У Івацэвічах адбылася сустрэча моладзі першага рэгіёна са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Пятром ПАРХОМЧЫКАМ. Сустрэча прысвячалася 85-годдзю Брэсцкай вобласці. У адкрытым дыялогу ўзялі ўдзел каля 130 студэнтаў і маладых працаўнікоў. Кіраўнік рэгіёна напомніў маладым аб гістарычных вехах станаўлення краіны і вобласці, спыніўся на дасягненнях апошніх 30 гадоў, расказаў пра эканамічныя і сацыяльныя паказчыкі дня сённяшняга.
Губернатар таксама нагадаў суразмоўцам, што яны жывуць ў рэгіёне, які дынамічна развіваецца, рэгіёне з устойлівай эканомікай і сучаснай сацыяльнай сферай, дзе ўсе намаганні накіраваны на забеспячэнне дастойнага ўзроўню жыцця людзей. І падкрэсліў, што за 30 гадоў суверэннага развіцця Брэсцкая вобласць значна прымножыла свой эканамічны патэнцыял, выйшла на тэрыторыю ўстойлівага росту, а па многіх кірунках — на лідарскія пазіцыі ў рэспубліцы. Напрыклад, па тэмпах прыросту эканомікі вобласць — у тройцы лідараў сярод рэгіёнаў краіны. Толькі за апошнія паўтара дзесяцігоддзя прадукцыйнасць працы павялічылася амаль у 1,5 раза. Аб’ём прамысловай вытворчасці вырас у чатыры разы. Створаны новыя вытворчасці, прадпрыемствы, цэлыя галіны. Паколькі сустрэча праходзіла на тэрыторыі ААТ «Івацэвічдрэў», гаварылі таксама пра імпульс, які атрымала мэблевая галіна. Магчыма, не ўсе ведалі, што амаль палова мэблевай вытворчасці краіны знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці.
Паводле слоў Пятра Пархомчыка, аграпрамысловы комплекс рэгіёна — асаблівы прадмет гонару. Напрыклад, па ўдоі малака на карову (7268 кг) вобласць займае першае месца ў Беларусі, па іншых асноўных паказчыках таксама на першых прыступках, у тым ліку па аб’ёмах экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і харчовых тавараў.
Кіраўнік вобласці таксама спыніўся на дасягненнях сацыяльнай сферы, сказаў аб дзяржаўнай падтрымцы сем’яў і выказаў упэўненасць, што маладое пакаленне будзе цаніць сваю малую радзіму, той грунтоўны падмурак, які стварылі папярэднікі, і памнажаць яго самаадданай працай.
Асноўная ж частка сустрэчы прайшла ў форме дыялогу, калі маладыя людзі маглі задаваць пытанні і атрымліваць вычарпальныя адказы. З аўдыторыі цікавіліся, якія любімыя месцы ўжо ёсць ў кіраўніка вобласці, што асабліва прыцягвае яго ўвагу. У адказ ён адзначыў, што зараз ажыццяўляе даволі многа рабочых паездак, асаблівую ўвагу аддае знаёмству з прамысловымі прадпрыемствамі: «Для мяне няма розніцы, дзяржаўнае гэта прадпрыемства ці прыватнае. Мы будзем падтрымліваць усіх, хто мае слушную ідэю, бачыць шляхі для яе рэалізацыі».
Ну і асаблівым месцам кіраўнік вобласці назваў Брэсцкую крэпасць: «Гэта сапраўды святое, у пэўным сэнсе намоленае месца, якое кожны чалавек павінен наведваць як мінімум раз на год. Там вядзецца вялікая рэканструкцыя. Укладваюцца сродкі саюзнага бюджэту. Ёсць вялікае поле для ўдзелу і нашай моладзі,» — падкрэсліў губернатар і ўдакладніў, што мае на ўвазе Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі.
Гаварылі аб тым, якія спецыяльнасці будуць запатрабаваныя ў будучым, як спецыялісту стаць прафесіяналам, як выхаваць у сабе лідарскія якасці, пра многае іншае. Пётр Пархомчык згадаў пра нядаўні ўчынак вайскоўца 111-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады Ільі Касюка.
Яфрэйтар выратаваў чатырохгадовага хлопчыка, які вісеў на ўзроўні трэцяга паверха, трымаючыся за бялізнавую вяроўку. Ілья не разгубіўся, правільнае рашэнне прыняў за долі секунды, распасцёр сваю куртку і злавіў малога літаральна ў рукі. «Я падрыхтаваў для Ільі запрашэнне на ўрачысты вечар 4 снежня, калі будзем адзначаць 85-годдзе Брэсцкай вобласці,» — сказаў старшыня аблвыканкама, і маладыя людзі адказалі дружнымі апладысментамі.
Удзельнікі сустрэчы з губернатарам таксама атрымалі магчымасць пабываць на экскурсіі ў цэхах прадпрыемства «Івацэвічдрэў» і нават паўдзельнічаць у цырымоніі пуску новай лініі.
Варта сказаць, што адкрытае акцыянернае таварыства «Івацэвічдрэў» з’яўляецца адным з найлепшых прадпрыемстваў у краіне ў сферы дрэваапрацоўкі. Запуск новай лініі ламініравання драўляна-стружачных пліт уласнай вытворчасці стаў магчымым у рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. Лінія дазволіць павялічыць аб’ёмы выпуску, пашырыць асартымент прадукцыі, скараціць тэрміны выканання заказаў, а таксама зробіць магчымым выпускаць зусім новы прадукт — пліты з глыбокімі структурамі паверхні, а яшчэ ламініраваныя пліты, дзе цісненне паверхні максімальна імітуе натуральную драўніну. Названая прадукцыя ўпершыню будзе рэалізаваная на рынку ламініраванай ДСП у нашай краіне.
Агульны бюджэт праекта склаў 37,9 мільёна рублёў. Прадпрыемства выкарыстала як уласныя сродкі, так і сродкі абласнога і рэспубліканскага інавацыйных фондаў, а таксама крэдыты.
— Праект па ламініраванні выглядае надзвычай важным сёння, — сказаў старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык. — Новае абсталяванне, якое ўстаноўлена, дапаможа павялічыць рэалізацыю нашай прадукцыі ў першую чаргу на экспарт.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Фота Брэсцкага аблвыканкама.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.