Вы тут

Чаму збяднелі жыхары Эстоніі?


Рост злачыннасці ў Эстоніі звязаны з пагаршэннем сацыяльна-эканамічнага становішча насельніцтва. Аб гэтым заявіла міністр юстыцыі і лічбавых тэхналогій балтыйскай рэспублікі Лііса-Лі Пакоста, паведаміла ТАСС. Яна адзначыла, што ўзровень зарэгістраванай злачыннасці летась вырас прыкладна на 4 працэнты, а наймацнейшы рост зафіксаваны сярод выпадкаў махлярства — на чвэрць у параўнанні з папярэднім годам. «На жаль, узрасла і колькасць тых людзей, якія кажуць, што крадуць, бо інакш ім не хапае грошай на куплю ежы і прадметаў першай неабходнасці», — заўважыла кіраўнік Мінюста, словы якой прыводзіць газета Postіmees. Чаму ж збяднелі жыхары Эстоніі, чаго ім чакаць надалей?


Кава пад аховай

Эстонскія магазіны вымушаны ўстанаўліваць ахоўныя элементы нават на ўпакоўкі кавы з-за росту колькасці крадзяжоў у балтыйскай рэспубліцы, паведамляюць мясцовыя СМІ. Адзначаецца, што пакупнікі знайшлі новаўвядзенне ў супермаркетах Rіmі. Рашэнне гандлёвай сеткі выклікала ажыятаж сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак. Некаторыя з іх здзівіліся, што нехта краў каву з крамы. Іншая частка карыстальнікаў звязвае такія меры з падаражаннем гэтага прадукту і ростам крадзяжоў.

«Нядаўна па тэлевізары казалі, што цэны на каву выраслі за апошнія чатыры месяцы на 4—20 працэнтаў, так што не дзіўна, калі яе крадуць», — заявіў адзін з карыстальнікаў. Пры гэтым кіраўнік службы бяспекі Rіmі Крысціян Рандвер заявіў, што рост крадзяжоў з крам назіраецца на працягу апошніх двух гадоў. «За першае паўгоддзе ў крамах Rіmі было зафіксавана 3572 выпадкі крадзяжоў, у 2515 з якіх мы падалі заявы ў паліцыю», — адзначыў ён.

Рандвер таксама не можа вылучыць пэўную групу тавараў, якая «асабліва прыцягвае» злодзеяў. Паводле яго слоў, гэты факт выклікае сур'ёзную занепакоенасць. «Крадзяжы ахопліваюць усе таварныя групы, уключаючы самыя неабходныя паўсядзённыя тавары, крадзяжы якіх раней не былі такімі значнымі», — заявіў кіраўнік службы бяспекі Rіmі.

У гэтых умовах ён лічыць рэгулярную і паслядоўную работу, у прыватнасці пастаяннае абнаўленне ўсіх мер бяспекі, самымі важнымі дзеяннямі ў барацьбе з новай з'явай. «У нашых крамах мы выкарыстоўваем усе сучасныя сістэмы і рашэнні для абароны тавараў, дзякуючы якім можам раскрываць мноства выпадкаў крадзяжоў. Гэты ахоўны элемент (устаноўлены на ўпакоўках кавы. — Рэд.) мы тэсціруем якраз на таварах, якія найбольш падвяргаюцца рызыцы крадзяжу», — заўважыў ён.

На фоне падзення ўзроўню жыцця людзей, інфляцыі і эканамічнай нестабільнасці ў Эстоніі назіраецца анамальны рост колькасці магазінных крадзяжоў. Так, кіраўнік аддзела маркетынгу кампаніі рознічнага гандлю TKM Beauty Eestі OU Ганна Вілемс заявіла, што цяжкасці ў эканоміцы прывялі да росту крадзяжоў з магазінаў краіны.

  • Рост цэн у Эстоніі аказаўся адным з самых значных у еўразоне, і прагнозы наконт далейшага развіцця сітуацыі несуцяшальныя. 

