Вы тут

Лукашэнка: Праблемы, якія турбуюць людзей, для мяне вельмі важныя


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком і каардынатарамі ініцыятыўнай групы, якія прадстаўляюць усе вобласці і горад Мінск. З ініцыятывай арганізаваць работу па зборы подпісаў у падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы для вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь выступіла Федэрацыя прафсаюзаў. Кіраўніком ініцыятыўнай групы стаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Юрый Сянько.


Сустрэчу Аляксандр Лукашэнка пачаў са слоў падзякі за работу членаў ініцыятыўнай групы. «Я гэта вельмі цаню. Кожны дзень мяне інфармуюць аб сітуацыі ў нашай ініцыятыўнай групе. Але так складваліся абставіны, што не мог раней сустрэцца з вамі з прычыны тых мерапрыемстваў, якія праходзілі. І цяпер „напружанка“ такая, але папрасіў, каб усе мерапрыемствы адтэрмінавалі, усё ж такі я павінен быў з вамі сустрэцца. Упэўнены, што наша размова па максімуме дойдзе да кожнага члена ініцыятыўнай групы», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ведае, наколькі гэта цяжкая праца: «Я сам калісьці гэтым займаўся, у першыя свае выбары. Трэба было хадзіць да людзей. Я не проста там кантраляваў нешта, я браў падпісныя лісты, хадзіў да людзей, на пікетах стаяў, каб людзі бачылі ўжывую маладога чалавека, які рызыкнуў кінуць выклік магутнай машыне і вылучыў сваю кандыдатуру кандыдатам у Прэзідэнты».

Прэзідэнт заўважыў, што без работы ініцыятыўнай групы не будзе кандыдатаў у Прэзідэнты. «Калі няма подпісаў у падтрымку кандыдата ў Прэзідэнты — значыць, няма гэтага кандыдата. Таму гэта найважнейшая работа», — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фізічна не можа сустрэцца з усімі членамі ініцыятыўнай групы, якіх каля 17 тысяч. Таму папрасіў каардынатараў перадаць словы падзякі ўсім, хто працуе.

«Я таксама ўдзячны федэрацыі прафсаюзаў і вам, Юрый (старшыня федэрацыі прафсаюзаў Юрый Сянько. — „Зв.“), за тое, што вы вылучылі ініцыятыву заняцца гэтай найцяжэйшай працай, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Для мяне гэта таксама было праблемай, шчыра кажучы, я і з Адміністрацыяй раіўся, што будзем рабіць і як будзем рабіць. А яны раптам кажуць, што прафсаюзы гатовы выканаць гэтую работу.

Я падумаў: „Дзякуй богу, не трэба групу ствараць і нешта думаць“. Гэта вельмі важна. І я ўжо сказаў, што вельмі ўдзячны ўсім вам, каардынатарам і тым групам, якія створаны ў рамках ініцыятыўнай групы. Вы не лічыцеся з часам. Ведаю, што вельмі акуратна і асцярожна гэта робіце, нікога не прымушаеце і не цісніце. Гэта правільна. Правільна, бо нам гэта не патрэбна. Абсалютна не патрэбна. І каб не ствараць потым лішніх пытанняў, прыходзіцца вельмі акуратна ў гэтым кірунку дзейнічаць».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што той аб’ём сабраных подпісаў, а іх ужо больш як 1,5 мільёна, — гэта катастрафічная работа. Ён прызнаўся, што не чакаў, што так будзе. «Таму я папрасіў бы вас, а вы ўжо самі вызначыцеся. Не трэба напружваць членаў ініцыятыўнай групы, каб яны бегалі, перанапружваліся, бегалі па дамах за людзьмі і чагосьці прасілі ці ўладкоўвалі лішнія пункты збору подпісаў. І так сабрана дастатковая колькасць. Таму не трэба. Каб нас крытыкавалі: „А вось Прэзідэнт, натуральна, тут націснулі ці кагосьці прымушаюць“. Усё роўна скажуць. Няхай гэта будуць фэйкі, а не праўда. Мы законы выконваем», — адзначыў ён.

Збор подпісаў працягваецца да 6 снежня. Аляксандр Лукашэнка спытаў парады ў ініцыятыўнай групы: працягваць яго ці спыняць? Але ў той жа час, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, спыняць будзе няправільна, бо людзі могуць папракнуць. «6 снежня, значыць, да 6 снежня мы недзе павінны прысутнічаць, каб людзі ахвотныя маглі прыйсці і распісацца», — адзначыў ён.

