У гарадскім пасёлку Шуміліна прайшло пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі на тэму «Аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Віцебскай вобласці» па выніках адзінага дня прыёму грамадзян сенатарамі ў паўночным рэгіёне.
Як адзначыў у сваім дакладзе загадчык аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і ўнутраным кантролі Сакратарыята Савета Рэспублікі Максім Шэко, сёлета ад жыхароў Віцебскай вобласці ў Савет Рэспублікі з пачатку года паступіла 565 зваротаў, што амаль на 19 працэнтаў менш, чым у 2022 годзе. «З 2023 года назіраецца тэндэнцыя росту колькасці зваротаў ад Віцебскага рэгіёна: у Савет Рэспублікі — на 4 працэнты, выканкамы — амаль на 10 працэнтаў, а ў аблвыканкам — на 21 працэнт», — сказаў Максім Шэко.
Ён падкрэсліў, што ад жыхароў паўночнага рэгіёна паступалі звароты ў асноўным па тых жа пытаннях, што і ў іншых абласцях краіны. Найбольшая колькасць з іх датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта, напрыклад, факты залівання жылога памяшкання, няправільнага налічэння платы за водазабеспячэнне. Вырашыць асобныя сітуацыі членам Савета Рэспублікі ўдаецца, забяспечыўшы ўзаемадзеянне рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржкіравання.
За апошнія два гады на Віцебшчыне на 30 працэнтаў вырасла колькасць калектыўных зваротаў у Савет Рэспублікі. Акрамя таго, амаль кожны пяты з агульнай колькасці зваротаў — паўторны. Наталля Качанава катэгарычна адзначыла, што такога быць не павінна, і ў гэтым пытанні трэба працаваць на апераджэнне.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Дзмітрый Дзямідаў расказаў, што ў вобласці дэпутатам усіх узроўняў з пачатку года паступіла больш за 9 тысяч зваротаў, звыш 90 працэнтаў з іх разгледжана і па іх прыняты станоўчыя рашэнні. Па астатніх пытаннях дадзены тлумачэнні, асобныя ўзятыя на кантроль. «Сённяшняе пасяджэнне паказвае, наколькі важная і значная гэтая праца. Звароты грамадзян служаць для нас адпраўным пунктам у фарміраванні планаў па развіцці сацыяльнай сферы, правядзенні работ у сферы ЖКГ, дарожнага забеспячэння, транспартнага абслугоўвання. Любая сфера дзейнасці падсілкоўваецца той інфармацыяй, якую мы атрымліваем ад насельніцтва», — падкрэсліў Дзмітрый Уладзіміравіч.
З дакладам аб выніках работы са зваротамі грамадзян выступіў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў ДУРНОЎ. Так, на пачатак кастрычніка 2024 года ў Віцебскай вобласці пасля правядзення капітальнага рамонту жылых дамоў уведзена ў эксплуатацыю больш за 300 тысяч квадратных метраў. Заменена 38 ліфтаў, праведзены бягучы рамонт дахаў на 143 тысячах квадратных метраў. З мэтай забеспячэння жыхароў рэгіёна якаснай пітной вадой у вобласці запланавана будаўніцтва 41 станцыі абезжалезвання, ужо ўведзена ў эксплуатацыю 27 станцый.
На пастаянным кантролі мясцовых органаў улады знаходзяцца пытанні якасці гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва. У рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 309 Віцебскаму аблспажыўтаварыству далі крэдыт у памеры 4,1 мільёна рублёў для разліку з беларускімі вытворцамі, набыты 33 сучасныя аўтакрамы. У сферы архітэктуры і будаўніцтва адзначаецца актыўнасць грамадзян у абмеркаванні планаў горадабудаўніцтва, усе звароты па гэтым пытанні ўлічваюцца пры правядзенні грамадскіх абмеркаванняў.
«Важнай тэмай для насельніцтва з’яўляецца работа сістэмы аховы здароўя. Так, за апошнія тры гады павялічаны набор навучэнцаў у медыцынскія каледжы, штогод заключаюцца дагаворы на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў. У Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адкрыты педыятрычны факультэт і адноўлены набор беларускіх студэнтаў на стаматалагічны факультэт на бюджэтнай аснове.