«У найбліжэйшыя месяцы цэны ў Эстоніі працягнуць расці. У наступным годзе выдаткі прадпрыемстваў вырастуць з-за павышэння стаўкі падаходнага падатку і ўводу падатку на аўтамабілі, і самы просты спосаб кампенсаваць гэта — павысіць цэны, — адзначыў галоўны эканаміст банка Lumіnor Лена Уускюла. — З іншага боку, рост цэн знізіць пакупніцкую здольнасць насельніцтва і прывядзе да падзення спажывання». Па меркаванні галоўнага эканаміста Bіgbank Рауля Эаметса, даныя па інфляцыі сведчаць аб працягу росту цэн. Падстаў для таго, што ў агляднай будучыні сітуацыя зменіцца, ён не бачыць. «У сувязі з маючым адбыцца ў наступным годзе павышэннем падатку з абароту прышпіліце рамяні — цэнавае ралі працягнецца», — заявіў эксперт.

Калі намыльвацца ў душы?

Кошт электрычнасці ў Эстоніі становіцца самым высокім у рэгіёне краін Балтыйскага мора. Буйныя спажыўцы могуць адсюль сысці, яны «проста не вытрымаюць такіх цэн», заявіў кіраўнік Цэнтральнага саюза работадаўцаў Эстоніі Ханда Сутэр у эфіры радыёстанцыі Vіkerraadіo. Ён выказаў сумненне наконт разлікаў Міністэрства клімату, згодна з якімі субсідзіраванне аднаўляльнай энергіі знізіць да 2035 года цэны на электрычнасць. «На жаль, наша сітуацыя тут ужо цяпер даволі кепская. 

Калі паглядзець на існуючыя планы, няхай гэта будзе развіццё энергетычнага партфеля, заснаванага на палітычных перавагах, або сінхранізацыю эстонскай энергасістэмы з Цэнтральнай Еўропай, то сітуацыя стане нашмат горшай», — падкрэсліў кіраўнік Цэнтральнага саюза работадаўцаў Эстоніі.

У дзяржаўнай кампаніі Eestі Energіa дапусцілі, што запланаванае на люты 2025 года адлучэнне Эстоніі ад энергасістэмы БРЭЛЛ (Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія, Літва) можа прывесці да павелічэння рахункаў за электрычнасць. Сістэмны аператар Elerіng ужо прапанаваў істотна павялічыць тарыфы. Гэта датычыцца як вытворцаў, так і спажыўцоў электраэнергіі, піша партал Majandus. «Пасля выхаду з расійскай энергасістэмы Эстоніі давядзецца самой клапаціцца аб падтрыманні частаты ў электрасетцы, а гэта будзе дорага. Вельмі дорага», — адзначылі ў Elerіng.

Цэны на электраэнергію ў Прыбалтыцы і так значна вышэйшыя, чым у Фінляндыі. Так, у асобныя дні электрычнасць у Суомі аказвалася ў 105 разоў (!) таннейшай, чым у Эстоніі.

  • Тым часам жыхарам раяць мяняць паўсядзённыя звычкі, каб сэканоміць. 

Партал Delfі даў сваім чытачам 10 парад, «як не апасацца рахункаў за электрычнасць». Сярод рэкамендацый — мыццё бялізны ў халоднай вадзе, выключэнне вады пры намыльванні ў душы і максімальнае выкарыстанне сонечнага святла, каб не ўключаць лямпачкі. Для эканоміі электрычнасці эстонцам раяць трымаць халадзільнік і маразільную камеру поўнымі, бо чым больш прадуктаў у іх, тым «менш ім даводзіцца працаваць для таго, каб падтрымліваць зададзеную тэмпературу».

Уключаць гэтыя прыборы рэкамендуюць толькі пры іх поўнай загрузцы, а чайнік кіпяціць з такой колькасцю вады, колькі неабходна. «Калі вы будзеце кіпяціць поўны чайнік, а не адну кружку вады, спажыванне ўзрасце ў чатыры разы», — адзначаецца ў рэкамендацыях.

Эстонцам раяць не пакідаць электрапрыборы ў «спячым рэжыме», а выключаць з разеткі, выкарыстоўваць LED-лямпачкі і лямпы з датчыкамі руху. Традыцыйная рэкамендацыя — прымаць душ замест ванны, дзе можна яшчэ больш скараціць спажыванне, выключаючы ваду падчас намыльвання. Вядома ж, гэтыя меры сітуацыі не выправяць і хутчэй выглядаюць як насмешка.

