Вы тут

Праграму якаснага харчавання распрацавалі ў Гродзенскім аграрным універсітэце


Амаль 40 гадоў прысвяціў гэтай тэме доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Аляксандр Аўтка. У яго багажы — некалькі дзясяткаў кніг, у якіх расказваецца, што аснову правільнага рацыёну складае агародніна. Свае напрацоўкі заслужаны дзеяч навукі Беларусі адлюстраваў у панарамным стэндзе, які папулярна інфармуе аб каштоўнасці кожнага віду агародніны, іх уплыве на арганізм, наяўнасці нітратаў, спосабаў іх нейтралізацыі. Увогуле, аб усім тым, што садзейнічае правільным харчовым звычкам і здароваму ладу жыцця.


Мы сустрэліся з прафесарам якраз перад яго ад’ездам у Мінск на ўрачыстасць, прысвечаную Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, дзе знакамітага навукоўца, двойчы лаўрэата прэміі НАН Беларусі, члена міжнародных акадэмій чакала чарговае ўшанаванне — занясенне на Дошку гонару галіновага міністэрства. Зразумела, што словы такога аўтарытэтнага знаўцы нават у асабістым плане ўспрымаліся як кіраўніцтва да новага светапогляду на праблему харчавання. А перагледзець свае пазіцыі яшчэ як варта, асабліва ў святле новых ведаў. Як аказалася, «несвядомых» спажыўцоў, падобных журналісту «Звязды», даволі шмат.

— У нас досыць паспяхова развіваецца агародніцтва, ствараюцца новыя тэхналогіі, тэхнічныя прылады. Вытворчасць «раскручваецца», вырошчваецца да шасці дзясяткаў відаў культур, а вось харчаванне затрымліваецца. Насельніцтва не задумваецца пра важнасць спажывання агародніны. Таму цяпер я сваю задачу бачу ў тым, каб як мага больш папулярызаваць нашы сельскагаспадарчыя культуры, у першую чаргу сярод моладзі, — такімі словамі пачаў наш дыялог Аляксандр Аўтка.

Прафесар звяртае ўвагу на такі аспект, як сучаснае харчаванне. Моладзь у сваёй большасці аддае перавагу фаст-фудам, якія шырока рэкламуюцца. А між тым іх кошт значна вышэйшы ў адрозненні ад айчыннай агародніны. Таму цяпер варта мяняць менавіта ідэалогію спажывання і ў гэтым кірунку выхоўваць маладое пакаленне. 

Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, менавіта ад харчавання залежыць 80 % здароўя чалавека. А краіна павінна быць зацікаўлена ў выхаванні здаровай нацыі.

— Мы распрацавалі такую панараму, якая наглядна дэманструе ўсе аспекты ўжывання садавіны і агародніны. Часткова гэта выкарыстоўваецца ў гродзенскіх школах, у аграрным універсітэце. Нядаўна мы зрабілі такую прэзентацыю для выкладчыкаў нашай навучальнай установы, цяпер рыхтуемся правесці яе ў школах, — тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч.

Мы падыходзім да маштабнай панарамы, што размешчана ў холе Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Яна складаецца з шэрагу раздзелаў, якія аб’яднаны агульнай сістэмай здаровага рацыёну на аснове агародніны. Інфармацыя пададзена ў даступнай і нагляднай форме. Суразмоўнік звяртае ўвагу на лекавыя якасці агародніны. Напрыклад, хто ведае, што яна садзейнічае засвойванню іншых прадуктаў харчавання дзякуючы высокаму ўтрыманню прыроднай структурыраванай вадкасці?

— Кожная культура карысная па-свойму. Высокія антыбактэрыяльныя якасці маюць часнок, цыбуля, хрэн, бурак, пятрушка, пастэрнак, чорная рэдзька. Вельмі карысны дайкон, які спрыяе вываду цяжкіх металаў з арганізма. Хачу адзначыць асобныя якасці квашанай капусты, гэты прадукт як ніякі іншы, зніжае ўзровень халестэрыну. Карысныя цукаты з морквы, гарбуза, бурака. Яны падтрымліваюць у норме гемаглабін, стымулююць імунную сістэму, запускаюць працэс амаладжэння і рэгенерацыі. Вялікае ўтрыманне клятчаткі садзейнічае наладжванню страўнікавых працэсаў, пазбаўляе ад шлакаў. Карысныя сокі з агародніны, якія можна ўжываць штодзённа альбо курсамі. Увогуле рэкамендуецца за суткі з’есці 400-500 грамаў агародніны, — канстатуе суразмоўнік.

