На чарговым пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі разгледжаны і зацверджаны шэраг дакументаў, якія рэгламентуюць выбарчы працэс. Як паведаміў на пасяджэнні ЦВК старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, сёння працягваецца працэс збору подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. І гэты працэс ідзе даволі актыўна. На дадзены момант па зборы подпісаў працуе пяць ініцыятыўных груп. Гэтая работа працягнецца да 6 снежня ўключна. Затым тэрытарыяльныя камісіі пачнуць праверку дакладнасці сабраных подпісаў грамадзян.
Кіраўнік Цэнтрвыбаркама адзначыў, што тэрытарыяльнымі камісіямі па выбарах Прэзідэнта (іх сфарміравана 153) па стане на 18 лістапада акрэдытаваны 800 нацыянальных назіральнікаў. З іх 102 — моладзь ва ўзросце да 31 года, 590 жанчын, палітычныя партыі вылучылі 144 назіральнікі, грамадскія аб’яднанні — 579. Пры ЦВК Беларусі акрэдытаваны шэсць нацыянальных назіральнікаў. Акрэдытацыя нацыянальных назіральнікаў завершыцца камісіямі 20 студзеня 2025 года.
На пасяджэнні ЦВК зацверджаны парадак работы інфармацыйнага цэнтра ЦВК Беларусі, які будзе працаваць на базе Палаца Рэспублікі з 24 да 27 студзеня. Таксама разгледжана палажэнне аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Так, згодна з дакументам, кожнаму кандыдату будзе дадзена магчымасць два разы ў прамым эфіры выступіць на тэлеканале «Беларусь 1» і Першым нацыянальным канале Беларускага Радыё. На кожнае выступленне зарэзервавана не больш як 30 хвілін, эфірны час у радыё- і тэлеэфіры будзе выдзелены ў перыяд з 8 да 17 студзеня 2025 года па працоўных днях. Выступленні будуць выходзіць у эфір у прайм-тайм: па тэлебачанні з 19.00 да 20.00 гадзін, на радыё — з 8.00 да 9.00. Для кандыдатаў прадугледжана магчымасць запісаць выступленне, каб яно трансліравалася ў запісе. Канкрэтныя даты і час выступленняў будуць вызначацца жараб’ёўкай пасля рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты.
Як падкрэслілі ў ЦВК, з перадвыбарным выступленнем кандыдат у Прэзідэнты выступае асабіста, а для ўдзелу ў тэледэбатах мае права накіраваць сваю давераную асобу. Што датычыцца апублікавання перадвыбарных праграм кандыдатаў, то для гэтых мэт вызначаны дзве рэспубліканскія газеты — «Рэспубліка» і «Звязда». Прычым у газеце «Звязда» перадвыбарныя праграмы будуць публікавацца выключна на беларускай мове.
Таксама падчас пасяджэння ЦВК зацвердзіў склад Назіральнага савета па кантролі за перадвыбарнай агітацыяй у СМІ. Вызначаны і парадак дзейнасці Цэнтра грамадскага назірання на выбарах Прэзідэнта — плануецца яго стварэнне грамадскімі аб’яднаннямі на базе Палаца прафсаюзаў.
Акрамя таго, Цэнтрвыбаркамам зацверджаны парадак дэкларавання даходаў і маёмасці прэтэндэнтаў на вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты. Як адзначыла сакратар ЦВК Алена Балдоўская, асобы, якія вылучаюцца ў кандыдаты, могуць знайсці форму для запаўнення звестак аб даходах на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі або звярнуцца па бланк непасрэдна ў ЦВК. Пры гэтым у зацверджанай на пасяджэнні пастанове падрабязна прапісаны ўсе патрабаванні да запаўнення гэтай дэкларацыі. Яны датычацца дакладных фармулёвак, указання поўных звестак і запаўнення ўсіх граф. Сама дэкларацыя прадугледжвае запаўненне трох раздзелаў. У першым запаўняюцца звесткі аб даходах, атрыманых за адпаведны перыяд.
Пры гэтым паказваюцца даходы, атрыманыя з 1 студзеня да 31 снежня 2023 года. Другі раздзел — аб рухомай і нерухомай маёмасці. Трэці раздзел прадугледжвае ўказанне іншых звестак аб даходах, якія не ўвайшлі ў пералік у двух папярэдніх раздзелах. У дачыненні да маёмасці, якая належыць на правах агульнай сумеснай уласнасці мужа і жонкі, яе неабходна паказваць у поўным аб’ёме з указаннем так званага тытульнага ўладальніка. У ЦВК звярнулі ўвагу, што кандыдаты ў прэзідэнты павінны будуць падаць дэкларацыі не толькі аб сваіх даходах, але і аб даходах мужа і жонкі і блізкіх сваякоў, якія сумесна пражываюць і вядуць агульную гаспадарку.
Таксама на пасяджэнні разгледжаны парадак галасавання ў месцах часовага знаходжання выбаршчыкаў.
Паводле БелТА.
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.