На мяжы сацыяльнай катастрофы

Што ж робяць эстонскія ўлады? Яны вырашылі яшчэ глыбей залезці ў кішэні сем'яў, прадпрыемстваў і пенсіянераў, пры гэтым не справіўшыся са скарачэннем кіраўніцкіх выдаткаў у неабходным аб'ёме. Аб гэтым заявіў старшыня фракцыі Цэнтрысцкай партыі Рыйгікогу Лаўры Лаатс, паведаміла тэлерадыёкампанія ERR. «Партыя рэформаў, Eestі 200 і сацыял-дэмакраты дзякуючы павышэнню падаткаў маюць намер сабраць з людзей яшчэ мільярд еўра, у той жа час скараціць урадавыя выдаткі на тую ж суму кааліцыя не здолела. З людзей збіраюць грошы з задавальненнем, аднак на асабістым дабрабыце члены кааліцыі эканоміць не жадаюць. Эстонія становіцца краінай з найвышэйшымі спажывецкімі падаткамі ў ЕС, што мацней за ўсё ўдарыць па найменш забяспечаных групах насельніцтва. 

Гэта непазбежна прывядзе да сітуацыі, калі людзі з катэгорыі тых, хто пражывае ў адноснай беднасці, будуць трапляць у катэгорыю тых, хто пражывае ў абсалютнай беднасці, што, у сваю чаргу, спародзіць цэлы шэраг іншых праблем», — адзначыў Лаатс.

Па меркаванні дэпутата, да абяцання прэм'ер-міністра скончыць падатковы фестываль трэба ставіцца з вялікай асцярожнасцю: «Я не веру ў гэтыя абяцанні. У 2009 годзе тагачасны прэм'ер-міністр і настаўнік цяперашняга ўрада Андрус Ансіп абяцаў павысіць падатак з абароту толькі часова. І, сапраўды, уведзенае тады павышэнне перастала дзейнічаць у пачатку гэтага года, калі ўрад рэфармістаў вырашыў зноў павысіць яго — спачатку да 22 працэнтаў, а з 2025-га — да 24 працэнтаў».

Таксама, адзначае Лаатс, эканоміка Эстоніі падае дзесяць кварталаў запар, а павышэнне падаткаў — менавіта на гэтым засяроджаны, паводле яго ацэнкі, дзяржбюджэт на 2025 год — ніяк не спрыяе эканамічнаму росту. «Банк Эстоніі і шэраг камерцыйных банкаў перагледзелі свае прагнозы эканамічнага росту ў бок паніжэння. Таксама Банк Эстоніі ўказаў, што ў наступным годзе паскорыцца інфляцыя і вырасце колькасць беспрацоўных. На фоне ўсяго гэтага рашэнне адмяніць дапамогу па беспрацоўі і выплачваць сацыяльныя дапамогі ў залежнасці ад патрэб пагражае абярнуцца сацыяльнай катастрофай», — адзначыў Лаатс.

Старшыня фракцыі цэнтрыстаў падкрэсліў, што ў Эстоніі ў адноснай і абсалютнай беднасці пражываюць у агульнай складанасці 350 тысяч чалавек, і, на жаль, ужо прынятыя і запланаваныя ўрадам рашэнні прывядуць да далейшага росту гэтага паказчыка. «Падаходны падатак і падатак з абароту вырастуць яшчэ на два працэнты, прадпрыемствы і пенсіянеры пачнуць плаціць падаходны падатак, жанчыны, якія сядзяць дома з дзецьмі, застануцца без медыцынскага страхавання, будзе ўстаноўлена мяжа для бацькоўскай зарплаты, павысяцца многія акцызы і штрафы. У выніку даходы людзей скароцяцца, што прывядзе да яшчэ большай нестабільнасці ў грамадстве», — падкрэсліў Лаатс.

