Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
Мінулы тыдзень кіраўніка дзяржавы быў насычаны разнапланавымі мерапрыемствамі. Аляксандр Лукашэнка надаў імпульс супрацоўніцтву Беларусі і Смаленскай вобласці на сустрэчы з губернатарам гэтага рэгіёна Васілём Анохіным. Прэзідэнт як Старшыня Усебеларускага народнага сходу правёў пасяджэнне Прэзідыума УНС, падчас якога расставіў акцэнты ў дзейнасці гэтага канстутыцыйнага органа. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы было разгледжана юрыдычнае афармленне статусу старшынь райвыканкамаў. У цэнтры ўвагі была і электаральная кампанія — Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з членамі сваёй ініцыятыўнай групы. Кульмінацыяй тыдня стала грунтоўная размова са студэнтамі.
1. «Мы абсалютна аднолькавыя. У нас агульная гісторыя, у нас агульнае цяперашняе. І я абсалютна перакананы, што будучыня ў нас павінна быць агульнай», — такімі словамі Аляксандр Лукашэнка сустрэў гасцей са Смаленскай вобласці на чале з губернатарам Васілём Анохіным. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларусы заўсёды актыўна дапамагалі Смаленскай вобласці, калі ў гэтым узнікала неабходнасць, не заставаліся ў баку і смаляне. «І з любымі выклікамі і праблемамі мы справімся, калі будзем разам, — заявіў ён. — І хто б там, у Расіі не вякаў, што „Лукашэнка, шматвектарнасць, зноў ён адпусціў гэтых палітвязняў некалькі дзясяткаў, значыць, ён ужо на захад...“ Слухайце, ну такое прымітыўнае мысленне, што далей няма куды. І мы гэта бачым і чуем. Так, у нас ёсць краіна. Наш галоўны знешнепалітычны пасыл і наша памкненне — з суседзямі трэба жыць у міры. Яны ад Бога».
2. «Мы ўсе павінны разумець, што Усебеларускі народны сход нікому не павінен перашкаджаць працаваць. УНС не павінен ціснуць на іншыя органы ўлады, бо мы створым самі сабе праблему», — сказаў кіраўнік дзяржавы на пасяджэнні Прэзідыума УНС. Ён папярэдзіў, што на ўзроўні Прэзідыума УНС павінны разглядацца выключна важныя пытанні. «УНС не можа драбніць. Гэта не значыць, што мы заўтра будзем збіраць як пленумы ЦК чатыры разы на год пасяджэнні і будзем там нейкія абмяркоўваць пытанні і рабіць выгляд, што мы моцна працуем і заклапочаныя нейкім пытаннем. УНС павінна займацца выключна па Канстытуцыі сваімі пытаннямі. З гэтага павінна зыходзіць і структура, і ўзаемаадносіны Прэзідыума, Старшыні Прэзідыума з дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу», — растлумачыў ён.
3. «Калі няма подпісаў у падтрымку кандыдата ў Прэзідэнты — значыць, няма гэтага кандыдата. Таму гэта найважнейшая работа», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з членамі сваёй ініцыятыўнай групы. Праз каардынатараў у рэгіёнах ён падзякаваў кожнаму, хто, не шкадуючы свайго часу, збірае подпісы ў падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у Прэзідэнты. І звярнуўся да іх з просьбай. Прэзідэнт папрасіў членаў ініцыятыўнай групы сабраць інфармацыю, аб чым людзі кажуць, на што трэба звярнуць увагу. «Гэта добры сацыялагічны зрэз. Лепшага не бывае. Толькі праўдзіва мне напішыце аб тым, што добрага людзі сказалі, двума радкамі. І ўсё астатняе, што патрабуюць людзі, што дрэннага, з іх пункту гледжання. Гэта вельмі важна. Праблемы, якія турбуюць людзей, для мяне вельмі важныя. І мы будзем, натуральна, у гэтым кірунку працаваць і выпраўляць тыя недахопы, якія людзі заўважаюць», — растлумачыў ён.
4. «Не трэба баяцца праўды. Праўда робіць чалавека лепшым», — канстатаваў Прэзідэнт падчас сустрэчы са студэнтамі ў МДЛУ. Удзельнікі «Адкрытага мікрафону з Прэзідэнтам» закранулі самыя розныя тэмы. У тым ліку і сродкі масавай інфармацыі і іх ролю ў нашым жыцці. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння, ва ўмовах інфармацыйнай вайны, роля журналістаў як ніколі значная. А тым, хто хоча ведаць праўду, ён параіў глядзець і чытаць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, бо за іх адказвае дзяржава. Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, важна бачыць і альтэрнатыўныя пункты гледжання, але пры гэтым важна ўмець аналізаваць інфармацыю. «У гэтую інфармацыйную вайну вы павінны быць вельмі ўважлівымі, асцярожнымі, вы павінны разбірацца. І ў гэтым плане грамадству павінны дапамагчы і журналісты», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
5. «Справа не ў штучным інтэлекце. Справа ў тым, што я шаную чалавека. Любы штучны інтэлект сёння — гэта спараджэнне чалавека. Гэта мы яго ствараем. І ўпэўнены, што, калі гэты штучны інтэлект, нейрасеткі авалодаюць нашымі розумамі на практыцы, усё роўна чалавек будзе ў цэнтры», — упэўнены Прэзідэнт. Перавагі прымянення штучнага інтэлекту, чым гэта можа быць небяспечна, Аляксандр Лукашэнка таксама вельмі актыўна абмяркоўваў са студэнтамі.
Валерыя СЦЯЦКО
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.