоўка ў сярэдняй школе № 1. У маі ў вёсцы Александрова быў адкрыты новы жылы корпус на 105 месцаў Александроўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. У найбліжэйшай перспектыве — будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Шаркаўшчыне, гэта яшчэ адзін крок насустрач таму, каб зрабіць жыццё ў гарадскім пасёлку больш прывабным і камфортным.
— У раёне праводзіцца актыўная работа па ўцягненні ў гаспадарчы абарот дзяржмаёмасці, што не выкарыстоўваецца. Раскажыце пра найбольш паспяховыя праекты, якія ўносяць уклад у развіццё эканомікі раёна?
— Уцягненне ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца і неэфектыўна выкарыстоўваецца, — адзін з прыярытэтных кірункаў работы райвыканкама сумесна з раённым Саветам дэпутатаў. Мы ўпэўнены, што наладзіць новую справу пад старым дахам больш эфектыўна, чым ліквідаваць будынак, — гэта і развіццё эканомікі рэгіёна, і, самае галоўнае, новыя працоўныя месцы, што для жыхароў сельскай мясцовасці асабліва актуальна.
Да ліку паспяховых праектаў, рэалізаваных у бягучай пяцігодцы, можна аднесці стварэнне швейнай вытворчасці на базе былой школы ў аграгарадку Наваселле таварыствам з абмежаванай адказнасцю «ХІТЧ». Летась ТАА «Шарлет» на пляцоўцы былога ваенкамата таксама адкрыла швейную вытворчасць, было створана чатыры працоўныя месцы. Яшчэ адно швейнае прадпрыемства з’явілася сёлета на невыкарыстоўвальных плошчах участка бытавых паслуг ЖКГ Шаркаўшчынскага раёна, створана сем новых працоўных месцаў.
У сферы турызму і адпачынку ў бягучым годзе пачалася рэалізацыя праекта ААТ «Спецсэрвіспрадукт» па стварэнні шматфункцыянальнага комплексу, які ўключае арганізацыю адпачынку. З гэтай мэтай прадпрыемствам з аўкцыёну набыты ва ўласнасць будынак хірургіі-гінекалогіі і будынак тэрапіі. Інвестар вядзе работы па рэканструкцыі набытых аб’ектаў. Тэрмін рэалізацыі праекта — 2024–2026 гады, плануецца стварыць аграсядзібу з пакоямі адпачынку і банкетнай залай, арганізаваць 10 працоўных месцаў.
Вядзецца работа па ўцягненні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўвальнай маёмасці ўсіх формаў уласнасці, актыўна рэалізоўваюцца праекты на плошчах спажывецкай кааперацыі. Так, у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» таварыства з абмежаванай адказнасцю «Арганічныя прадукты» рэалізоўвае інвестыцыйны праект па вытворчасці сокаў і нектараў. Інвестар набыў былое бульбасховішча і прылеглы да яго комплекс будынкаў кансервавага завода, закуплена абсталяванне, актыўна вядуцца будаўніча-мантажныя работы.
— У 2024 годзе ў Шаркаўшчыне быў адкрыты турыстычны інфармацыйны цэнтр. Якімі брэндавымі мерапрыемствамі і прыроднымі аб’ектамі можа зацікавіць турыстаў рэгіён?
— Жамчужына Паазер’я — Шаркаўшчынскі раён — уваходзіць у падпраграму 4 «Развіццё сферы турызму і ўдасканаленне турыстычнай інфраструктуры ў Паазер’і Віцебскай вобласці на 2023–2025 гады» Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2021–2025 гады. Таксама Шаркаўшчынскі раён уключаны ў рэалізацыю пілотнага праекта «Валошкавы край — 2». І нам ёсць чым зацікавіць гасцей, бо на тэрыторыі раёна размешчаны 11 азёр, тры заказнікі рэспубліканскага і 36 заказнікаў абласнога і мясцовага значэнняў, больш як 70 помнікаў прыроды. Для папулярызацыі экалагічнага турызму створаны інтэрактыўны экаклас-цэнтр і экалагічная сцежка «Прырода роднага краю».
У Шаркаўшчынскага раёна багатая гістарычная і культурная спадчына: да нашых дзён захавалася больш чым 10 храмаў, чатыры старажытныя паркі XVІІІ—XІX стагоддзяў, чатыры сядзібныя комплексы, 37 ваенна-гістарычных помнікаў. Пазнаёміцца асабіста і нават дакрануцца да гісторыі раёна можна ў мастацка-этнаграфічным музеі імя Язэпа Драздовіча і мемарыяльным музеі садавода-селекцыянера Івана Сікоры. Дарэчы, менавіта яблык з’яўляецца турыстычным брэндам рэгіёна, які быў распрацаваны дзесяць гадоў таму.
Падзейны і гастранамічны турызм прадстаўлены інтэрактыўнымі тэматычнымі фестывалямі, такімі як «Яблычны Спас», «Бульбяны фэст», «І ў клёцак ёсць душа!». Дарэчы, клёцкі «з душамі» ў 2017 годзе былі занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Упершыню ў верасні 2024 года ў Шаркаўшчыне прайшоў фестываль «Паазерскі кірмаш», які сабраў у гарпасёлку прадстаўнікоў раёнаў беларускага Паазер’я. На 2025 год наш фестываль ужо заяўлены ў календары падзейных мерапрыемстваў, што праводзяцца на тэрыторыі краіны.
Прыязджайце да нас, Шаркаўшчына гасцінная адкрытая для ўсіх!
— Дзякуй за размову.
Аляксандра Гвоздзева.
Фота з адкрытых крыніц.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.