Ворагі народа

Вядучы аналітык Дэпартамента статыстыкі Эстоніі Эп Рэмельг растлумачыла, што ў грамадстве адчувальна ўзрос узровень дэпрывацыі (пачуццё незадаволенасці сваімі даходамі, адчуванне, што чалавек ці сям'я не могуць дазволіць сабе многія выгоды). Паводле даследавання, праведзенага па замове Міністэрства сацыяльных спраў, сёлета каля 105 тысяч жыхароў Эстоніі адчувалі сябе абдзеленымі. Гэта на 1,5 працэнта больш, чым у мінулым годзе.

Кожная чацвёртая (25,3 працэнта) сям'я з адным з бацькоў і прыкладна кожны восьмы (12,8 працэнта) чалавек ва ўзросце 65 гадоў і старэй адчувалі дэпрывацыю. Адпаведнае ўспрыманне вырасла на траціну (34 працэнты) у сем'ях з адным з бацькоў, у тых, якія маюць як мінімум трох і больш дзяцей, а таксама сярод пажылых пар.

Матэрыяльнае становішча многіх адзінокіх пенсіянераў і няпоўных сем'яў застаецца цяжкім. «Цяпер у адноснай беднасці жыве большасць нашых адзінокіх пенсіянераў — 71 працэнт», — адзначыла Эп Рэмельг. Па гэтым паказчыку Эстонія займае першае месца ў Еўропе.

Тым часам адбываецца проста шалёная па тэмпах мілітарызацыя прыбалтыйскай краіны. Як адзначыў генеральны дырэктар эстонскага цэнтра абаронных інвестыцый Магнус-Вальдэмар Саар, Эстонія за апошнія 

18 месяцаў патраціла на абарону больш, чым за папярэднія 30 гадоў. Цяпер рэспубліка выдзяляе каля 3,4 працэнта ВУП, мяркуецца давесці гэты паказчык да 4 %. Эстонія мае намер патраціць на абарону рэкордную для краіны суму. Па словах прэм'ер-міністра прыбалтыйскай рэспублікі Крыстэн Міхал, запланаваны агульны аб'ём ваеннага сектара ў 2025—2028 гадах складае 6,35 мільярда еўра. Таксама 1,6 млрд еўра будзе выдаткавана на закупку боепрыпасаў. Прэм'ер Эстоніі адзначыў, што па адносным паказчыку абаронных расходаў краіна выходзіць на другое месца ў НАТА, саступаючы першае месца Польшчы і апярэджваючы ЗША, якія займаюць трэцяе месца.

  • Нездарма, як вынікае з апытання Norstat, абсалютная большасць (звыш 70 працэнтаў) жыхароў Эстоніі бачаць у сваіх уладах «ворагаў народа, якія яго вымотваюць». А што ім яшчэ застаецца?..

Даслоўна

«Плацяць звычайныя грамадзяне»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на пасяджэнні VІІ Усебеларускага народнага сходу раней дакладна выказаўся аб тым, да чаго прывяла варожасць прыбалтыйскіх дзяржаў адносна ўсходніх суседзяў.

«Ці многія з нашых суседзяў сталі сёння мацнейшымі? Напрыклад, прыбалтыйскія рэспублікі, якія так імкнуліся да сваёй незалежнасці. Ці атрымалася стаць раўнапраўнымі ўдзельнікамі сусветнага палітычнага працэсу? На што яны сёння ўвогуле ўплываюць? Страцілі ўсё, чым ганарыўся ўвесь Савецкі Саюз, — парты, рыбалоўны флот, прамысловасць, энергетычную бяспеку, транзіт, турыстычныя магчымасці. І цяпер коцяцца ўніз. Нават нягледзячы на шчодрыя ўліванні Бруселя. Вельмі дорага абыходзіцца барацьба з Беларуссю і Расіяй, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У мінулым годзе ВУП Літвы і Латвіі знізіўся амаль на 1 %, Эстоніі — на цэлых 3,5 %». Прэзідэнт канстатаваў, што палітыкаў у гэтых краінах сітуацыя не надта клапоціць: «Плацяць звычайныя грамадзяне. Гэта іх прыбыткі і заробкі падаюць, а цэны і падаткі растуць».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.