Што яшчэ важна. Напрыклад, для таго каб ежа засвойвалася, павінен быць добры эмацыянальны стан. Калі чалавек агрэсіўны, злы, у стрэсавым стане, мозг не дае каманды на якаснае спажыванне, і арганізм не атрымлівае патрэбнай колькасці карысных рэчываў. Пры гэтым есці трэба моўчкі. Таксама не трэба забываць аб вельмі доўгім перажоўванні ежы. Кажуць: хто доўга жуе, той доўга жыве. Варта памятаць, што ежа не павінна быць занадта гарачай, а толькі цёплай. Пасля яды не варта спажываць многа вадкасці, бо ў страўніку выпрацоўваюцца ферменты, а вадкасць змывае ўсё гэта, працэс зацягваецца, і тады ежа не такая карысная.

Па меры знаёмства з панарамным стэндам прыходзіць разуменне, наколькі важна ўсвядоміць гэту інфармацыю. Хіба многія з нас надаюць значэнне эмацыянальнаму стану падчас прыёму ежы? Наадварот, некаторыя прывыклі менавіта «заядаць» стрэс. Аказваецца, такі падыход толькі шкодзіць арганізму. А звыклая фраза пра неабходнасць захоўвання кіслотна-шчолачнага балансу ці гаворыць нам аб чым-небудзь?

А між тым гэты самы баланс — аснова харчавання. Ёсць навуковая тэорыя, што ў шчолачным асяроддзі не развіваюцца шкодныя клеткі, у тым ліку ракавыя. Менавіта агародніна і стварае шчолачнае асяроддзе, таму яе ўжыванне неабходна для здароўя.

Канон харчавання такі: сняданак 30 % агульнага аб’ёму ежы ў дзень, абед — 45 % і вячэра — 25 %. Інтэрвал паміж прыёмамі — чатыры гадзіны. Перакусамі лепш не злоўжываць, бо арганізму таксама трэба адпачываць. Неабходна ведаць і аб сумяшчальных і несумяшчальных прадуктах. Напрыклад, бялкі і вугляводы нельга ўжываць разам, а толькі з агароднінай.

Ёсць на панарамным стэндзе і раздзел, які прысвечаны нітратам.

— У свой час мне прыйшлося вызначыць утрыманне нітратаў у кожным відзе агародніны. Гэта таксама важна ведаць пры спажыванні, — расказвае суразмоўнік. — Напрыклад, у таматах іх няшмат, а вось у агурочнай скурцы 150 міліграмаў, мякаці — 38. Значыць, варта агурочную скурку зразаць, як і кончык. У морквы чым менш асяродак, тым яна карысней. У кабачка таксама трэба чысціць скурку. Варта ведаць, як прымяняць агародніну. Напрыклад, квашаная, салёная і кансерваваная зніжае ўтрыманне нітратаў на 60 %. Нітраты зніжаюцца пры мыцці, ачыстцы і варцы. Разам з тым варта рабіць акцэнт на спажыванне сырой агародніны.

У сувязі з гэтым Аляксандр Аўтка заўважае, што сёння ўдзяляецца ўвага экалагічнаму земляробству, у ходзе якога часткова зніжаецца прымяненне пестыцыдаў. Напрацоўкі ўвайшлі ў новую кнігу «Аб здаровай глебе». Кажа, што спецыялісты-аграрнікі ўжо называюць яе «бібліяй агранома».

На чарзе — новае выданне важкага тома «Агародніна — крыніца здароўя і даўгалецця». Пакуль выйшаў першы экзэмпляр. У найбліжэйшы час адбудзецца яго прэзентацыя ў Гродзенскім аграрным універсітэце. На думку Аляксандра Аўткі, асветніцкую дзейнасць у плане здаровага харчавання трэба пачынаць са школы. Першай установай, дзе з’явяцца адпаведныя інфармацыйныя стэнды, стане сталовая СШ № 42 горада Гродна. Серыя плакатаў, якая распрацавана прафесарам, выканана ў яркай каляровай гаме, дзе да кожнага віду агародніны ёсць свой афарызм.

У перспектыве арганізатары праекта плануюць праводзіць трэнінгі сярод педагогаў, каб тыя ў даступнай форме расказвалі дзецям аб карысці агародніны. Гэта дапаможа сфарміраваць здаровыя харчовыя звычкі маладога пакалення.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу, што зусім хутка беларускаму народу трэба будзе чарговы лёсавызначальны выбар.

Эканоміка

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.