З мэтай замацавання медыцынскіх кадраў ва ўстановах аховы здароўя для ўсіх, хто мае патрэбу, дадзены месцы ў інтэрнатах і арэнднае жыллё. Арганізаваны выезды супрацоўнікаў гарадскіх і абласных устаноў аховы здароўя, клінічных кафедраў ВДМУ ў рэгіёны. У сельскай мясцовасці актыўна развіваецца мабільная медыцына, павысілася даступнасць аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ў сувязі з прамой дастаўкай пацыентаў па паказаннях у міжраённыя цэнтры.
У 2024 годзе ідзе ўстаноўка двух новых магнітна-рэзанансных тамографаў, у 2025 годзе запланавана ўстанавіць яшчэ тры апараты МРТ. Ажыццяўляецца дыстанцыйнае кансультаванне», — расказаў Вячаслаў Дурноў.
Праблемныя моманты ў рабоце са зваротамі грамадзян ёсць у Аршанскім раёне. «У Аршанскі райвыканкам за дзесяць месяцаў бягучага года паступіла 1628 зваротаў, у Аршанскі раённы Савет дэпутатаў — 104 звароты. З вышэйстаячых арганізацый паступіў 131 зварот, у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года рост склаў 52 працэнты. За бягучы перыяд адзначаецца зніжэнне колькасці калектыўных зваротаў на 10 працэнтаў, аднак павялічваецца колькасць паўторных зваротаў. Іх змест паказвае, што пераважна гэта не пытанні глабальнага характару, якія патрабуюць вялікіх фінансавых затрат, а лакальныя праблемы, што павінны быць вырашаны ў кароткія тэрміны. Улічваючы, што большасць пытанняў паступае па рабоце ЖКГ і стане дарог, Аршанскім райвыканкамам прыняты адпаведныя меры: назначана новае кіраўніцтва КУП „Оршакамгас“ і Аршанскай спецаўтабазы», — расказала старшыня Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Іна Хамутоўская, падкрэсліўшы, што дэпутацкі корпус раёна выпрацоўвае новыя формы і метады работы з насельніцтвам.
Падводзячы вынікі пашыранага пасяджэння Прэзідыума, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што Віцебскую вобласць можна вывесці ў лідары, калі працаваць эфектыўна і супольна. Яна яшчэ раз напомніла ўдзельнікам пасяджэння, што ў рабоце не павінна быць фармалізму. «Тое, як кіраўнік працуе з людзьмі і як людзі ўспрымаюць яго працу, адбіваецца на іміджы ўсёй улады нашай краіны. На гэтым Прэзідэнт акцэнтаваў асаблівую ўвагу. Работа з насельніцтвам была і заўсёды будзе актуальнай, таму што палітыка, якая праводзіцца ў краіне, накіравана на паляпшэнне дабрабыту нашых грамадзян. Недапушчальна, калі кіраўніцтва выканаўчых камітэтаў і адказных служб можа адказваць па-хамску. Кожны з вас павінен быць псіхолагам, праяўляць павагу і быць тактычным у зносінах з кожным чалавекам, які звярнуўся па дапамогу. Недарэмна Прэзідэнт гаварыў, што часам чалавеку патрэбна не фізічная дапамога, а быць пачутым. Памятайце, што людзей нельга адштурхоўваць. Не ў вашай кампетэнцыі вырашыць праблему — звярніцеся да нас. Калі зварот правамерны, мы акажам дапамогу агульнымі сіламі», — адзначыла спікер.
Па словах Наталлі Качанавай, апошнім часам вакол Беларусі складваецца няпростая абстаноўка. «Усё, што накіравана супраць нашай краіны, — і санкцыйны ціск, і гібрыдная вайна, — гэта ў поўнай меры не сціхла. Гэта не сышло кудысьці», — сказала яна. Менавіта таму народу варта згуртавацца і разам вырашаць пытанні і праблемы, якія ўзнікаюць.
Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што ўзаемадзеянне павінна быць наладжана на ўсіх узроўнях улады і паміж міністэрствамі, ведамствамі. Наталля Іванаўна расказала, як важна, каб моладзь і кваліфікаваныя спецыялісты заставаліся ў рэгіёнах. І для гэтага неабходна стварыць спрыяльныя ўмовы. Таксама варта выкарыстоўваць і існы патэнцыял кожнага рэгіёна. Спікер падкрэсліла, што любыя пытанні і праблемы можна вырашыць разам, прыцягваючы насельніцтва, прадпрыемствы, бізнес, каб палепшыць жыццё ў рэгіёне, і пры гэтым важна захаваць мір у краіне. «Тут трэба працаваць эфектыўна. Трэба працаваць так, каб усе задачы, якія перад намі пастаўлены, былі выкананы. Калі гэта праваахоўнікі, то трэба не дапусціць парушэння правапарадку, таму што брэнд нашай краіны — гэта спакой», — заключыла Наталля Качанава.
