Гэтым разам у Палацы Незалежнасці правялі экскурсію для камандзіраў злучэнняў і воінскіх часцей, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у службовай дзейнасці ў 2023/2024 навучальным годзе. Яны прыехалі разам са сваімі жонкамі з усіх куткоў Беларусі, каб наведаць знакавую для кожнага беларуса пляцоўку.
Пачалася экскурсія ў самай вялікай у краіне зале ўрачыстых цырымоній. Гэтая пляцоўка прымае шмат важнейшых, сімвалічных, статусных мерапрыемстваў. Сваімі ўражаннямі ад наведвання падзяліўся камандзір 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння палкоўнік Дзмітрый БЫКОНЯ:
— У Палацы Незалежнасці знаходжуся першы раз, — расказаў ён. — Яго аб’ём велізарны, манументальны. Хвалююча ад таго, што менавіта тут працуе кіраўнік нашай дзяржавы.
На пытанне журналістаў аб тым, ці ёсць за што з пункту гледжання бяспекі перажываць сёння беларусам, Дзмітрый Леанідавіч адказаў так:
— Упэўнены, усе вайскоўцы мяне падтрымаюць, беларусам сёння перажываць няма за што, — запэўніў ён. — Усе падраздзяленні краіны складаюцца з падрыхтаваных вайскоўцаў. Кіраўнік дзяржавы не раз падкрэсліваў, што, калі Узброеныя Сілы моцныя, дзяржава знаходзіцца пад надзейнай абаронай.
Акрамя залы ўрачыстых цырымоній ганаровыя госці прайшліся па тых залах Палаца Незалежнасці, дзе прымаюцца не менш значныя рашэнні, пішацца сучасная гісторыя нашай краіны, праходзяць міжнародныя сустрэчы.
Кожная з іх прываблівае сваёй асаблівай атмасферай, якая ўражвае. Асабліва тых, хто наведвае Палац упершыню. Адзін з такіх гасцей — маёр 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Андрэй РУБІН:
— Я ганаруся, што знаходжуся сёння тут, у знакавым месцы, дзе кіраўнік дзяржавы прымае найважнейшыя рашэнні і робіць усё для таго, каб краіна развівалася і кожны грамадзянін адчуваў сябе тут камфортна.
Ён таксама расказаў аб выніках работы батальёна за мінулы навучальны год:
— Год быў насычаны мерапрыемствамі. Асноўныя намаганні былі накіраваны на расследаванне генацыду беларускага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы зрабілі важны ўнёсак у нашу гістарычную памяць, — адзначыў ён.
Правядзенне такога мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці — гэта знак удзячнасці тым, хто сваім воінскім прафесіяналізмам і выдатнымі вынікамі ў баявой вучобе забяспечвае ваенную бяспеку Беларусі і мірнае жыццё яе грамадзян.
Магчымасць наведаць пляцоўку таксама прадаставілася падпалкоўніку 49-й радыётэхнічнай брыгады Аляксею ЯНЮКУ. Ён адзначыў велічнасць і ганаровасць Палаца Незалежнасці, а таксама падзякаваў жонцы, якая суправаджала яго не толькі на экскурсіі, але і працягвае гэта рабіць у паўсядзённым жыцці.
Яна ВАЛАСАЧ, фота аўтара.
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.