Сёлета Брэсцкая абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз мастакоў» адзначае сваё 75-годдзе. За гады свайго існавання гэтае таварыства набыло яркую гісторыю, дало прастору для творчага праяўлення многім талентам. І іх работы — пацвярджэнне багацця беларускай зямлі і культуры. У чым можна было пераканацца падчас прэс-канферэнцыі «Духоўнасць нацыі ў мастацтве: спадчына і новыя праекты мастакоў Брэсцкага рэгіёна». У ходзе сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі творчага аб’яднання разам з калегамі — мастацтвазнаўцамі, прадстаўнікамі музейных устаноў — не толькі згадалі мінулае і яго славутых прадстаўнікоў, але і паразважалі над актуальнымі тэмамі сучаснасці і перспектывамі далейшай творчай рэалізацыі.
Як расказала першы намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз мастакоў» Наталля Шаранговіч, на Берасцейшчыне творчае аб’яднанне сёння сабрала пад сваім крылом 48 мастакоў. Уласна кажучы, нагодамі для вялікай адкрытай размовы ў коле прафесіяналаў сталі юбілейная дата абласной арганізацыі і правядзенне другога конкурсу сярод мастакоў імя Мікалая Селешчука.
— Брэсцкае абласное аддзяленне маладзейшае крыху за наш вялікі саюз, але, тым не менш, досыць вялікі шлях прайшлі брэсцкія мастакі. Арганізацыя мае сваю багатую гісторыю. Створана аб’яднанне было мастакамі-франтавікамі, але, што дзіўна, усе яны былі родам не з Брэста, а толькі прыехалі туды і так палюбілі гэты край, так апявалі яго ў сваіх работах, што часам нават не верыцца, што яны родам не з Беларусі, — падзялілася Наталля Шаранговіч.
Яна згадала, што каля вытокаў Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза мастакоў стаялі такія майстры, як Пётр Данелія, Мікалай Чураба, Іван Фяцісаў і многія іншыя:
— І вось арганізацыя адзначае 75 гадоў існавання, туды прыходзяць розныя людзі. Там — цэлыя творчыя дынастыі, як, напрыклад, Эдуард Куфко і Уладзіслаў Куфко, Пётр Кузьміч і Мікалай Кузьміч. І такіх прыкладаў нямала на Брэстчыне. Гэта сведчыць пра тое, што сама зямля нараджае мастакоў і яны маюць магчымасць на ёй рэалізавацца. І з’яўленне конкурсу імя Мікалая Селешчука, мабыць, таксама невыпадковае. Яго ініцыятарам быў Мікалай Кузьміч, які працяглы час узначальваў брэсцкую арганізацыю «Беларускага саюза мастакоў».
Спаборніцтва праходзіць сярод мастакоў Брэстчыны з мэтай вызначыць найлепшых сярод сваіх. А Мікалай Селяшчук быў прафесіяналам вышэйшага ўзроўню, ён яркая асоба ў беларускім мастацтве. На яго творчасці выхоўвалася не адно пакаленне.
— Я асабіста ведаў Мікалая Міхайлавіча Селешчука. Гэта быў надзвычай просты і сціплы чалавек. Ён ніколі не выстаўляў сваю асобу напаказ. А вось яго работы — проста фантастыка. Тое, да чаго ён прыйшоў у свой час, не мела аналагаў у Савецкім Саюзе, ды і цяпер іх няма. Ён бязмернай велічыні мастак, — згадаў калегу член ГА «Беларускі саюз мастакоў», прафесар кафедры графікі БДАМ Юрый ХІЛЬКО.
Калі казаць пра вынікі другога конкурсу, то пераможцаў вызначала экспертнае журы ў некалькіх намінацыях. У намінацыі «Жывапіс» перамог Уладзімір Ткачэнка. Найлепшым у намінацыі «Графіка» стаў Глеб Сідарэнка, а вось намінацыя «Скульптура» скарылася Алесі Гушчанковай. І ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве найлепшымі назвалі работы Паўла Рабава. А што датычыцца сучасных фарматаў творчасці, то перамогу прысудзілі Алесю Фалею.
— Усе працы сёлета ўразілі мяне, таму што яны былі яркія і прыгожыя. І такім жа моцным было маё першае ўражанне ад работ Мікалая Селешчука, калі я ўбачыў іх на пачатку 2000-х. Яны сталі для мяне проста варотамі ў іншы свет. Думаю, яго творчасць заўсёды будзе актуальнай і цікавай. Ён задаў шлях цэлай эпохі, за што я яму вельмі ўдзячны, — падзяліўся член Брэсцкай арганізацыі ГА «Беларускі саюз мастакоў», пераможца другога конкурсу імя Мікалая Селешчука ў намінацыі «Графіка» Глеб СІДАРЭНКА.
Як адзначылі прысутныя, гэтае творчае спаборніцтва не проста дазваляе паказаць сябе і паглядзець на тых, хто працуе побач, але і ў цэлым дае пэўны творчы імпульс беларускаму мастацтву. Брэсцкая школа мае даўнія традыцыі ў выяўленчым мастацтве і займае асаблівае месца ў мастацкім жыцці нашай краіны. У ёй суіснуюць рэалізм і творчае асэнсаванне сваіх нацыянальных каранёў і наватарскія кірункі сучаснага мастацтва. На работы гэтых аўтараў варта паглядзець, і ў іх трэба павучыцца...
— Многія мастакі, чые імёны прагучалі, прадстаўлены ў нашым музеі. Напрыклад, калі казаць пра жывапіс, то ў нашай калекцыі прысутнічаюць работы Наталлі Чарнагаловай, а з графікі мы маем экслібрысы Генадзя Вяля, — расказала загадчык аддзела Беларускага мастацтва ХХ—ХХІ стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Святлана Кот. — Насамрэч брэсцкімі могуць лічыцца многія мастакі Савецкага Саюза, паколькі Брэсцкая крэпасць знайшла адбітак у творчасці многіх майстроў. Графікі Сямён Герус, Іосіф Капелян, Пётр Дурчын — яны родам не адтуль, але іх можна пазнаць менавіта па брэсцкіх работах. Тая ж прыгажосць прыроды Белавежскай пушчы таксама знайшла адлюстраванне ў работах шэрагу мастакоў. А вось такія аўтары, як Павел Гаўрыленка, Іван Фяцісаў, — яны з ліку тых, хто звяртаўся да тэмы вайны. Словам, брэсцкая зямля дарыць творчым людзям уражанні, якія пасля застаюцца на палотнах.
Алена ДРАПКО.
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.