У гэты дзень Старшыня Савета Рэспублікі і кіраўніцтва Віцебскай вобласці ўзялі ўдзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця аддзялення сястрынскага догляду Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Аддзяленне сястрынскага догляду з’явілася замест двух іншых аддзяленняў, дзе пасля рамонту ЦРБ вызваліліся памяшканні. Цяпер тут аказваюць дапамогу адзінока пражываючым і пажылым грамадзянам, якія часткова або цалкам страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння, маюць вялікую колькасць захворванняў. Аддзяленне сястрынскага догляду размяшчаецца ў корпусе кругласутачнага стацыянара, побач знаходзіцца аддзяленне, дзе пастаяльцам па неабходнасці можна хутка, якасна і кваліфікавана аказаць медыцынскую дапамогу.
«Аддзяленне разлічана на 32 месцы, цяпер тут размяшчаюцца 20 пацыентаў. Самаму старэйшаму пастаяльцу 88 гадоў. Да гэтага ў раёне былі дзве бальніцы сястрынскага догляду ў Обалі і Нікалаеве. Цяпер для пацыентаў створаны камфортныя ўмовы знаходжання ў ЦРБ. За апошнія тры гады ў нашай бальніцы ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база. У 2021 годзе цалкам адрамантавана цэнтральная раённая паліклініка. Рамонтныя работы закранулі тэрапеўтычнае, рэанімацыйнае, аддзяленне неўралогіі, установа папоўнілася новым абсталяваннем. У планах на 2025 год у нас рамонт педыятрычнага аддзялення», — паведаміла галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч.
Ганаровыя госці азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай новага аддзялення, а таксама паразмаўлялі з яго пажылымі пастаяльцамі. Многія з тых пажылых грамадзян, з якімі сустрэлася Наталля Качанава, дзякавалі дзяржаве за магчымасць правесці старасць у камфорце і кваліфікаваным доглядзе. Таксама Старшыня Савета Рэспублікі правяла сустрэчу з калектывам аддзялення сястрынскага догляду, падчас якой прысутныя задавалі пытанні. Так, адна работніца папрасіла разгледзець на заканадаўчым узроўні магчымасць адтэрміноўкі ад службы ў арміі для маладых спецыялістаў-медыкаў. «У нашым калектыве, на шчасце, даволі шмат маладых спецыялістаў. Аднак некалькі разоў мы сутыкнуліся з праблемай, калі нашы хлопцы прыходзяць на работу пасля заканчэння медкаледжа, паступаюць ва ўніверсітэт для атрымання медыцынскай вышэйшай адукацыі — і іх выклікаюць для праходжання службы па ўзросце. Я лічу, што, безумоўна, кожны малады чалавек павінен аддаць доўг Радзіме, але, калі ласка, можна зрабіць гэта пасля атрымання вышэйшай адукацыі?» — спытала жанчына. Наталля Іванаўна паабяцала разгледзець пытанне і падкрэсліла, што такі высокі паказчык замацавання маладых спецыялістаў у ЦРБ дарагога варты. Гэта значыць, што кіраўніцтва раёна стварае камфортныя ўмовы для таго, каб жыць і будаваць сем’і ў сельскай мясцовасці.
Напрыканцы сустрэчы Старшыня Савета Рэспублікі ўручыла кіраўніку Шумілінскай ЦРБ сертыфікат на стаматалагічную ўстаноўку з мэтай павышэння якасці паслуг насельніцтву.
Фінальным пунктам рабочага візіту кіраўніцтва і членаў Савета Рэспублікі ў Шуміліна стала наведванне мемарыяла на брацкіх могілках у цэнтры гарадскога пасёлка. Удзельнікі мерапрыемства хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў-вызваліцеляў і ўсклалі кветкі да Вечнага агню.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота БелТА
г. п. Шуміліна
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.