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуўся да журналістаў. Па яго словах, калі нехта з кандыдатаў у Прэзідэнты захоча выступіць у СМІ, расказаць, як праходзіць збор подпісаў, — трэба даць ім такую магчымасць. Калі яны гэтага жадаюць. «Каб выконвалася раўнавага. А то зноў будуць папракаць: „А вось Прэзідэнт тут сабраўся...“ Справа нават не ў тым, колькі подпісаў сабралі. Для мяне важна, як ідзе гэты збор, што людзі кажуць. Для мяне гэта важна як для Прэзідэнта, што можа быць не важна для іншых кандыдатаў. А для мяне важна. Але, тым не менш, няхай кожны скажа, як ідзе збор подпісаў. Хаця б па некалькі хвілін, як у мяне тут яны могуць выказацца», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў членаў ініцыятыўнай групы не баяцца фэйкаў і шматлікіх укідаў, якіх у гэты электаральны перыяд будзе нямала. Па яго словах, дадзены перыяд трэба прайсці дастойна.

«Гэта добры сацыялагічны зрэз»

Самым галоўным у працы членаў ініцыятыўнай групы Прэзідэнт назваў зносіны з людзьмі падчас збору подпісаў. Ён папрасіў сабраць інфармацыю, аб чым людзі кажуць, на што трэба звярнуць увагу. «Гэта добры сацыялагічны зрэз. Лепшага не бывае. Толькі праўдзіва мне напішыце аб тым, што добрага людзі сказалі, двума радкамі. І ўсё астатняе, што патрабуюць людзі, што дрэннага, з іх пункту гледжання. Гэта вельмі важна. Праблемы, якія турбуюць людзей, для мяне вельмі важныя. І мы будзем, натуральна, у гэтым кірунку працаваць і выпраўляць тыя недахопы, якія людзі заўважаюць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся работай ініцыятыўнай групы. Ён таксама параіў звяртаць увагу на заўвагі, паколькі зборам подпісаў работа не абмяжоўваецца. «Мы павінны выглядаць дастойна, паколькі кандыдат у Прэзідэнты — дзейны Прэзідэнт, і з яго спытаюць», — заўважыў ён.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў і кіраўнік ініцыятыўнай групы Юрый Сянько далажыў, што ўсе неабходныя працэдуры, звязаныя з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы і яе дзейнасцю, праводзіліся ў поўнай адпаведнасці з законам, спецыялісты былі падрыхтаваны поўнасцю. Па яго словах, збор подпісаў праводзіўся на ўсіх участках, дазволеных законам. Гэта і пікеты, працоўныя калектывы, пакватэрны падыход. «Усе магчымыя спосабы давалі і сёння даюць адпаведныя вынікі», — далажыў кіраўнік ініцыятыўнай групы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

У тэму

Мы адзіныя і накіраваны на тое, каб захаваць у нашай краіне парадак

Журналістам Юрый Сянько расказаў, што ініцыятыўная група будзе працягваць сваю работу, таму што ёсць звароты ад людзей, якія пакуль не могуць прыйсці на пункты збору подпісаў. Некаторыя працоўныя калектывы самі просяць членаў ініцыятыўнай групы прыйсці да іх на прадпрыемства. Гэтая форма работы будзе працягвацца. У той жа час Прэзідэнт папрасіў не напружваць сітуацыю, а ўладкаваць пункты збору подпісаў там, дзе гэта сапраўды неабходна. «То-бок, мы выберам аптымальныя месцы. Напрыклад, цэнтры гарадоў, грамадскія прыёмныя, якія бяруць на сябе функцыю збору подпісаў, — падкрэсліў Юрый Сянько. — Будзе працягнута работа па зборы подпісаў у калектывах, пакватэрным абыходзе і будуць працягваць работу некаторыя пікеты».

Кіраўнік ініцыятыўнай групы падкрэсліў, што ўсе яе члены ведаюць заканадаўства, якое рэгламентуе збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, і працуюць выключна ў рамках гэтага заканадаўства, не даючы ніякіх падстаў для крытыкі. «Мы выдатна разумеем, што апаненты выкарыстоўваюць і фэйкі, укіды, якія ідуць з-за мяжы. Яны, як і ў 2020 годзе, ідуць на тое, каб дэстабілізаваць абстаноўку і ўнесці ў інфармацыйную прастору нашай краіны інфармацыю, якая зусім не адпавядае рэчаіснасці. Наша задача, у тым ліку і ініцыятыўнай групы, — растлумачваць людзям, як насамрэч ідуць справы ў нашай краіне, у тым ліку і са зборам подпісаў. І члены ініцыятыўнай групы яшчэ раз сарыентаваны ні ў якім разе не паддавацца на фэйкі, а прайсці выбарчую кампанію прыгожа, выразна, без страху ўкідаў звонку. Мы іх абсалютна не баімся», — заявіў Юрый Сянько.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы адзначыў, што беларусы цудоўна ведаюць біяграфію дзеючага Прэзідэнта, бачаць, што ён рабіў раней і што робіць цяпер: «Людзі перакананы, што гэтыя падыходы не будуць мяняцца. Менавіта з такімі пасыламі людзі пакідаюць подпісы за Прэзідэнта нашай краіны ва ўпэўненасці, што захаваюцца тыя падыходы ў пытаннях руху нашай краіны наперад. Адзінства духа ў нашай краіне адчуваецца. І члены ініцыятыўнай групы з абласцей таксама адзіныя ў ацэнцы таго, што адбываецца ў рэгіёнах. Мы адзіныя і накіраваны на тое, каб захаваць у нашай краіне парадак і тыя падыходы, якія былі вызначаны раней». Юрый Сянько таксама расказаў, што часта людзі дзеляцца з членамі ініцыятыўнай групы бытавымі, бягучымі праблемамі накшталт замены лямпачак у пад'ездзе, тарыфамі на электраэнергію, рамонтамі дарог і іншымі. Па яго словах, людзям у дапамозе не адмаўляюць і ўсе гэтыя пытанні адразу накіроўваюцца для вырашэння ў адпаведныя ведамствы.

Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Святлана Майніна адзначыла, што людзі, якія ставяць подпісы за Аляксандра Лукашэнку, упэўнены ў заўтрашнім дні і не гатовы яго страціць. «Тыя, хто прыходзяць на пікеты, зусім свядома, мэтанакіравана і ставяць свой подпіс, разумеюць, што гэта не проста росчырк пяра: яны дэманструюць сваю грамадзянскую пазіцыю і падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы. Сёння многія выдатна ўсведамляюць, што краіна ідзе правільным курсам. І мы хочам гэтым курсам ісці далей», — падкрэсліла яна. Святлана Майніна паабяцала, што абавязкова перадасць словы падзякі ад Прэзідэнта ўсім членам ініцыятыўнай групы. «Мы праводзім вельмі шмат пікетаў, людзі вельмі стараюцца і працуюць з натхненнем, таму што бачаць пазітыўны водгук нашых грамадзян. Гучыць шмат слоў падзякі на адрас дзеючага кіраўніка дзяржавы, складваец-
ца вельмі добразычлівая атмасфера», — расказала яна.

Каардынатар ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у Прэзідэнты, старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Дзяркач звярнуў увагу, што кожны чалавек, аддаючы свой подпіс за вылучэнне кандыдатам дзеючага Прэзідэнта, робіць гэта не таму, што яго нехта папрасіў, а таму, што не жадае страціць тое, што на дадзены момант мае. «Чалавек бачыць, як змянілася краіна, яго рэгіён, як працуе медыцына, адукацыя... У людзей ёсць упэўненасць, што іх дзеці змогуць самарэалізавацца ў нашай краіне, змогуць зарабіць сабе на жыццё», — зазначыў ён. Юрый Дзяркач расказаў, што нярэдкія выпадкі, калі пажылыя людзі, якія не маюць магчымасці самастойна прыйсці на пікет і паставіць свой подпіс, тэлефануюць з просьбай даслаць члена ініцыятыўнай групы дадому. Яны хочуць падтрымаць вылучэнне кандыдата, з якім звязваюць будучыню сваю і сваіх дзяцей«, — падкрэсліў Юрый Дзяркач. Па яго словах, бывае, што ад грамадзян паступаюць прапановы, напрыклад, адносна паляпшэння работы спажыўкааперацыі і іншых службаў. Усе яны акумулююцца ў органах мясцовай улады і пры неабходнасці ўлічваюцца ў далейшай працы. Юрый Дзяркач адзначыў, што такім чынам у дзяржаве забяспечваецца зваротная сувязь паміж чыноўнікамі і народам, улада чуе людзей, іх прапановы, ініцыятывы і сувымярае, як зрабіць так, каб стала лепш. «Бо чалавек доўга знаходзіцца ў нязручным становішчы не можа. Таму, калі мы робім так, як трэба людзям, забяспечваем узаемадзеянне іх з дзяржавай, тады людзі будуць трымацца за дзеючую ўладу, будуць давяраць ёй і імкнуцца сваёй працай зрабіць так, каб было камфортна і добра», — падкрэсліў ён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.